Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў сваёй праграмнай прамове ў Сэйме пракамэнтаваў становішча ў Беларусі. Ён падкрэсьліў, што Польшча па-ранейшаму верыць у магчымасьць дэмакратычных зьменаў у Беларусі, але пры гэтым застаецца рэалістам у ацэнцы цяперашніх уладаў.
«Мы не губляем надзеі, калі гаворка ідзе пра лёс Беларусі, хоць, вядома, мы не наіўныя. Мы рэалістычна ацэньваем праўленьне Аляксандра Лукашэнкі, які паставіў сваю краіну ў залежнасьць ад Крамля», — сказаў міністар, яго цытуе Польскае радыё.
Сікорскі нагадаў, што беларускае грамадзтва, у тым ліку каля тысячы чалавек польскага паходжаньня, заслугоўваюць свабоды і будучыні, заснаванай на дэмакратычных каштоўнасьцях.
«Мы патрабуем вызваленьня палітвязьняў, у тым ліку Анджэя Пачобута», — падкрэсьліў ён.
Кіраўнік МЗС заявіў, што Польшча імкнецца да таго, каб «пытаньні падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці займалі важнае месца ў парадку дня Эўразьвязу».
«Месца беларусаў — у аб’яднанай Эўропе», — заявіў Сікорскі.
Міністар таксама расказаў пра ролю польскіх замежных СМІ ў прадастаўленьні дакладнай інфармацыі ў рэгіёне. Ён мяркуе, што мэдыяцэнтар для замежжа, які аб’ядноўвае рэдакцыі тэлеканалаў «Белсат», «Вот так», «Slawa» і «TVP World», прадстаўляе польскі пункт гледжаньня і «замяняе расейскую прапаганду аб’ектыўнай інфармацыяй».
Польшча хоча заахвоціць партнэраў з ЭЗ павялічыць падтрымку гэтых СМІ і пашырыць сфэру іх дзейнасьці.
У канцы выступу міністар расказаў дэпутатам аб ходзе дыпляматычнай дзейнасьці і паведаміў, што завяршаецца будаўніцтва новай амбасады ў Менску.
Форум