Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго Беларусь страціла ў 2020 годзе


Мэмарыял памяці Рамана Бандарэнкі ля амбасады Беларусі ў Лёндане
Мэмарыял памяці Рамана Бандарэнкі ля амбасады Беларусі ў Лёндане

2020-ты быў годам грамадзкага ўздыму, новых твараў і новых твораў, але ён быў і годам стратаў. Свабода прыгадала, каго Беларусь страціла ў адыходзячым годзе.

Ужо ў лістападзе афіцыйная лічба памерлых ад COVID-19 у Беларусі дасягнула 1000 чалавек, але незалежныя экспэрты не давяраюць гэтай статыстыцы і мяркуюць, што сапраўдная колькасьць ахвяраў каранавірусу значна большая. Напачатку ўлады не надавалі належнай увагі пандэміі, аднымі зь першых ахвяраў былі мэдыкі.

Вялікае ўражаньне на міжнародную супольнасьць зрабіў і маштаб арыштаў, зьбіцьцяў і катаваньняў удзельнікаў мірных пратэстаў у Беларусі. Упершыню ў найноўшай гісторыі краіны супраць удзельнікаў масавых акцый прымянілі зброю, шмат людзей былі параненыя, мінімум тры забітыя ў жніўні — Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор і Генадзь Шутаў; Раман Бандарэнка быў скрадзены і памёр у шпіталі ў лістападзе. Па факце гібелі пратэстоўцаў не заведзена ніводнай крымінальнай справы.

Студзень

Віктар Рабушка, сакратар управы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ.

Руслан Уладыка, музыка, сузаснавальнік гурту «Ляпіс Трубяцкі» і гітарыст гурту Trubetskoy, вядомы пад псэўданімам «Пан».

Зьміцер Шэвель, сябра незалежнага прафсаюзу РЭП і сябра БНФ. Жыў у Польшчы пасьля скарачэньня з пасады сыстэмнага адміністратара на лагойскім прадпрыемстве «Мінаўта». Актывіст лічыў звальненьне палітычным, бо зьбіраў подпісы за апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, быў назіральнікам на выбарах, сам вылучаўся кандыдатам у мясцовыя дэпутаты, неаднаразова быў затрыманы і аштрафаваны за ўдзел у акцыях пратэсту.

Люты

Барыс Луцэнка — рэжысэр, народны артыст Беларусі. «З адыходам Барыса Луцэнкі адыходзіць вельмі глыбокая і яскравая эпоха беларускага тэатру. Менавіта ён разам з Валерыем Раеўскім на пачатку 1970-х гадоў распачаў гэтую эпоху, калі прынесьлі новыя творчыя і мастацкія ідэі на беларускую сцэну, калі яны актыўна ўрываліся ў сучаснасьць і зьмянілі практычна цалкам эстэтыку беларускага тэатру» — лічыць тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі.

Барыс Луцэнка
Барыс Луцэнка

Кірк Дуглас, амэрыканскі кінаактор, уладальнік ганаровага «Оскара» за 50-гадовую кар’еру — сын габрэйскіх эмігрантаў з Чавусаў.

Эдуард Дубянецкі — гісторык, культуроляг, паэт, публіцыст.

Сакавік

Надзея Дземідовіч, асуджаная на 25 гадоў ГУЛАГу за прабеларускую дзейнасьць, так і не рэабілітаваная.

Надзея Дземідовіч
Надзея Дземідовіч

У новым выданьні кнігі Ўладзімера Арлова «Імёны Свабоды» ёсьць эсэ, прысьвечанае Дземідовіч: «За часамі нямецкай акупацыі Надзея вучылася ў Слонімскай беларускай гімназіі, уступіла ў Саюз беларускай моладзі. „Мы хацелі, — згадвала яна, — жыць у роднай беларускай дзяржаве, працаваць на свой народ, а не на чужынцаў, пакінуць для дзяцей і ўнукаў гэтую зямлю лепшай“. За такія летуценьні органы шукалі, арыштоўвалі і судзілі сяброў СБМ па ўсім савецкім раі. Надзеі ўдавалася заставацца на волі пяць гадоў, але і пераезд у далёкі Петрапаўлаўск не ўратаваў яе. На допытах маладую беларуску зьбівалі да непрытомнасьці, катавалі электратокам, але яна не назвала ніводнага імя іншых „злачынцаў“».

Яна была ўдзельніцай паўстаньня палітычных зьняволеных у Кенгіры ў 1954 годзе.

«Падчас разгрому паўстаньня загінула болей за сямсот расьціснутых танкамі і расстраляных вязьняў. Калі каты пашыхтавалі ацалелых на пераклічку, Надзея ў адказ на сваё прозьвішча крыкнула: «Далоў берыеўскае беззаконьне!» — піша Ўладзімер Арлоў.

Уладзімер Калачык, адзін з рэфарматараў аграрнага сэктару Беларусі.

Віктар Дашкевіч, актор акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску. Дашкевіч быў першай афіцыйнай ахвярай каранавірусу ў краіне.

Віктар Дашкевіч
Віктар Дашкевіч

За дзесяцігодзьдзі служэньня тэатру Дашкевіч стварыў на коласаўскай сцэне дзясяткі запамінальных вобразаў, адзін зь іх — у спэктаклі Валерыя Мазынскага «Званы Віцебска» па п’есе Ўладзімера Караткевіча ў 1974 годзе. На прэмʼеры, прысьвечанай 1000-годзьдзю Віцебска, прысутнічаў сам пісьменьнік і высока ацаніў працу коласаўцаў.

Пятро Лысенка, доктар гістарычных навук, археоляг, які дасьледаваў старажытныя Берасьце і Тураў.

Павал Сьцяцко, доктар філялягічных навук, змагар супраць русыфікацыі беларускай мовы. «Пакуль усё кіраўніцтва не загаворыць па-беларуску і ўсе школы і ВНУ ня стануць карыстацца беларускай мовай, справаводзтва ня будзе весьціся на мове тытульнай нацыі, то зрухі ў гэтым кірунку будуць вельмі марудныя, і наўрад ці мы дачакаемся таго, каб не адчуваць небясьпекі зьнікненьня мовы», — казаў Сьцяцко.

Павал Сьцяцко
Павал Сьцяцко

Красавік

Андрэй Скуратовіч, энтузіяст і каардынатар у справе вяртаньня старых беларускіх фільмаў.

Васіль Мацкевіч, журналіст «Медиа-Полесье». Мацкевіч зьбіраў грошы на апэрацыю сыну, але не пасьпеў набраць патрэбную суму. У журналіста быў COVID-19.

Генадзь Буцько, сьвятар менскага Петрапаўлаўскага сабору. Прычына сьмерці — каранавірус. Яму шукалі донара плязмы, які перахварэў на COVID-19.

Паўліна Сурвіла, прафэсар амэрыканскага Wartburg College (штат Аёва), выканаўчы дырэктар Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў у Канзасе, сябра Рады БНР.

Паўліна Сурвіла
Паўліна Сурвіла

Паўліна Сурвіла арганізавала дзясяткі навуковых канфэрэнцыяў, сэмінараў, лекцый, прысьвечаных гісторыі, сучаснасьці і будучыні Беларусі. Паўліна заахвочвала навукоўцаў, палітыкаў, творцаў дапамагаць Беларусі рабіцца дэмакратычнай сучаснай краінай.

«Вельмі-вельмі жадаю, каб усё, што людзі перажылі і перажываюць, прадукавала ў канцы канцоў пазытыўны мамэнт для краіны і для гэтых людзей. І што гэты год дасьць новае адраджэньне для гэтай краіны. Таму што гэтая краіна зашмат перажыла ў гісторыі. Проста трэба, каб новы мамэнт уявіўся. Жадаю, каб усе жылі ў мадэрным сьвеце, каб усе ведалі, што гэта значыць быць часткай сусьветнага грамадзянства. Для мяне гэта найбольшае пажаданьне», — казала Паўліна Сурвіла.

Травень

Генадзь Цыганкоў, краязнаўца і рэжысэр народнага тэатру ў Лёзьне.

Міхась Міцкевіч, сын Якуба Коласа, навуковец і зьберагальнік памяці пра вялікага беларускага паэта.

Міхась Міцкевіч
Міхась Міцкевіч

«Міхася Міцкевіча многія ведаюць як сына вялікага песьняра Якуба Коласа. А ён быў выдатным навукоўцам у галіне апрацоўкі мэталаў, доктарам тэхнічных навук, на яго рахунку звыш 30 вынаходак. А яшчэ Міхась Канстанцінавіч пакінуў па сабе выдатныя кнігі: «Ліст наўздагон», «Апалены золак», ён укладальнік кнігі «Якуб Колас. У думках, у сэрцы, у песьнях», — сказаў літаратар і крытык Міхась Скобла.

Юры Зісер — заснавальнік парталу Tut.by і хостынг-правайдэра Hoster.by, грамадзкі дзеяч і мэцэнат. Ён крыху не дажыў да свайго 60-годзьдзя — юбілей меўся адзначыць 28 чэрвеня.

Юры Зісер
Юры Зісер

«Гэты чалавек вельмі сумленна ішоў па жыцьці. Я вельмі мала ведаю людзей, пра якіх можна так сказаць. Ён усё зрабіў для сябе, але і для нашага агульнага часу», — сказала пра Зісера пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч.

Уладзімер Міхайлоўскі, рэжысэр, мастак-гукарэжысэр Максім Гаўрыленка і рэжысэрка Любоў Зямцова загінулі ў выніку аўтамабільнай катастрофы.

Любоў Зямцова
Любоў Зямцова

Любоў Зямцова — вядомая беларуская дакумэнталістка. Скончыла Waida School Doc Pro (Варшава). Фільмы Зямцовай былі ўдзельнікамі такіх фэстываляў, як Astra Film Festival, Артдоксфест, Watch Docs Belarus ды іншых. Разам з Уладзімерам Міхайлоўскім яны здымалі цыкль пра Беларусь для тэлеканалу «Настоящее время».

Чэрвень

Уладзімер Басалыга, мастак-графік. Асноўныя жанры — кніжная і станковая графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, эксьлібрысы.

Уладзімер Басалыга
Уладзімер Басалыга

Як сам казаў, на пачатку 1980-х быў звольнены пасьля даносу ў КДБ. «Нацыяналіста» Басалыгу абвінавацілі, што ён крытыкаваў расейскага палкаводца Аляксандра Суворава, які здушыў паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі. Пасьля гэтага мастак 9 гадоў быў беспрацоўны. Усё наладзілася толькі з распадам Савецкага Саюзу. Творчасьць Уладзімера Басалыгі як мастака-графіка пачынаецца з афармленьня зборніка вершаў Сяргея Грахоўскага. Сярод найбольш цікавых прац у кніжнай графіцы — ілюстрацыі да кнігі «Мая Іліяда» Ўладзімера Караткевіча, «Крык жураўліны» Максіма Танка, «Невадам зь Нёмана» Ларысы Геніюш.

З канца 1970-х і ўсе 1980-я гады працаваў над графічнай сэрыяй «Помнікі дойлідзтва Беларусі», якую склалі больш за тры дзясяткі аўтарскіх твораў. На стварэньне сэрыі натхніў Уладзімер Караткевіч, якога Басалыга лічыў сябрам і аднадумцам.

Ліпень

Яўген Неміроўскі, скарыназнаўца. «Ён стаў аўтарам тысяч публікацый і аддана працаваў да апошніх дзён, — сказаў дасьледчык Алесь Суша пра Неміроўскага. — Нават амаль страчаны зрок не спыніў яго дасьледаваньні, а таму яго новыя працы працягвалі зьяўляцца і зьяўляцца».

Якаў Гутман, кіраўнік Сусьветнага згуртаваньня беларускіх габрэяў. Нарадзіўся на Гомельшчыне, апошнія гады жыў у Нью-Ёрку.

«Ён быў нястомны змагар за правы габрэяў у яго роднай Беларусі, гэтая барацьба пачалася яшчэ ў савецкія часы, дзе габрэям быў закрыты доступ у прэстыжныя ВНУ, дзе рэлігійныя абрады былі забароненыя, дзе зь ідыш цэнзура выкідала ўсе зьвязаныя з рэлігіяй словы і дзе нельга было гаварыць на іўрыце або вывучаць яго без дазволу спэцслужбаў», — напісаў ягоны ўнук Джош Котляр.

Юры Нагорны, настаўнік, грамадзкі дзеяч, шматгадовы кіраўнік суполкі ТБМ імя Скарыны ў Воршы, абаронца беларускай мовы і культуры. У 1968 годзе, студэнтам БДУ, разам з Алесем Разанавым і іншымі Нагорны падпісаў зварот у абарону беларускай мовы.

Юры Нагорны
Юры Нагорны

«Я ўпэўнены, што і цяпер, праз столькі гадоў, ніхто з маіх аднакурсьнікаў, якія падпісвалі той ліст, не адрокся ні ад мовы, ні ад нашай нацыянальнай ідэі. Для мяне гонар, што я быў тады побач», — казаў Юры Нагорны.

Жнівень

Уладзімер Заблоцкі, намесьнік старшыні Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце XII скліканьня, намесьнік старшыні БНФ, прэм’ер Ценевага кабінэту БНФ, адзін з кіраўнікоў Камісіі ВС па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе, суаўтар Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, аўтар шэрагу законапраектаў, якія заклалі падмурак пераходу да рынкавых рэформаў на пачатку 90-х.

Галадоўка дэпутатаў БНФ 11 красавіка 1995, Уладзімер Заблоцкі -- крайні з правага боку
Галадоўка дэпутатаў БНФ 11 красавіка 1995, Уладзімер Заблоцкі -- крайні з правага боку

Уладзімер Заблоцкі быў удзельнікам галадоўкі дэпутатаў БНФ 11–12 красавіка 1995 году супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнай сымболікі, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.

34-гадовы Аляксандар Тарайкоўскі загінуў на Пушкінскай у Менску позна ўвечары 10 жніўня. «Сілавікі выконвалі загад, і іхнай мэтай было страляць на паражэньне і любымі сродкамі здушыць пратэст. Аляксандар, які рухаўся ў бок сілавікоў, падняў рукі ўгору, і ў гэты момант паўзь яго праляцела сьвятлашумавая граната, якая ляцела яму ў жывот, але не зачапіла яго. А калі ён прайшоў яшчэ два мэтры ўперад, у яго стрэлілі, пасьля чаго ён пачаў хіліцца і падаць, і, як ужо відаць зь іншага відэа, у яго быў яшчэ адзін стрэл, зь іншага боку», — расказаў Вячаслаў Смольскі, які быў вымушаны зьехаць ва Ўкраіну.

Аляксандар Тарайкоўскі
Аляксандар Тарайкоўскі

25-гадовы Аляксандар Віхор памёр 12 жніўня пасьля зьбіцьця сілавікамі. Вечарам 9 жніўня Аляксандар Віхор ішоў на спатканьне зь дзяўчынай у Гомлі. На плошчы Леніна яго затрымаў АМАП. Тры дні бацькі і сястра шукалі Аляксандра — у міліцыі, судзе, СІЗА, ІЧУ. Ніхто не даваў аніякай інфармацыі. 12 жніўня маці даведалася, што яе сын памёр. «Нам сьведкі расказвалі — тыя, хто быў з Сашам у РАУС, аўтазаку, судзе — што пачынаючы зь першага дня затрыманьня сын прасіў дапамогі. Яму было блага. Замест мэдычнай дапамогі ён атрымліваў новыя ўдары дручком, зь яго зьдзекаваліся, пры новых просьбах аб дапамозе Сашу пырснулі ў твар пярцовым газам, на яго надзявалі кайданкі», — расказала маці.

Аляксандар Віхор
Аляксандар Віхор

19 жніўня ў вайсковым шпіталі ў Менску памёр 44-гадовы берасьцеец Ён быў паранены ў галаву падчас акцыі 11 жніўня каля Маскоўскага райвыканкаму Берасьця.

Дачка забітага Наста расказала Радыё Свабода, што Генадзь Шутаў крыкнуў «Жыве Беларусь» і а дзясятай вечара патэлефанаваў, што выклікаў таксоўку, каб ехаць дахаты, расказала Свабодзе дачка Наста. «У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор, чалавек, які страляў, быў ззаду яго. Быў вельмі моцна пашкоджаны галаўны мозг, моцны крывацёк, раздрабненьне костак», — кажа дзяўчына.

Генадзь Шутаў
Генадзь Шутаў

Канстанцін Шышмакоў, дырэктар вайскова-гістарычнага музэю імя Баграціёна ў Ваўкавыску на Горадзеншчыне. Быў сябрам выбарчай камісіі на сёлетніх выбарах, адмовіўся падпісваць пратакол. У нядзелю 15 жніўня выйшаў на працу, увечары пазваніў жонцы, што працаваць у музэі больш ня будзе, сказаў, што едзе дахаты. Дадому ён не вярнуўся. Быў знойдзены ў лесе мёртвым.

Лявон Грушук, мастак, сябра суполкі мастакоў «Пагоня», удзельнік ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Верасень

Тацяна, маці 17-гадовага Цімура М. Падлетка Цімура 12 жніўня падчас пратэстаў зьбілі так, што спатрэбілася штучная кома. Пасьля Цімур М. стаў падазраваным у крымінальнай справе аб масавых беспарадках.

Юры Навумаў, вакаліст гурту NEURO DUBEL.

Кастрычнік

Барыс Клейн, гісторык і мэмуарыст, падчас жыцьця ў Горадні сябраваў з Васілём Быкавым і зазнаў перасьлед уладаў, апошнія дзесяцігодзьдзі жыў у ЗША.

Валер Шчукін, палітык, праваабаронца, дэпутат Вярхоўнага Савету XIII скліканьня.

Валер Шчукін
Валер Шчукін

«Гэта быў адчайна сьмелы чалавек і прынцыповы змагар за справядлівасьць і законнасьць. У Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня ён быў самым яркім дэпутатам-апазыцыянэрам. У 1996 годзе падпісаў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, а пасьля разгону парлямэнту ўвайшоў у камісію, якая зьбірала доказы шматлікіх парушэньняў закону і Канстытуцыі з боку гэтага чалавека. У верасьні 1999 году разам зь Віктарам Ганчаром ён рыхтаваў другі імпічмэнт Лукашэнку. Шкада, што Валер Шчукін сышоў менавіта цяпер, калі справа змаганьня з рэжымам атрымала новы працяг. Але ён да апошняга верыў, што пераможам», — сказаў пра Шчукіна былы дэпутат Знавец.

Юзаф Ганьчыц, каталіцкі сьвятар, пробашч у Лідзе. Прычына сьмерці — каранавірус.

Юры Варонежцаў, народны дэпутат СССР (1989–1991). Ён уваходзіў у Міжрэгіянальную дэпутацкую групу, якую ўзначальвалі акадэмік Сахараў і Барыс Ельцын. Варонежцаў быў адказным сакратаром Камісіі расьсьледаваньня прычын аварыі на ЧАЭС Вярхоўнага Савету СССР. Выступаў супраць забыцьця наступстваў Чарнобылю і будаўніцтва новай АЭС у Беларусі.

Віктар Швед, найстарэйшы зь беларускіх пісьменьнікаў у Польшчы.

Лістапад

Уладзімер Карагін, адзін з заснавальнікаў прадпрымальніцкага руху ў першыя гады Незалежнасьці, старшыня Вышэйшай каардынацыйнай рады «Рэспубліканская канфэдэрацыя прадпрымальніцтва».

Валер Белан, спартовы лекар, працаваў у складзе мэдычных дэлегацый на многіх Алімпійскіх гульнях у гісторыі сувэрэннай Беларусі.

Генадзь Хасін, славуты футбаліст менскага «Дынама» 1950–60-х гадоў.

Міхась Дрынеўскі, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага хору, народны артыст Беларусі. У кастрычніку сёлета, пасьля страйку ў Купалаўскім тэатры, Дрынеўскі і кіраваны ім акадэмічны хор адмовіліся выступаць у тэатры на загад Міністэрства культуры.

31-гадовы Раман Бандарэнка памёр у рэанімацыі 12 лістапада. Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ў Менску ўвечары 11 лістапада. Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць іх. Каля 22:16 яны забралі некалькі чалавек і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі. Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску. У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі. Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка

Сьледчы камітэт заявіў, што Бандарэнка быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві алькаголю не было.

Пазьней зьявіліся аўдыёзапісы, якія даюць падставы меркаваць, што да гібелі Бандарэнкі маглі быць датычныя асобы з атачэньня Лукашэнкі.

Лекара-анэстэзіёляга Арцёма Сарокіна абвінавацілі ў выдаваньні «мэдычнай таямніцы», а журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч аказалася вінаватая ў тым, што «схіліла» мэдыка да гэтага. Абое больш як два месяцы за кратамі.

Сьнежань

Барыс Плотнікаў, савецкі і расейскі актор. Сыграў галоўныя ролі ў кінаэкранізацыях твораў Васіля Быкава і Ўладзімера Караткевіча. Фільм Ларысы Шапіцькі «Ўзыходжаньне» паводле аповесьці Васіля Быкава «Сотнікаў», дзе Плотнікаў сыграў галоўную ролю, лічыцца адным з найлепшых фільмаў сусьветнага кінэматографу пра вайну.

Валер Вінакураў, геоляг, адзін з галоўных стваральнікаў музэю валуноў у Менску.

Бэла Масумян, народная артыстка Беларусі.

Вячаслаў Кебіч, першы прэмʼер-міністар незалежнай Беларусі, памёр ад ковіду на наступны дзень пасьля гадавіны Белавескіх пагадненьняў, пад якімі стаіць і ягоны подпіс. У якасьці кандыдата Кебіч удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году. Пад аўтарствам Кебіча выйшла некалькі кніг успамінаў, у адной зь якіх ён пісаў, што галоўны вынік тых выбараў — тое, што яны з Лукашэнкам не далі БНФ узяць уладу.

13-гадовы падлетак Дзьмітры Конеў. У пасьведчаньне аб сьмерці ўнесьлі адразу тры дыягназы, адзін зь якіх — каранавірус.

Дзьмітрый Конеў
Дзьмітрый Конеў

Леанід Заіка, эканаміст, кіраваў аналітычным цэнтрам «Стратэгія». Аўтар і навуковы рэдактар кніг і публікацый у Беларусі і за мяжою.

Леанід Заіка
Леанід Заіка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG