Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка правёў ратацыі кіраўнікоў абласных УУС, адказных за рэпрэсіі ў часе пратэстаў 2020 году


Затрыманьні каля ГЦ «Галерэя» на праспэкце Пераможцаў у верасьні 2020 году. Ілюстрацыйнае фота
Затрыманьні каля ГЦ «Галерэя» на праспэкце Пераможцаў у верасьні 2020 году. Ілюстрацыйнае фота

Пасада намесьніка кіраўніка ўпраўленьня ўнутраных справаў Берасьцейскага аблвыканкаму пакуль засталася вакантнай.

Аляксандар Лукашэнка прызначыў кіраўніком Віцебскага абласнога ўпраўленьня ўнутраных Максіма Суботу, які да гэтага прызначэньня працаваў намесьнікам начальніка ўпраўленьня ўнутраных справаў Берасьцейскага аблвыканкаму.

Як вынікае з адпаведных указаў Лукашэнкі, кіраўніка Віцебскага абласнога УУС Андрэя Любімава перавялі ў Менск на аналягічную пасаду.

Праваабаронцы лічаць абодвух палкоўнікаў міліцыі датычнымі да рэпрэсіяў і гвалту супраць удзельнікаў пратэсту ў 2020 годзе.

У прыватнасьці, Андрэй Любімаў асабіста ўдзельнічаў у сілавым разгоне пратэстаў з выкарыстаньнем фізычнага і псыхалягічнага гвалту. У 2018–2020 гадах ён працаваў першым намесьнікам начальніка галоўнага ўпраўленьня ўнутраных справаў Менскага гарвыканкаму, кіраўніком крымінальнай міліцыі сталіцы Беларусі.

Максіма Суботу лічаць адказным за гвалт над пратэстоўцамі, незаконныя затрыманьні і катаваньні ў ізалятарах і спартовых залях. У канцы 1990-х ён пачынаў працу ў крымінальным вышуку кобрынскай міліцыі, займаўся расьсьледаваньнямі злачынстваў у сфэры аўтамабільнага бізнэсу, потым узначаліў Кобрынскі РАУС. У 2015 годзе яго перавялі ў УУС Берасьцейскага аблвыканкаму, у траўні 2020 году падвысілі да ўзроўню намесьніка абласнога УУС.

Аляксандра Астрэйку, які кіраваў Менскім абласным УУС і ў часе пратэстаў 2020 году сьцьвярджаў, што затрыманых ня білі, а журналістаў не затрымлівалі, Лукашэнка прызначыў начальнікам Акадэміі МУС.

Пасада намесьніка кіраўніка ўпраўленьня ўнутраных справаў Берасьцейскага аблвыканкама пакуль засталася вакантнай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG