Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падсанкцыйную беларускую драўніну кантрабандай увозяць у Вялікую Брытанію, — The Guardian


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну стала незаконным імпартаваць расейскую і беларускую фанэру і драўняныя вырабы зь Беларусі і Расеі ў Вялікую Брытанію і іншыя эўрапейскія краіны з прычыны санкцыяў.

Падсанкцыйную драўніну зь Беларусі і Расеі кантрабандай увозяць у Вялікую Брытанію, паведамляе брытанскае выданьне The Guardian са спасылкай на вынікі дасьледаваньня міжнароднай некамэрцыйнай арганізацыі World Forest ID.

World Forest ID была створаная ў 2017 годзе, каб забясьпечыць празрыстасьць у глябальных ланцужках паставак лясной прадукцыі. Арганізацыя зьбірае геаграфічна прывязаныя ўзоры драўніны з усяго сьвету, праводзіць іх хімічны, генэтычны аналіз, ствараючы ўнікальныя маркеры для кожнай драўніны і рэгіёну вырастаньня, якія пасьля дапамагаюць вызначыць паходжаньне прадукцыі, якую прадаюць.

Паводле The Guardian, экспэрты World Forest ID устанавілі, што 46% узораў прадукцыі зь бярозы, маркіраванай як прадукцыя з Украіны, Польшчы, Эстоніі і Латвіі, не паходзяць з гэтых краін. На падставе аналізу яны прыйшлі да высновы, што адзінымі верагоднымі краінамі паходжаньня зьяўляюцца Беларусь і Расея.

Узоры драўніны дасьледнікам падалі канфідэнцыйна, таму назвы кампаній, якія патэнцыйна пастаўляюць у Вялікую Брытанію падсанкцыйную прадукцыю, яны ня ведаюць.

The Guardian адзначае, што пасьля нападу Расеі на Ўкраіну ў 2022 годзе экспарт расейскай бярозы ў эўрапейскія краіны, у тым ліку Вялікую Брытанію, рэзка скараціўся, але значна павялічыліся пастаўкі зь іншых краін, уключаючы Казахстан і Турэччыну.

Выданьне спасылаецца на статыстычныя зьвесткі ААН па гандлі, паводле якіх, напрыклад, Казахстан павялічыў экспарт фанэры з 600 тон у 2021 годзе да 25600 тон у 2022-м.

Мэдыя таксама спасылаецца на расьсьледаваньне экалягічнай арганізацыі Earthsight, якая пацьвярджае вывад World Forest ID — беларуская фанера паступае ў Эўразьвяз і Вялікую Брытанію.

Раней выданьне Earthsight правяло расьсьледаваньне і прыйшло да высновы, што з 2022 году ў Эўразьвяз у абыход санкцыяў трапіла фанэра зь Беларусі і Расеі на 1,5 млрд эўра. Аўтары расьсьледаваньня сьцьвярджалі, што з расейскай і беларускай фанэры ў Эўропе вырабляюць мэблю, паркет, спартовы інвэнтар і цацкі.

Паводле расьсьледаваньня, фанэру зь Беларусі і Расеі афармляюць як прадукцыю, вырабленую ў іншых краінах, напрыклад, у Кітаі, Казахстане, Грузіі і Турэччыне, пасьля чаго адпраўляецца на эўрапейскі рынак. Найбуйнейшымі імпартэрамі выступаюць Польшча, Эстонія, Нямеччына, Грэцыя, Італія, Гішпанія і Партугалія. Штодзень, сьцьвярджаюць расьсьледнікі, у ЭЗ увозяць 22 кантэйнэры з падсанкцыйным таварам.

  • 2 сакавіка 2022 году Эўразьвязу ў рамках чарговага пакету санкцыяў супраць афіцыйнага Менску ўвёў забарону на экспарт прадукцыі дрэваапрацоўкі, у тым ліку піламатэрыялаў, брыкетаў, паліўных гранул, фанэры і драўняных пліт зь Беларусі.
  • 8 сакавіка 2022 году Міжнародная рада дырэктараў FSC (міжнародная арганізацыя, якая адказвае за выкананьне стандартаў у кіраваньні лясамі і лесапрадукцыяй), прыняла рашэньне прыпыніць сэртыфікацыю экспарту прадукцыі дрэваапрацоўкі і лясной гаспадаркі Беларусі і Расеі з прычыны агрэсіі супраць Украіны.
  • Міністэрства лясной гаспадаркі завяршыла 2024 год, «практычна цалкам акрыяўшы ад санкцыяў», заявіў 2 студзеня 2025 намесьнік кіраўніка міністэрства Ўладзімер Крэч. Чыноўнік паведаміў, што па асобных напрамках «значна павялічылі і аб’ёмы, і якасныя паказчыкі, і фінансавыя», прывёўшы іх да дасанкцыйнага ўзроўню.
  • Пра рэкордны экспарт піламатэрыялаў (1 млн кубамэтраў) у 2024 годзе заявіў 29 сьнежня кіраўнік Мінлясгасу Аляксандар Кулік. Ён не ўдакладніў, у якія краіны пастаўляюць беларускія піламатэрыялы.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG