Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць былога актывіста БРСМ, які сарваў чырвона-зялёны сьцяг з будынку ГУБАЗіКа. Што ён кажа


Менск. Ілюстрацыйны здымак
Менск. Ілюстрацыйны здымак

У Цэнтральным раённым судзе Менску пачаўся працэс над Мікітам Прысталенкам, які ў лютым сарваў у цэнтры Менску два дзяржаўныя сьцягі.

Першы — з будынку Галоўнай управы МУС па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) на вуліцы Рэвалюцыйнай, другі — з будынку «Мінскграда» на Камсамольскай. Прысталенку абвінавачваюць у хуліганстве і апаганьваньні дзяржаўнага сьцяга.

Малады чалавек прызнае віну часткова. Настойвае, што «гэта было не хуліганства, а палітычны пратэст», і тлумачыць свае дзеяньні тым, што быў у стане «алькагольнага гневу». А цяпер раскайваецца.

Што адбылося

Мікіта Прысталенка стала жыве ў Віцебску. 25 лютага прыехаў у Менск да сябра Анатоля Таптунова, зь якім увечары пайшоў адпачыць. Маладыя людзі наведвалі піцейныя ўстановы на Зыбіцкай ды суседніх вуліцах. Калі прыблізна а 2 гадзіне ночы сябры дабраліся на вуліцу Рэвалюцыйную, былі ўжо добра нападпітку. Мікіта, які слаба арыентуецца ў менскіх вуліцах, згадвае, што было далей.

Будынак ГУБАЗіКа (зьлева) на вуліцы Рэвалюцыйнай, зь якога Мікіта Прысталенка сарваў сьцяг. Мяркуючы па цяперашняй вышыні сьцяга, гэта было зрабіць вельмі складана.
Будынак ГУБАЗіКа (зьлева) на вуліцы Рэвалюцыйнай, зь якога Мікіта Прысталенка сарваў сьцяг. Мяркуючы па цяперашняй вышыні сьцяга, гэта было зрабіць вельмі складана.

«Ішлі па вуліцы, зачапіўся за чырвона-зялёны дзяржаўны сьцяг. А дагэтуль мы гаварылі пра палітыку, мяне абурала, што адбываецца ў краіне — мітынгі, санкцыі, як улада абыходзіцца з тымі, хто супраць. На знак пратэсту я сарваў сьцяг, які тырчаў на ўваходзе ў будынак. Працягнуў руку і сарваў. Сьцяг упаў, заблытаўся ў нагах. Я вызваліў нагу і пайшоў далей. Потым адмыслова накіраваўся да другога сьцяга, які ўбачыў наперадзе, насупраць бару „ТНТ“, і таксама яго сарваў. Каб сарваць той сьцяг, падскокваў. Але на вуліцы ўжо нікога не было, гэта я рабіў не для публічнай акцыі, а проста ў мяне быў такі алькагольны гнеў. Раскайваюся», — расказаў пра свае ўчынкі Мікіта Прысталенка.

Падсудны асобна падкрэсьліваў, што адмыслова не таптаў сарваныя сьцягі, не пашкоджваў іх, а значыць, не апаганьваў, як сьцьвярджаецца ў выстаўленым яму абвінавачваньні.

«На адным сьцягу былі махры ад парваных нітак, ён быў ужо стары», — згадаў Мікіта Прысталенка.

Другі сарваны Прысталенкам дзяржаўны сьцяг разьмяшчаўся на ўваходзе ў «Менскграда». На другім баку вуліцы бачны бар ТНТ, у які хлопцы 26 лютага ўжо ня трапілі.
Другі сарваны Прысталенкам дзяржаўны сьцяг разьмяшчаўся на ўваходзе ў «Менскграда». На другім баку вуліцы бачны бар ТНТ, у які хлопцы 26 лютага ўжо ня трапілі.

«Не хацеў, каб было больш жорсткае абыходжаньне»

Некаторыя паказаньні Мікіты Прысталенкі разыходзіліся з тым, што ён казаў пад пратакол пасьля затрыманьня, на пачатку сакавіка. Тады малады чалавек ані словам ня згадваў палітычны пратэст, а ўсё сьпісваў на выпітае сьпіртное.

«Не хацеў, каб было больш жорсткае абыходжаньне», — патлумачыў разыходжаньні Мікіта Прысталенка. У судзе ён настойваў, што вэрсія пра палітычны пратэст — праўдзівая.

Суд зацікавіўся, адкуль у справе ўзяўся фатаздымак, на якім Мікіта стаіць зь бел-чырвона-белым сьцягам. Прысталенка адказаў, што сьцяг належыць не яму, а сябру Анатолю Таптунову, і гэта сябар зрабіў фатаздымак.

Суд апытаў Анатоля Таптунова. Маладога мужчыну спачатку затрымалі па справе як падазронага, а потым зрабілі сьведкам. Анатоль Таптуноў пацьвердзіў, што ў ноч з 25 на 26 лютага разам з Прысталенкам «адпачываў» у цэнтры сталіцы і наведваў зь ім бары. У бары «Чердак» на Зыбіцкай яны выпілі па 5 чарак розных настоек і адтуль перабраліся на вуліцу Рэвалюцыйную, згадаў Таптуноў. Ён ня бачыў, як сябар зрываў сьцягі, бо ішоў наперадзе, але здагадаўся па гуках, што такое адбылося, і ўбачыў сьцягі на зямлі.

«Тлумачыў, што дарэмна ён гэта зрабіў, вакол відэакамэры, могуць вылічыць, а цяпер у краіне складаная абстаноўка, прыйдзецца адказваць», — згадаў сьведка сваю рэакцыю на ўчынак сябра. Але, паводле Анатоля, Мікіта высноваў не зрабіў і хутка сарваў яшчэ адзін сьцяг. Навошта? «Ну, так. Мяркую, ён быў незадаволены тым, што робіць улада пасьля выбараў, як абыходзіцца зь людзьмі, якія пратэстуюць», — пацьвердзіў матыў сябра сьведка Таптуноў.

Хто такі Мікіта Прысталенка?

Мікіта Прысталенка 1996 году нараджэньня, халасты, дзяцей ня мае. Жыве і працуе ў Віцебску, дзе пражываюць ягоныя бацькі.

«У мяне добрая сям’я, бацька — вайсковы пэнсіянэр, маці — ваеннаслужачая. Дзякуй ім за добрае выхаваньне», — сказаў на адрас бацькоў Мікіта Прысталенка.

У матэрыялах справы ён фігуруе як «часова беспрацоўны». Сказаў, што яшчэ за два месяцы да затрыманьня меў працу, але звольніўся. Па спэцыяльнасьці ён аўтамэханік, працаваў таксама аніматарам. Захапляецца рэканструкцыяй падзей Другой сусьветнай вайны.

«Ніяк ня мог знайсьці нармальнай працы, таму быў моцна незадаволены. Гэта таксама на мяне паўплывала», — тлумачыў свой настрой падчас інцыдэнту са сьцягамі Мікіта Прысталенка.

Пры гэтым малады чалавек згадаў, што калі вучыўся ў Віцебскім дзяржаўным тэхналягічным каледжы, быў сябрам БРСМ і ўзначальваў там філію гэтай арганізацыі.

Мікіта Прысталенка запэўніваў суд, што зрабіў дакладныя высновы з гэтай гісторыі, кампэнсаваў матэрыяльныя страты, нанесеныя будынкам ГУБАЗіКа і «Мінскграда».

«У мяне ёсьць дзяўчына. Пляную знайсьці працу і стварыць сям’ю», — паведаміў суду падсудны Прысталенка.

Паводле 370 артыкула аб апаганьваньні дзяржаўнай сымболікі, які інкрымінуюць Мікіту Прысталенку, яму пагражае арышт да 2 гадоў альбо абмежаваньне волі на год. Пакараньне паводле 1 і 2 частак 339 артыкула аб хуліганстве, у чым таксама вінавацяць Мікіту Прысталенку, больш сур’ёзнае: максымум да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG