Судзяць студэнта, які «дзейнічаў з выкарыстаньнем рупару»
Суд Першамайскага раёну Менска пачаў разгляд крымінальнай справы супраць 18-гадовага Мацьвея Будніцкага. Студэнта-трэцякурсьніка сталічнага каледжу прадпрымальніцтва абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — артыкул 342 Крымінальнага кодэксу.
Справу разглядае судзьдзя Анастасія Кулік, пракурор — Іна Зубко. Да справы далучана копія ліста падзякі ад сацыяльнага пэдагагічнага цэнтру, у якім абвінавачаны быў валянтэрам.
Мацьвея Будніцкага абвінавачваюць у тым, што летась 4 кастрычніка на праспэктах Машэрава і Пераможцаў, а таксама вуліцах Прытыцкага, Любімага, Сурганава, Кальварыйскай і Прылуцкай ён браў актыўны ўдзел у масавых мерапрыемствах, спалучаных зь відавочным непадпарадкаваньнем супрацоўнікам міліцыі, гучнымі воплескамі рукамі.
«Дзейнічаў сумесна і ўзгоднена ў групавых дзеяньнях, з выкарыстаньнем рупару» — асабліва падкрэсьлівацца ў абвінавачаньні.
Студэнт патлумачыў, што ўдзельнічаў у акцыі, каб «выказаць сваю пазыцыю і падтрымаць людзей». Яна сфармавалася, калі ён убачыў у навінах, як зьбіваюць людзей. Расказаў, што рупар набыў у краме прыколаў, а сьцяг заўсёды знаходзіўся зь ім, бо «падабаўся».
Падчас папярэдняга сьледзтва 28 кастрычніка Мацьвей расказаў, што ўбачыў, як машыны блякуюць праезную частку і з групай іншых людзей выйшаў, каб ня даць сутыкнуцца калёнам удзельнікаў і супрацоўнікам праваахоўных органаў.
Да справы далучаныя відэазапісы, дзе Будніцкі перакрывае праезную частку на скрыжаваньні Дзяржынскага і Любімава, выкрыквае нешта неразборлівае з рупарам.
Матэрыяльны пазоў «Менсктрансу» за паралізаваны дарожны рух абвінавачаны не прызнаў, бо не разумее, якім чынам фармавалася сума спагнаньня.
Разгляд справы працягнецца 30 красавіка.
15 сутак за «тролінг» мітынгу за Лукашэнку
Увечары 27 красавіка супрацоўнікі Першамайскага РУУСа Менска затрымалі 31-гадовага стэндапэра Цярэнція Марыніча. На яго склалі пратакол за дробнае хуліганства па арт. 19.1 КаАП, якое ён нібыта зьдзейсьніў ужо на тэрыторыі РУУСа. Да суду Марыніча зьмясьцілі ў ІЧУ на Акрэсьціна.
Паводле пратаколу, Цярэнцій «паводзіў сябе агрэсіўна, нецэнзурна лаяўся, паказваючы відавочную непавагу да грамадзтва». Яго справу разглядзела судзьдзя Першамайскага раёну Анастасія Ляйкоўская, якая прысудзіла яму 15 дзён арышту.
На судзе Цярэнцій распавёў, што ў РУУСе яго прыкоўвалі кайданкамі да лаўкі.
25 красавіка Марыніч быў на праўладным мітынгу ва Ўруччы і запісаў там відэа. Мужчына проста запытаўся, што адбываецца, зь якой нагоды збор людзей, а ў адказ атрымаў порцыю абразьлівых камэнтароў і пагроз.