Затрымалі траіх, якія «абразілі» мёртвага міліцыянта
Пад нэкралёгам міліцыянту трое чалавек пакінулі «абразьлівыя камэнтары». Распачатая крымінальная справа, паведамляе МУС.
Матэрыял аб сьмерці супрацоўніка магілёўскага абласнога УУС выйшаў у ведамасным друку, а пасьля зьявіўся ў інтэрнэце. Карыстальнікі пакінулі пад публікацыяй «абразьлівыя словы».
Апэратыўнікі выявілі трох аўтараў камэнтароў: 37-гадовага мянчука, 63-гадовую жанчыну са Смаргоні і 49-гадовага жыхара Віцебска.
Сьледчыя прызналі камэнтатараў падазраванымі па крымінальнай справе за «публічную абразу прадстаўніка ўлады».
Выкладчыцу музыкі затрымалі за твіт
У Менску 26-гадовую выкладчыцу музыкі затрымалі за твіт, у якім перайначаныя словы дзяржаўнага гімну Беларусі.
Міністэрства ўнутраных спраў патлумачыла, што дзяўчына «наўмысна зьмяніла тэкст, тым самым надаўшы яму экстрэмісцкую накіраванасьць».
«Доступ да запісу аказаўся свабодным, таму публікацыю маглі глядзець і распаўсюджваць карыстальнікі інтэрнэту», — аргумэнтавалі праваахоўнікі.
Як паведамляе менская міліцыя , пачатая крымінальная справа паводле артыкулу «Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў».
Санкцыя прадугледжвае грамадзкія работы, або штраф, або папраўчыя работы на тэрмін да 2 гадоў, або арышт, або абмежаваньне волі на тэрмін да 1 году.
10 і 20 дзён арышту — прысуды за зьнічы ля храма ў дзень чарнобыльскай трагедыі
Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску разгледзеў 29 красавіка праз скайп справу Лізаветы Кірыенкі і Марыі Амасовіч, якія знаходзіліся за кратамі. Іх затрымалі за лямпадкі, якія яны запалілі ля царквы ў дзень Чарнобыльскай трагедыі. Як паведамляе «Вясна», суд прызнаў іх дзеяньні несанкцыянаваным пікетаваньнем.
Справу Марыі разглядаў Уладзімер Царыкаў. Ён пастанавіў прызнаць дзяўчат вінаватымі ў парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і пакараць Лізавету Кірыенка 10 днямі адміністрацыйнага арышту (ч.1 арт. 24.23 КаАП), а Марыю Амасовіч — 20 днямі (ч.3 арт. 24.23 КаАП).