Таксама ён прысудзіў спагнаць зь яе матэрыяльную кампэнсацыю ў памеры 1000 рублёў на карысьць амапаўца. Сканфіскаваны сьцяг пастанавіў зьнішчыць.
Раней пракурор папрасіў два з паловай гады пазбаўленьня волі для беларускі, якая 12 гадоў жыве ў Швайцарыі. На судзе прысутнічаў амбасадар гэтай краіны ў Беларусі Клод Альтэрмат.
На жаночым маршы 19 верасьня ў Менску Натальля Хершэ сарвала балаклаву з амапаўца, пасьля чаго на яе завялі крымінальную справу. 7 сьнежня яна выступіла ў судзе з апошнім словам, пасьля чаго быў абвешчаны вэрдыкт.
Пры затрыманьні, паводле службовага рапарту, жанчына не падпарадкавалася патрабаваньню супрацоўнікаў прайсьці ў спэцатранспарт і «аказала супраціў з гвалтам» у дачыненьні да байца АМАП Сяргея Кончыка: падрапала 22-гадоваму міліцыянту твар, сьцягнула зь яго балаклаву і нанесла «цялесныя траўмы».
«Я жыву ў эўрапейскай дэмакратычнай краіне, дзе свабода слова і мірных сходаў безумоўна выконваюцца і вызначаныя Канстытуцыяй, дзе паліцыянты не хаваюць свае твары пад маскамі і абараняюць сваіх грамадзянаў. Спадзяюся, гэта будзе і ў свабоднай, вольнай Беларусі», — сказала Натальля ў апошнім слове.
Першапачаткова пацярпелы Сяргей Кончык запатрабаваў ад Натальлі Хершэ 100 рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды, аднак ужо падчас пасяджэньня падвысіў суму да 1000 рублёў.
«Памер драпіны каля вока быў даўжынёй 1 сантымэтар, кошт балаклавы — 1 рубель», — прагучала з матэрыялаў справы на першым судовым паседжаньні 4 сьнежня.
Натальлю Хершэ судзілі паводле частцы 2 артыкулу 363 Крымінальнага кодэксу. Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананьні ім службовых абавязкаў прадугледжвае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленьне волі на такі ж тэрмін.
Амбасадар Швайцарыі ў Менску Клод Альтэрмат тройчы наведваў Натальлю ў СІЗА. Яна і надалей будзе атрымліваць консульскую падтрымку, сказаў ён. «Мы шкадуем пра такое рашэньне суду. Для нас няма розьніцы, што Натальля — і грамадзянка Беларусі, мы ставімся да яе як да сваёй грамадзянкі», — сказаў амбасадар.
Беларуска Натальля Хершэ стала жыве ў Швайцарыі цягам 12 гадоў. Там жа жывуць яе дарослыя дзеці. Калі сарваўся адпачынак, які Натальля з мужам Робэртам хацела правесьці ў цёплых краінах, вырашыла прыехаць на радзіму і пабачыць на ўласныя вочы, што адбываецца ў Беларусі. Пасялілася ў Менску ў сяброўкі. Хадзіла на акцыі пратэсту ў Менску і Маладэчне, дзе жыве яе брат Генадзь. Плянавала пагасьціць на радзіме пару тыдняў, а засталася тут надоўга.