Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фонды Сораса адказалі на абвінавачаньні беларускай прапаганды


Джордж Сорас
Джордж Сорас

Прэсавы прадстаўнік фондаў «Адкрытае грамадзтва», заснаваных амэрыканскім фінансістам Джорджам Сорасам, пракамэнтаваў для Радыё Свабода абвінавачаньні, якія прагучалі на мінулым тыдні ў фільме «Забіць прэзыдэнта» на тэлеканале АНТ.

У якасьці экспэрта ў фільме выступаў прафэсар Акадэміі кіраваньня, былы супрацоўнік КДБ і экс-намесьнік дзяржсакратара Рады бясьпекі Беларусі Станіслаў Князеў, які расказаў пра дэталі нібыта плянаванага дзяржаўнага перавароту ў Беларусі. Паводле Князева, «фонд Сораса» выдаткаваў 500 млн даляраў на падрыхтоўку перавароту.

«Цьверджаньні беларускіх дзяржаўных СМІ пра фонды «Адкрытае грамадзтва» цалкам ілжывыя, — гаворыцца ў заяве, якую атрымала Радыё Свабода. — Фонды «Адкрытае грамадзтва» падтрымліваюць права ўсіх людзей мець голас ва ўрадах, якія ім служаць. Аўтарытарныя ўлады часта абвінавачваюць нашыя фонды, каб адцягнуць увагу ад спосабаў, якімі яны падводзяць сваіх людзей».

Пра што яшчэ казалі ў фільме

  • пасьля няўдалага пратэсту ў ход пайшоў іншы сцэнар: фізычная ліквідацыя прэзыдэнта і кроў
  • Юрась Зянковіч — амэрыканскі юрыст беларускага паходжаньня — быў пад шчыльным каўпаком спэцслужбаў, а «дзяржпераварот» стаў рыхтаваць яшчэ ўлетку
  • нават ня надта шыфраваўся, бо быў упэўнены ў сваёй беспакаранасьці як грамадзянін ЗША
  • прыводзяцца словы з размовы з «Іванам», дзе Зянковіч кажа: «Я знайду выхад на Лэнглі» (штаб-кватэра ЦРУ)
  • мяцеж «сапраўды рыхтаваўся амэрыканскай групоўкай пад патранажам спэцслужбаў ЗША»

Што такое фонды «Адкрытае грамадзтва»

Заснаваныя амэрыканскім фінансістам Джорджам Сорасам фонды «Адкрытае грамадзтва», сярод іншага, фінансуюць грамадзкія праекты аховы здароўя, дапамогу ўцекачам, праваабарончыя арганізацыі. Фонды працуюць у некалькіх дзясятках краінаў, штогод ахвяруючы каля мільярда даляраў.

Першае замежнае аддзяленьне фонду Сораса адкрылася ў 1984 годзе ў краіне, дзе нарадзіўся будучы філянтроп, — Вугоршчыне. Пазьней дабрачынныя фонды Сораса былі створаныя больш як у 30 краінах.

У Беларусі Джордж Сорас дзейнічаў з 1993 па 1997 гады, ягоны фонд займаўся падтрымкай праектаў, зьвязаных з адукацыяй, аховай здароўя, культурай, мас-мэдыя, IT-бізнэсам. На 1997 год сума, выдаткаваная Сорасам на розныя праекты ў Беларусі, агулам складала каля 13 мільёнаў даляраў. У 1997 годзе беларускае аддзяленьне фонду Сораса абвінавацілі ва ўхіленьні ад абавязковага продажу валюты і аштрафавалі на 3 мільёны даляраў. Акрамя таго, на беларускім тэлебачаньні прагучала абвінавачаньне і ў апазыцыйнай палітычнай дзейнасьці. Выканаўчы дырэктар менскага офісу Пітэр Бэрн быў вымушаны зьехаць з краіны, і фонд спыніў дзейнасьць у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG