Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё вельмі дрэнна». Настаўнікі расказваюць, чаму беларускія дзеці ня вучацца на роднай мове


1 верасьня ў беларускамоўнай 23-ай гімназіі Менску, ілюстрацыйнае фота
1 верасьня ў беларускамоўнай 23-ай гімназіі Менску, ілюстрацыйнае фота

У 1993 годзе тры чвэрці першаклясьнікаў краіны — 76% — пайшлі ў беларускія клясы. Аднак пасьля рэфэрэндуму 1995 году пачаўся спад. Яго вынікам стала тое, што зараз толькі 8% беларускіх дзяцей вучацца па-беларуску.

Колькасьць дзяцей, якія вучацца ў школах па-беларуску, працягвае зьніжацца, а па-расейску — расьці. Гэта вынікае з праведзенага «Позіркам» аналізу зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі. У цэлым у краіне колькасьць школьнікаў, якія вучацца па-беларуску, зьменшылася на 34,4% (з 135.523 на канец 2014 да 88.885 на канец 2024 году), на расейскай — вырасла на 22,6% (з 808.293 да 991.274).

Пры гэтым у 1993 годзе тры чвэрці першаклясьнікаў краіны — 76% — пайшлі ў беларускія клясы. Аднак пасьля рэфэрэндуму 1995 году пачаўся спад. І вось вынік — толькі 8% дзяцей вучацца на роднай мове. На фоне спаду ўва ўсіх рэгіёнах краіны https://www.svaboda.org/a/33413316.html крыху лепш выглядае Менск: у сталіцы рост на 10,9% (з 3.940 школьнікаў ў 2014 да 4.368 сёлета)

76% беларускамоўных вучняў у 1993 годзе

Дырэктар беларускай школы ў Варшаве Ян (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў займаў высокія пасады ў сыстэме адукацыі Беларусі. У размове з Свабодай ён кажа, што істотнае зьмяншэньне колькасьці дзяцей, што вучацца па-беларуску, яго ня вельмі ўразіла.

«Гэтая тэндэнцыя абазначылася з травеньскага рэфэрэндуму 1995 году (так супала, у гэтыя дні мы адзначаем ужо яго 30-ю гадавіну), калі замест дзьвюхмоўя ў школах пачало гвалтоўна насаджацца рускамоўе. У 1993/94 гадах, калі пачалася хваля адражэньня, у першыя клясы па-беларуску было прынята 76% ад усіх першаклясьнікаў. А ў сталічнай Менскай вобласьці рэкордная лічба — 92%.

Але літаральна ў наступным навучальным годзе, у верасьні 1995-га, адбыўся рэзкі заняпад нацыянальнай адукацыі, адток дзяцей зь беларускай школы. У першыя беларускамоўныя клясы тады было прынята толькі 37,9% ад усіх перашаклясьнікаў. А ў сталіцы — 19,5%.

Праўда, тады па-беларуску вучыліся 34,8% ад усіх школьнікаў.

У 2018 годзе ў беларускамоўных клясах вучыліся ўжо 13,3% дзяцей. Ну, а цяпер толькі 8%. Сумна», — кажа дырэктар беларускай школы ў Варшаве.

Ян таксама зьвяртае ўвагу, што больш за ўсё пацярпелі рэгіёны. Крыху лепш за іншыя выглядае Менская вобласьць, але ўсё адно там мінус 24% беларускамоўных вучняў.

1 верасьня ў беларускамоўнай гімназіі ў Менску, архіўнае фота
1 верасьня ў беларускамоўнай гімназіі ў Менску, архіўнае фота

На 10,9% больш у Менску

У сталіцы ў канцы 2014 году па-беларуску вучыліся 3940 дзяцей, у канцы 2024-га — 4368.

Беларускамоўная адукацыя застаецца ў сямі навучальных установах сталіцы:

— Гімназія № 4 (вуліца Кунцаўшчына, 18)

— Гімназія № 9 (вуліца Сядых, 10)

— Гімназія № 14 (вуліца Васьняцова, 10)

— Гімназія № 23 (праспэкт Незалежнасьці, 45)

— Гімназія № 28 (праспэкт Ракасоўскага, 93)

— Сярэдняя школа № 60 (вуліца Карла Лібкнэхта, 82)

— Сярэдняя школа № 190 (вуліца Нікіфарава, 19)

«І вучняў паменела, і штату настаўнікаў»

Былая настаўніца беларускамоўнай гімназіі № 23, якая назвалася Аленай (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС), узгадвае, як у 2016 годзе, калі быў абвешчаны прыём першаклясьнікаў, бацькі з ночы займалі чаргу, каб запісаць сваіх дзетак туды. 23-я гімназія была надзвычай прэстыжнай для маладых пэдагогаў — трапіць на працу туды было няпроста, быў адбор, узгадвае Алена.

Пасьля 2020 году яна вымушана зьехала з краіны, але падтрымлівае сувязі з калегамі зь Беларусі.

«Я кантактую з адной каляжанкай, яна кажа, што вучняў стала крыху менш, але не нашмат. А вось шэрагі пэдагогаў істотна парадзелі. Зь некалькімі найлепшымі настаўнікамі не працягнулі кантракты. У 2020-м адна наша настаўніца, якая ўваходзіла ў выбарчую камісію, не падпісала непраўдзівы пратакол, і ад яе хутка пазбавіліся. Яшчэ адну калегу, Дар’ю Хмяльніцкую, летась пасадзілі на 5 з паловай гадоў за ўдзел у пратэстах і ахвяраваньні. Штат цяпер недаўкамплектаваны: раней у гімназіі было каля 60 пэдагогаў, цяпер каля 40.

Але трапіць на працу ў гімназію нерэальна, настаўнікі цяпер праходзяць „жэстачайшую“ праверку на ляяльнасьць. У гімназіі зьявіўся новы намесьнік дырэктара, які займаецца кадрамі, і ён дакладна не пэдагог. Таксама прызначаны адмысловы „кіраўнік у ваенна-патрыятычным выхаваньні“. Ідэалёгіі і ваенна-патрыятычнага выхаваньня, якія ў прыярытэце, цяпер больш, чым беларускамоўнай адукацыі», — апавядае былая настаўніца гімназіі Алена.

Яна зараз выкладае ў беларускай школе ў Польшчы онлайн. Кажа, што там займаюцца шмат яе былых вучняў з 23-й гімназіі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дырэктар беларускай школы ў Варшаве Ян мяркуе, што пагаршэньне становішча ў сфэры беларускамоўнай адукацыі зьвязана і з тым, што пасьля выбараў 2020 году рэжым Лукашэнкі зьліквідаваў мноства арганізацыяў і ініцыятываў, якія разьвівалі беларускую мову і культуру. У першую чаргу гэта Таварыства беларускай школы, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, а таксама Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтар.

Да таго ж многія адукацыйныя плятформы і праекты прызнаныя «экстрэмісцкімі» (да прыкладу, толькі ў красавіку такімі прызнаныя сайт і старонка ў Facebook адукацыйнай плятформы «Васьміног», сацыяльныя сеткі адукацыйнага праекту adu.place ды іншыя).

Суразмоўца кажа, што шмат вучняў беларускамоўных клясах разам з бацькамі вымушаны былі эміграваць. Таксама зьехалі за мяжу многія беларускамоўныя настаўнікі.

«Калі мы адкрывалі беларускую школу ў Польшчы, да нас зьвярнуліся больш за 100 настаўнікаў зь вельмі высокай кваліфікацыяй, але мы не маглі ўсіх прыняць.

У нас у беларускай школе онлайн вучацца дзеці з 33-х краінаў — так што беларускамоўная адукацыя ў сьвеце запатрабаваная!» — кажа дырэктар беларускай школы ў Варшаве.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Расейская мова паўсюль»

Натальля (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС) працуе школьнай настаўніцай беларускай мовы ў невялікім мястэчку. Яна кажа, што школа фармальна па-ранейшаму застаецца беларускамоўнай, аднак на практыцы ўсё зусім ня так, як у паперах.

«Сярод настаўнікаў усё адно мала хто выкладае па-беларуску, — кажа суразмоўца. — Мы нібыта беларускамоўная школа, але зараз вялікая праблема з настаўнікамі, якія могуць выкладаць свае прадметы на роднай мове. Беларуская мова, літаратура — гэта яшчэ зразумела. З гісторыяй, магчыма, лепш, хоць цяпер таксама прблемы ўжо. А пра іншыя прадметы я нават не кажу. Яшчэ дзесяць гадоў таму прыходзілі маладыя настаўнікі, якія маглі выкладаць па-беларуску. Зараз усе расейскамоўныя. Гэта я не кажу яшчэ, што ў настаўніцкім пакоі па-за ўрокамі зусім няма беларускай мовы».

З словаў Натальлі, стаўленьне вучняў да беларускай мовы не зьмянілася. Але калі адміністрацыя школы і раённага аддзелу адукацыі не зацікаўленая выконваць патрабаваньне весьці заняткі па-беларуску, то ніхто з бацькоў патрабаваць гэтага таксама ня будзе.

«Яно проста нікому ня трэба ўжо, толькі камусьці прынцыповаму, — кажа Натальля. — У каго зь дзяцей бацькі багацейшыя, разумныя, тыя хутчэй дзіця за мяжу хочуць вучыцца паслаць. Навошта ім беларуская. Але большасці расейская патрэбная, вядома. Дзеці зараз нават у вёсцы яе добра ведаюць, яна ж паўсюль. У горадзе, у інтэрнэце. Усё вельмі дрэнна з беларускай мовай у школах».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG