Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусцы са Швайцарыі, якая падняла балаклаву на сілавіку, пагражае 30 месяцаў турмы

абноўлена

Натальля Хершэ
Натальля Хершэ

У судзе Савецкага раёну пачаўся працэс над Натальляй Хершэ, якая падчас жаночага маршу 19 верасьня нібыта парвала амапаўцу балаклаву і падрапала скронь. Пракурор просіць 2 гады 6 месяцаў пазбаўленьня волі, а таксама 1 тысячу рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Памер драпіны ама — 2-3 см. Маральную шкоду пацярпелы амапавец Сяргей Кончык ацаніў спачатку ў 500 рублёў, а ў судзе павялічыў да 1 тысячы.

Паводле часткі 2 артыкулу 363, супраціў супрацоўніку органаў ўнутраных спраў пры выкананьні ім службовых абавязкаў караецца абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленьнем волі на такі ж тэрмін.

Пракурор абвінавачвае Натальлю Хершэ ў тым, што яна аказала супраціў міліцыянту, упіралася нагамі, сарвала балаклаву і парвала яе, а таксама падрапала твар амапаўцу.

Беларуска Натальля Хершэ стала жыве ў Швайцарыі цягам 12 гадоў. Там жа жывуць яе дарослыя дзеці. Калі сарваўся адпачынак, які Натальля з мужам Робэртам хацела правесьці ў цёплых краінах, вырашыла прыехаць на радзіму і пабачыць на ўласныя вочы, што адбываецца ў Беларусі. Пасялілася ў Менску ў сяброўкі. Хадзіла на акцыі пратэсту ў Менску і Маладэчне, дзе жыве яе брат Генадзь. Плянавала пагасьціць на радзіме пару тыдняў, а засталася тут надоўга.

«У краіне, дзе я жыву, дазволены мірныя дэманстрацыі, паліцыянты іх ахоўваюць з адкрытымі тварамі»

Натальля расказала, што прыехала ў Беларусь на 10 дзён, мела на 21 верасьня зваротны квіток у Швайцарыю, дзе яна пастаянна пражывае цягам апошніх 12 гадоў.

Яна галасавала на прэзыдэнцкіх выбарах у Бэрне, за Лукашэнку там прагаласавалі 34 чалавекі, за Ціханоўскую — 258 чалавек. Яна меркавала, што вынікі ў Беларусі былі крыху іншымі, але не настолькі кардынальна адрозьніваліся.

Пра палітычную сытуацыю ў Беларусі ведала. Расказвае, як у той дзень сустрэлася зь сяброўкай у кавярні, а потым далучылася да прыгожых жанчын у раёне Камароўкі. Жанчыны дайшлі шэсьцем да скрыжаваньня Сурганава і Коласа, дзе пачаліся затрыманьні.

Натальля Хершэ (у белых джынсах) у счэпцы перад затрыманьнем на жаночым маршы 18 верасьня ў Менску
Натальля Хершэ (у белых джынсах) у счэпцы перад затрыманьнем на жаночым маршы 18 верасьня ў Менску

«Жанчыны крычалі: „Жыве Беларусь“, „Верым, можам, пераможам!“, „Дзякуй журналістам“. Прыехалі людзі ў чорным і аліўкавым без апазнавальных знакаў.

Я вельмі спужалася, расхвалявалася, эмацыйны стан быў вельмі ўзбуджаны: у краіне, дзе я жыву, дазволены мірныя дэманстрацыі, паліцыянты іх ахоўваюць з адкрытымі тварамі.

А тут мяне схапіў чалавек у чорным з закрытым балаклавай тварам. Шлях ад затрыманьня да аўтазака быў „дарогай сьмерці“. Я баюся болю, мне важна было глядзець у вочы чалавеку, які мяне вёў. Мне было вельмі страшна. Я баялася, што мяне заб’юць. Шмат чула пра падзеі жніўня, было пачуцьцё жаху, моцнае сэрцабіцьцё», — эмацыйна апавядае Натальля.

Яна не адмаўляе, што адной рукой паспрабавала зьняць балаклаву, хацела пабачыць вочы амапаўца. Усё адбылося за долю сэкунды: яна пацягнула балаклаву ўгору, убачыла частку вуха, потым чалавек сагнуўся, падышоў другі, у аліўкавай форме, і павёў яе ў аўтазак.

Натальля настойвае, што падрапаць байца не магла, да твару я не дакраналася.

Пацярпелы амапавец: «Відэа, дзе я без балаклавы, трапіла ў інтэрнэт, мяне пазналі на радзіме»

Пацярпелы — 22-гадовы супрацоўнік АМАПу Сяргей Кончык. Ён кажа, што апоўдні заступіў на службу ў форме аліўкавага колеру без апазнавальных знакаў, так вусна загадаў камандзір. Пры сабе меў спэцсродкі: кайданкі, гумавую дубінку.

Прыкладна а 16-й гадзіне паступіла каманда ехаць да «Айсбэрга», дзе сабралася прыкладна 300 жанчын.

«Нам трэба было расьсекчы жанчын на групы. У маёй групе іх было прыкладна 20. Мы сталі ў „калідор“, акрамя нас былі яшчэ супрацоўнікі АМАПу ў чорнай форме. На ўзбочыне стаялі аўтамабілі. Я заўважыў, што грамадзянка пачала ўцякаць, пабег за ёй, схапіў за талію. Не магу сказаць, што вырывалася, але ўпіралася нагамі. Яна схапіла мяне за прарэху ў балаклаве для вачэй.

Маска апынулася на шыі. Я пайшоў у аўтамабіль і надзеў маску. Калі вярнуўся, калегі сказалі, што балаклава парваная. Таксама была драпіна каля правага вока памерам прыкладна 2-3 сантымэтры», — кажа Сяргей Кончык.

Пасьля затрыманьня жанчын ён паехаў у Ленінскае РУУС і напісаў заяву на «нявызначаную грамадзянку», потым у паліклініку МУС, каб апрацаваць рану.

«Маральную шкоду ацаніў спачатку ў 500 рублёў, хачу павысіць да 1 тысячы рублёў. Бо я адчуў пакуты — фізычны боль. Да таго ж відэа, дзе я без балаклавы,трапіла ў інтэрнэт, мяне пазналі на радзіме, былі пагрозы сям’і», — так апісвае свае фізычныя і маральныя пакуты амапавец.

У судзе прадэманстравалі і парваную балаклаву, кошт якой ацэнены ў 1 рубель.

«Драпіна была памерам у 1 сантымэтар»

У судзе заслухалі сьведку — камандзіра ўзводу АМАПу, таксама адбыліся судовыя спрэчкі.

АМАПавец Пятроў, камандзір узводу, дзе служыць пацярпелы Кончык, сьведчыў праз скайп. Ён назіраў за тым, што адбывалася падчас затрыманьня на маршы, з ружовага аўтобуса. Кажа, што падначаленыя працавалі ў рознай форме: ён у чорнай — з апазнавальнымі знакамі, а падначалены Кончык у аліўкавай — без апазнавальных знакаў. Усе былі ў балаклавах. Суправаджалі калёну жанчын ад «Рыгі» — былі і цывільныя аўтобусы, і адмысловыя аўтазакі.

«Натальля Хершэ, калі яе акружылі, спрабавала ўцячы. Была спроба зьняць балаклаву, але яна зьнята не была: Кончык прыціснуўся да яе тварам. Але ці цалкам была зьнята, ці напалову — я дакладна ня памятаю. У аўтобус Кончык уваходзіў у балаклаве. У вобласьці зьнешняга разрэзу правага вока ў яго была пацёртасьць, драпіна невялікая, адзін сантымэтар, магчыма, пашкоджаньне пазногцем. Такі інцыдэнт быў адзіны ў гэты дзень, таму я яго запомніў», — расказаў камандзір узводу Кончыка Пятроў.

«Абвінавачаная прычыніла пацярпеламу ня толькі фізычны боль, але і маральныя пакуты»

У судовых спрэчках першай выступіла пракурор. Абвінаваўца кажа, што спадарыня Хершэ брала актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, была ва ўзрушаным эмацыйным стане, упіралася нагамі, не хацела ісьці, пашкодзіла балаклаву, падрапала скуру на твары — то бок яна аказала супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, зьдзейсьніла гвалт, а таксама прычыніла пацярпеламу ня толькі фізычны боль, але і маральныя пакуты.

Пракурор просіць 2 гады 6 месяцаў пазбаўленьня волі. А таксама просіць спагнаць 1 тысячу рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Пацярпелы кажа, што ня хоча, каб Натальлю Хершэ моцна каралі. Яна зрабіла памылку, але зразумела гэта.

Адвакатка: «Супраціў і непадпарадкаваньне — вельмі тонкая грань»

Адвакатка засяроджвае ўвагу на тым, што пацярпелы быў без апазнавальных знакаў. А Натальля амаль 13 гадоў жыве ў іншай дзяржаве. Для яе нязвычна, што супрацоўнік сілавых структур можа быць апрануты не па форме. Таксама яна магла ня ведаць, што масавыя мерапрыемствы ў Беларусі павінны быць дазволеныя ўладамі. Яна не разумела і ня ведала некаторых акалічнасьцяў.

«Супраціў і непадпарадкаваньне — вельмі тонкая грань, адказнасьць розная — ад адміністрацыйнай да крымінальнай. Практычна ўсе такія дзеяньні кваліфікуюцца па арт 23.34. Супраціву не было: тое, што яна ўцякала — гэта не супраціў, як і тое, што яна ўпіралася нагамі і вырывалася. Абодва АМАПаўцы кажуць, што яна не вырывалася, яна проста рухалася.

Я як юрыст лічу, што супраціву не было, было непадпарадкаваньне. Зьняць балаклаву — гэта ня гвалт, цяжкіх цялесных пашкоджаньняў АМАПавец не атрымаў. Нанесьці ўдар і падрапаць твар — гэта розныя рэчы, а ў заяве ён пісаў пра нанясеньне ўдару.

Апісаньне драпіны розьніцца ў розных крыніцах. Сьведка, камандзір узводу АМАП, кажа, што драпіна была 1 см, пацярпелы — што 2–3 см. Эпітэлій, пробы з-пад пазногцяў у Натальлі не ўзялі. Фатаздымкаў драпіны няма», — кажа пра свае аргумэнты адвакатка.

Абаронца настойвае, што пакараньне можа быць зьвязанае не з пазбаўленьнем волі, а з абмежаваньнем волі, тым больш што ў Натальлі Хершэ ёсьць сваё жытло ў Воршы.

З апошнім словам Натальля Хершэ выступіць у панядзелак, 7 сьнежня. Чакаецца, што ў панядзелак будзе вынесены і прысуд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG