Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі начныя маразы і сьнег пратрымаюцца яшчэ мінімум два дні


Аднаўленчыя працы ў Магілёўскай вобласьці пасьля сьнегападу, 7 красавіка 2025 году. Афіцыйнае фота
Аднаўленчыя працы ў Магілёўскай вобласьці пасьля сьнегападу, 7 красавіка 2025 году. Афіцыйнае фота

8 красавіка абвясьцілі жоўты ўзровень небясьпекі.

У Белгідрамэце паведамілі, што сьнег, мокры сьнег і галалёд пратрымаюцца яшчэ 8 і 9 красавіка. Абвешчаны жоўты ўзровень небясьпекі.

Жоўты ўзровень небясьпекі азначае, што ў асобных раёнах краіны чакаюцца неспрыяльныя мэтэаралягічныя зьявы, звычайныя для тэрыторыі краіны, але якія могуць быць небясьпечнымі для асобных відаў сацыяльна-эканамічнай дзейнасьці.

Як адзначаецца ў паведамленьні, на 8 красавіка ў многіх раёнах прагназуюць сьнег, мокры сьнег, месцамі слабую завіруху. На асобных участках дарог захаваецца галалёд, тэмпэратура паветра ўначы −3 −9°С, пры праясьненьні да −11°С. Месцамі чакаецца ўзмацненьне ветру парывамі да 15-20 м/с.

Сьнег і мокры сьнег прагназуюць у Менску, Берасьці, Гомлі і Магілёве. У сталіцы ўдзень тэмпэратура паветра складзе ад +1 да +3°С, у Берасьці — ад +4 да +6°С, у Гомлі і Магілёве — ад −1 да +1°С.

9 красавіка сьнег і мокры сьнег прагназуюць ува ўсіх абласных цэнтрах. Уначы па краіне прагназуюць ад −2 да −10°С, месцамі да −12°С.

  • 6 красавіка складаныя ўмовы надворʼя ў Беларусі сталі прычынай зьнікненьня сьвятла ў больш як 650 паселішчах. Найбольш пацярпелі Менская і Магілёўская вобласьці.
  • У Менскай вобласьці зь вечара 5 красавіка безь сьвятла часова заставаліся больш як 230 паселішчаў. Найбольш пацярпелі Пухавіцкі і Слуцкі раёны, там лініі электраперадачы пашкоджаныя праз наліпаньне сьнегу і шквалісты вецер.
  • У Магілёўскай вобласьці перабоі з электраэнэргіяй былі на 355 трансфарматарных падстанцыях, у 128 паселішчах, на 15 малочнатаварных фэрмах і ў 5 кацельнях. У Магілёве зафіксавалі гурбы сьнегу вышынёй да 25 сантымэтраў. У Бялыніцкім, Бабруйскім, Клічаўскім, Круглянскім, Магілёўскім і Асіповіцкім раёнах паваліла дрэвы. З прычыны падзеньня дрэваў на чыгуначныя рэйкі цягнікі на маршруце Асіповічы – Магілёў ішлі з спазьненьнем да гадзіны.
  • Раней у Беларусі істотна пахаладала, сыноптыкі аб’явілі аранжавы ўзровень небясьпекі. У краіне прайшлі дажджы і сьнегапады з парывамі моцнага ветру.
  • У МНС нагадалі беларусам, што ў непагадзь лепш устрымацца ад паездак на аўтамабілі бяз крайняй патрэбы, а праходзячы паўз будынкі, на дахах якіх сабралася шмат сьнегу, трэба пільна зважаць, а лепш наагул іх абыходзіць. Таксама лепш абмежаваць выхад на вуліцу пажылых і хворых, таксама малалетніх дзяцей без суправаджэньня дарослых. Палячы ў печы, трэба выконваць правілы пажарнай бясьпекі; не карыстацца самаробнымі электранагравальнымі прыладамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG