У 81 год памёр Уладзімер Заблоцкі, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, прэм’ер Ценявога кабінэту Апазыцыі БНФ.
Уладзімер быў толькі на год маладзейшы за майго бацьку, але розьніца ва ўзросьце не адчувалася, і зусім не таму, што ў нашым дэпутацкім «братэрстве», як неяк назваў парлямэнцкую апазыцыю Пазьняк, усе былі роўныя незалежна ад узросту, да-дэпутацкіх ці дэпутацкіх пасадаў і навуковых званьняў.
Заблоцкі імгненна адгукаўся на любую просьбу, і для яго не існавала дробязяў, калі размова ішла пра дапамогу ці параду. Памятаю, як ён тлумачыў мне нейкія (ужо не прыгадаю, якія) нюансы рамонту аўтамабілю (у нас зь ім былі вельмі старыя «іншамаркі», у маёй увесь час нешта ляцела). Я, канешне, мусіў бы найперш прыгадаць самы драматычны эпізод нашага дэпутацтва — галадоўку 11-12 красавіка 1995 году, але вось чамусьці ўсплыў у памяці такі эпізод.
Цяпер, калі я ўзгадваю, у мяне павўстае ў памяці ягоная ўсьмешка.Заблоцкі ніколі ні на каго не ўзьняў голас. Пераконваў аргумэнтамі і цярплівасьцю.
Увогуле, ён быў мяккім чалавекам. І размаўляў спакойна. Чую ягоную разьмераную інтанацыю, калі, вярнуўшыся з Масквы, у дні прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, Заблоцкі пералічваў, што Масква зьбіраецца забраць сабе (усё) і што згодная пакінуць Беларусі (Чарнобыль).
Уладзімер увасабляў сабой тэхнара-інтылігента, вельмі дакладнага ў словах і адказнага ў справах.
А яшчэ — абвяргаў настойліва створаны спачатку кебічаўскай, а потым лукашэнкаўскай прапагандай міф пра БНФ як супольнасьць летуценьнікаў-гуманітарыяў, зацыкленых на беларускай мове і варожых да ўсіх, хто размаўляе па-расейску.
Па-беларуску Заблоцкі, калі прыйшоў у Вярхоўны Савет, не размаўляў, хаця і быў беларусам Так атрымалася шмат у каго. І пры гэтым быў намесьнікам старшыні БНФ, намесьнікам старшыні парлямэнцкай Апазыцыі БНф, прэм’ер-міністрам Ценявога кабінэту (ураду) БНФ.
Між іншым, магу сказаць, што за ўсе амаль шэсьць гадоў кадэнцыі Вярхоўнага Савету ніхто з беларускамоўных дэпутатаў Апазыцыі БНФ не сказаў расейскамоўным калегам ні слова папроку. Пра гэта чамусьці забываюцца адэпты тэорыі «насильственной белорузизации».
Заблоцкі быў кандыдатам тэхнічных навук, да дэпутацтва — узначальваў аддзел Навукова-дасьледчага інстытуту электронных вылічальных машын. З 1990 году — намесьнік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савету па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. Камісію ўзначальваў Генадзь Карпенка, і з 1991 году, калі Карпенка быў абраны мэрам Маладзечна, пакінуўшы за сабой старшынёўства ў камісіі, Заблоцкі фактычна камісіяй кіраваў.
Вынік — законапраекты, якія дазволілі Беларусі, дзе сэктар навукаёмістай прамысловасьці займаў значную долю, перайсьці на іншыя ўмовы гаспадараньня. Не бяз стратаў — але стратаў гэтых магло быць куды болей, калі б не рутынная праца Заблоцкага і ягоных калег.
Усё гэта было, канешне, важна, але ў гісторыю Беларусі Ўладзімер Заблоцкі ўвойдзе найперш як адна з ключавых асобаў Беларускага Народнага Фронту, як дэпутат, які выходзіў на Плошчу ў дні жнівеньскага путчу ў 1991-м, які галасаваў за Незалежнасьць 25 жніўня 1991 году, і ў якасьці прэм’ера Ценявога кабінэту браў удзел у распрацоўцы дзясяткаў законапраектаў Апазыцыі БНФ і эканамічных праграмаў.
Пры прэм'еры Заблоцкім Беларусь была б іншай. Дэмакратычнай, свабоднай і заможнай.
Ён быў даверанай асобай Зянона Пазьняка на прэзыдэнцкіх выбарах у 1994-м разам з Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным, Радзімам Гарэцкім, Вінцуком Вячоркам.
І быў зьбіты ў Авальнай залі ў часе галадоўкі супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнай сымболікі, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт.
Упэўнены, што дзяржаўныя СМІ ні словам ня выкажуцца гэтымі днямі пра Ўладзімера Заблоцкага. Думаю, што наўрад ці ўзгадаюць яго і тыя тысячы, што цяпер выходзяць на плошчы — улады чвэрць стагодзьдзя вынішчалі памяць пра мінуўшчыну.
Але тое, што народ абуджаецца пад бел-чырвона-белым-сьцягам, за які галасаваў Уладзімер Заблоцкі і за які быў зьбіты ў парлямэнце — магчыма, найлепшая яму ўзнагарода.
Астатняе надасьць Гісторыя.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.