Акруговы суд штату Нью-Ёрк прыгаварыў да 25 гадоў пазбаўленьня волі 27-гадовага жыхара Нью-Джэрзі Хадзі Матара ў справе аб замаху на забойства пісьменьніка Салмана Рушдзі ў 2022 годзе.
Матар 15 разоў ударыў нажом пісьменьніка ў галаву, шыю, тулава і левую руку. Пасьля нападу Рушдзі экстрана шпіталізавалі і правялі апэрацыю. У выніку атакі ён страціў адно вока, былі пашкоджаны печань і кішачнік, а пясьць ягонай рукі паралізавала з-за пашкоджаньня нэрву. Акрамя Рушдзі, пацярпеў таксама праваабаронца Генры Рыза, які знаходзіўся на сцэне разам зь пісьменьнікам.
Адвакат Матара Эндру Броціган падчас выступу перад прысяжнымі сказаў, што бок абвінавачаньня не даказаў, што ягоны падабаронны меў намер забіць пісьменьніка. Пракурор акругі Чаўтоква Джэйсан Шміт адказаў, што нягледзячы на тое, што думкі Матара нельга прачытаць, „калі вы зьбіраецеся ўдарыць кагосьці нажом 10 ці 15 раз у твар і шыю, гэта прывядзе да сьмяротнага зыходу“.
Напад на Рушдзі адбыўся ў жніўні 2022 года ў Нью-Ёрку. Пісьменьнік атрымаў некалькі нажавых раненьняў, у выніку чаго правае вока перастала бачыць, а левая рука «страціла рухомасьць».
Нападніка адразу ж затрымалі. Ім аказаўся 24-гадовы грамадзянін ЗША Хадзі Матар, чые бацькі эмігравалі зь Лібану. Маці Матара заявіла, што за ўчынак сына яна не зьбіраецца больш зь ім размаўляць і далей сямʼя паспрабуе жыць безь яго. У судзе Матар не прызнаў віны. Журналістам ён сказаў, што «вельмі ня любіць» Рушдзі за яго нападкі на іслам і «вельмі зьдзівіўся», калі даведаўся, што пісьменьнік выжыў.
Фэтву, якая заклікае забіць Рушдзі, былы вярхоўны лідэр Ірана аятала Хамейні выдаў у 1989 годзе — у адказ на публікацыю рамана пісьменьніка «Сатанінскія вершы», які многія мусульмане палічылі богахульным і абразьлівым для прарока Мухамэда. Матар прызнаўся, што прачытаў зь яго ўсяго пару старонак.
Іран афіцыйна заяўляў, што ня будзе ні выконваць, ні адмяняць фэтву. Іранскія ўлады сцьвярджаюць, што толькі Хамейні, які памёр у 1989 годзе, меў права ануляваць яе.
- Салман Рушдзі нарадзіўся ў Індыі ў мусульманскай кашмірскай сямʼі. У сваіх кнігах ён падымае пытаньні існаваньня ісламу ў сучасным свеце і самаідэнтыфікацыі мусульман.
- Рушдзі — ляўрэат Букераўскай прэміі за раман «Дзеці паўночы», літаратурнай прэміі Коста, камандор францускага ордэна мастацтваў і літаратуры. У 2007 годзе каралева Вялікай Брытаніі Лізавета II прысвоіла Рушдзі рыцарскі тытул за заслугі перад літаратурай. З 2000 году пісьменьнік жыве ў ЗША.
Форум