Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітык і навуковец Юры Варонежцаў у інтэрвію і камэнтарах на Свабодзе


Юры Варонежцаў
Юры Варонежцаў

Сёньня ўначы на 65-м годзе жыцьця ў Гомелі памёр выбітны беларускі палітык і навуковец Юры Варонежцаў. Шмат гадоў ён замагаўся з анкалягічнай хваробай. Ён быў частым госьцем на Свабодзе, быў героем рэпартажаў, даваў разгорнутыя інтэрвію, удзельнічаў у​ дыскусіях. Прапануем вам падборку самых значных выступленьняў Юрыя на Свабодзе.

1999

Ліст у падтрымку Васіля Старавойтава ад былых дэпутатаў Вярхоўнага Савету СССР Варонежцава і Карняенкі

  • Вы ня горш за нас ведаеце, хаця і ня кажаце пра гэта публічна, што Васіля Старавойтава перасьледуюць не за фінансавыя грахі. Ён зьяўляецца ахвяраю помсты кіраўніка сёньняшняга рэжыму. Вы ня горш за нас разумееце, што трымаць 75-гадовага чалавека ў турме з выбранай сьледзтвам нагоды — злачынства, якое ў крымінальным кодэксе вызначана як «наўмыснае забойства».

2001

З выкарыстаньнем зброі бараніў сябе гомельскі апазыцыянэр Варонежцаў

  • Улічваючы сытуацыю, дэмакратычныя палітыкі ды тыя, хто нас падтрымлівае, мусяць трымацца мужна і не баяцца рознага кшталту правакацыяў. Варта памятаць пра гонар і годнасьць і абараняць іх любымі законнымі мэтадамі

2008

Ці неабходна выносіць на рэфэрэндум рашэньне аб пабудове ў Беларусі АЭС?

Варонежцаў пра Гайдара: добра памятаю яго перакананьне — усё завершыцца добра

  • Гайдар умеў пераконваць. Мы, народныя дэпутаты, якія прыехалі ў Маскву са ўсяго Савецкага Саюзу, амаль нічога ня ведалі пра рынкавую эканоміку. І менавіта размовы зь Ягорам, маім равесьнікам, дарэчы, падцягнулі нас да такога роўню, які дазволіў зразумець, што трэба рабіць. Памятаю яго і падчас путчу ў 1991 годзе. Мы перасекліся тады ў Белым доме. І добра памятаю яго перакананьне — усё завершыцца добра.
Юры Варонежцаў ля чарнобыльскай каплічкі ў Гомелі
Юры Варонежцаў ля чарнобыльскай каплічкі ў Гомелі

2010

Юры Варонежцаў: «Улада ваюе зь дзецьмі ды інвалідамі»

  • Калі ў нас ёсьць генэральны пракурор, то ён павінен спыніць гэтае беззаконьне, павінен прыняць усе магчымыя меры, каб перасталі пакутаваць мае дзеці. У мяне непаўналетняя дачка й сын-інвалід зь дзяцінства. Уявіце сабе: уварваліся ў кватэру людзі, адабралі ў іх кампутары, дыскі, асабістую маёмасьць. Улада ваюе зь дзецьмі ды інвалідамі.

Ці чакае Беларусь пераменаў?

2010

Варонежцаў: «На шчасьце, атамная станцыя ў нас пабудаваная ня будзе»

  • Мы, практычна ўсе сябры камісіі, перакананыя, што Беларусі як краіне не патрэбная атамная станцыя з шэрагу прычынаў, у першую чаргу з эканамічных меркаваньняў, бо энэргаёмістасьць беларускай гаспадаркі, беларускай прамысловасьці цяпер такая, што пры разьвіцьці нармальных тэхналёгіяў нам проста не патрэбна будзе столькі энэргіі, колькі мяркуецца зарабляць на АЭС.

2011

Юры Варонежцаў: Рэактар для Астраўца «даваў ток» толькі на паперы

  • На вялікі жаль, казаць сёньня, што мы ведаем усё ці амаль усё, не даводзіцца. Цяпер даведацца праўду ўсё цяжэй і цяжэй. Пачнем з таго, што дагэтуль цяжка сказаць, колькі ўсё ж радыянуклідаў было выкінута са станцыі і колькі асела на нашай зямлі. Бо з тых амаль двухсот тон паліва, якое было ў рэактары, паводле розных ацэнак, было выкінута ад некалькіх тон да ўсяго. Розныя экспэрты прыводзяць розныя лічбы. І праверыць гэта можна толькі калі выгрузіць усё, што там засталося, і ўзважыць. А гэта, зразумела, зрабіць немагчыма.

2012

Варонежцаў: МАГАТЭ — галоўны лябіст беларускай АЭС

  • Я ўвогуле ня схільны стопрацэнтна давяраць спэцыялістам МАГАТЭ хоць бы таму, што гэтая арганізацыя цалкам залежыць ад дабрабыту атамнай галіны ў сьвеце. Іншым словамі, ёсьць атамныя станцыі — ёсьць гэтая арганізацыя, няма атамных станцыяў — няма і самой арганізацыі. Таму ў гэтым выпадку МАГАТЭ — структура, зацікаўленая ў тым, каб у Беларусі ў кожным разе зьявілася атамная станцыя.
Юры Варонежцаў пасьля ператрусу, 2010
Юры Варонежцаў пасьля ператрусу, 2010

2013

Варонежцаў: АЭС у Беларусі — гэта ідыятызм

  • АЭС, якая, ня дай Божа, зьявіцца ў Астраўцы, будзе сілкавацца цеплавылучальнымі зборкамі, якія можна будзе набыць толькі ў адным месцы сьвету — у расейскай кампаніі «ТВЭЛ». Усё. Бо нічога іншага туды нельга будзе засунуць. Па-другое, той жа ўран праз 50 гадоў у сьвеце заканчваецца, і навошта ставіць станцыю, якая забрудзіць усю нашую тэрыторыю адкідамі?

Варонежцаў супраць Вусава: Статкевіч, байкот і мірныя перамены

  • Ёсьць шмат разумных людзей, у якіх шмат добрых ідэяў. Але да ідэі трэба «прымацаваць ногі». Трэба мець плян — як, калі, кім, коштам якіх рэсурсаў ідэя будзе рэалізоўвацца. Палітыка — гэта ўменьне плянаваць і займацца штодзённай цяжкой, але рэальнай працай. Ня толькі прыгожа гаварыць.

Грамадзкі адказ на ядзерны выклік

  • Усё ж у канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў многае было дазволена. Як ні дзіўна, савецкі рэжым лічыўся жорсткім, але дэманстрацыі можна было праводзіць. Самае галоўнае — потым быў нейкі вынік. Гэта значыць, працаваў альгарытм дзеяньне-вынік. Людзі прыходзілі на дэманстрацыю, перакрывалі дарогі, сюды прыяжджалі чыноўнікі, у тым ліку і найвышэйшага рангу. Я памятаю, прыяжджаў віцэ-прэм’ер саюзнага ўраду Дагужыеў, пасьля гэтага распрацоўваліся нейкія праграмы, законы, і людзі бачылі, што іхныя дзеяньні ўрэшце даюць вынік. Цяпер гэты альгарытм зламаны: дэманструй не дэманструй — усё роўна нічога не вынікае. Усё гэта адбываецца з году ў год і ўсяляе пэсымізм. Вось, напэўна, што тычыцца старэйшага пакаленьня, якое памятае, што іх дзеяньні прыводзілі да пэўнага выніку.

2015

Варонежцаў: «Будаўніцтва АЭС трэба спыняць. Хай застанецца помнік авантурнаму рашэньню»

  • Але самае страшнае, што мы ўсе ня ведаем, што там адбылося. Ці сапраўды корпус рэактара ўпаў, ці калі яго перасоўвалі, то нешта закранулі. І для мяне гэта натуральнае дэжавю, нібыта я пераехаў на машыне часу на чвэрць стагодзьдзя назад, калі мы расьсьледавалі прычыны чарнобыльскай катастрофы. Тады адбывалася тое самае, але тады гэта была таталітарная дзяржава, СССР — а цяпер уладамі дэкляруецца дэмакратычная дзяржава Беларусь.

З кім і пра што дамаўляцца ў Маскве

2017

Літоўцы ніколі не пагодзяцца на прапанову Лукашэнкі, — Варонежцаў

  • Бясьпечных атамных станцыяў не бывае ў прынцыпе. І мець у прамой бачнасьці з высокага сталічнага будынку пагодным днём такі выбухованебясьпечны керагаз, як Беларуская АЭС, літоўцы ня хочуць. І, наколькі я ведаю, гэта думка не літоўскага істэблішмэнту, а большасьці літоўцаў. Я не ўяўляю, што павінна адбыцца, каб нехта ў гэтай краіне пагадзіўся на «выгадную» суседзкую прапанову.

Ці забыліся беларусы на Чарнобыль?

  • Людзей адсялілі з самых забруджаных тэрыторыяў, кінулі іх на тэрыторыі, дзе ўзровень забруджанасьці сярэдні. Паступова памяць людзей зьмяншаецца, візуальна яны ня бачаць страшных наступстваў. Але пры гэтым ніхто не адмяняе «ціхага Чарнобылю», малыя дозы радыяцыі працягваюць вельмі сур’ёзна ўплываць на здароўе. Вось гэтай інфармаванасьці вельмі не хапае.

2018

Ніколі ня позна спыніць будаўніцтва АЭС, — Варонежцаў

  • Дзіўна, што кіраўнік дзяржавы кажа, што яму ніхто не далажыў, як АЭС будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны. У 2010 годзе была створана грамадзкая камісія дзеля экалягічнай экспэртызы праекту будаўніцтва АЭС. Туды ўваходзілі такія паважаныя людзі, як Нікітчанка, Яблакаў, іншыя. Там былі пераважна экалягічныя матывы, але былі зроблены дакладныя высновы, што эканамічна будаўніцтва АЭС абсалютна не апраўданае. Правялі аналіз экспартнага патэнцыялу — тады ўжо было зразумела, што наўрад ці нам удасца нешта прадаць

2019

Тое, што робіцца ў чарнобыльскіх раёнах, — гэта злачынства, — Варонежцаў

  • Гэта найпаўнейшы абсурд — у краіне, якая пацярпела ад атамнай катастрофы, будаваць АЭС. Прапаганда, на жаль, дзейнічае. На жаль, мы сапраўды пачалі забываць пра Чарнобыль, пра тое, што нам трэба жыць у асаблівым рэжыме і рабіць усё, каб гэта больш не паўтарылася.

«Разгул дэмакратыі». 30 гадоў таму пачаўся Першы зьезд народных дэпутатаў СССР

  • Тыя падзеі — ня толькі першы зьезд, але і выбары, якія былі напярэдадні, і тое, што здарылася потым, — гэта было пераломным момантам, людзі сталі іншымі, краіна стала іншай. Ня ведаю, як гэта адбылося — такое здараецца раз на 100–200 гадоў. Хацелася б, каб гэта паўтарылася, але ў іншай форме і зь лепшымі вынікамі. Як ні дзіўна, узровень дэмакратыі ў апошнія тры гады існаваньня СССР быў значна вышэйшы, чым цяпер. На выбарах галасы лічылі сумленна, агітаваць нам ніхто не перашкаджаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG