Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе, калі ўсе «разумныя» зьедуць зь Беларусі, як прапануюць чыноўнікі


Ілюстрацыйнае фота. Пасажыры ў Нацыянальным аэрапорце Менск
Ілюстрацыйнае фота. Пасажыры ў Нацыянальным аэрапорце Менск

Усё часьцей ад чыноўнікаў рознага ўзроўню гучаць прамыя парады тым, хто незадаволены сытуацыяй у Беларусі, — зьехаць. Пакуль вядома, што зьехалі 13 тысяч, 1200 айцішнікаў выехалі ва Ўкраіну. Разьбіраемся, што будзе з эканомікай, калі зьедуць усе незадаволеныя.

6 лістапада Лукашэнка распарадзіўся не пускаць у Беларусь тых «разумных», якія выехалі з краіны ў «гэты няпросты час». Ягоная заява была адрасаваная найперш лекарам. Яшчэ раней чыноўнікі рознага ўзроўню раілі незадаволеным «зьяжджаць».

Яшчэ напрыканцы жніўня пра гэта казаў тагачасны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў.

«Пытаньне да тых, хто так замілаваны замежнымі падскокваньнямі: вы чаму там не жывяце, вызваліўшы тут кожны сваё працоўнае месца, месца вашых дзяцей у садку, зьменшыўшы нагрузку на настаўнікаў у школе, конкурс у ВНУ і чаргу да лекара?» — заявіў тады Раўкоў.

Колькі беларусаў ужо зьехалі

У кастрычніку ў МУС заявілі, што Беларусь пакінулі ўжо 13 тысяч чалавек. Гэта тыя, хто выехаў у Польшчу, ва Ўкраіну, Літву і Латвію. Статыстыка ня ўлічвае тых, хто зьехаў у Расею, бо мяжы з гэтай краінай няма. Таксама вядома пра 1200 айцішнікаў, якія выехалі ва Ўкраіну, таму цяпер гэтая лічба можа быць значна большай.

Як гэта ўплывае на эканоміку

Унутраны валавы прадукт кожнай краіны залежыць ад колькасьці людзей, якія працуюць у гэтай краіне. Пра гэта расказвае фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

«Чым больш людзей працуюць, тым большы ВУП. Формула ВУП — гэта прадукцыйнасьць працы, памножаная на колькасьць тых, хто працуе. Калі менш працуюць — меншы прырост эканомікі. Як правіла, зьяжджаюць людзі найбольш прафэсійныя і запатрабаваныя. У іх, як правіла, самая высокая прадукцыйнасьць працы. Калі найбольш кваліфікаваныя зьяжджаюць, зьніжаецца вытворчасьць», — кажа Вадзім Іосуб.

Ён дадае, што «сярод тых жа лекараў ёсьць унікальныя спэцыялісты». Калі такія вузкія спэцыялісты будуць зьяжджаць, «няма каму будзе лекаваць некаторых пацыентаў».

Беларусь доўгі час рэклямавала свае мэдычныя паслугі на экспарт. На апэрацыі ехалі якраз да такіх вузкіх спэцыялістаў.

«Раней выяжджалі рабочыя ў Расею, у Польшчу. Гэта маглі быць нейкія сэзонныя працы, праца на будоўлі, ня самая кваліфікаваная праца. А цяпер магчымы сыход кваліфікаваных спэцыялістаў, ІТ-сэктару, лекараў. Эканоміка гэта хутка адчуе, што адаб’ецца на сярэдніх заробках», — канстатуе Вадзім Іосуб.

Таксама эканаміст адзначае, што ёсьць розьніца паміж «працоўнай міграцыяй» і «выцісканьнем людзей з краіны». У другім варыянце людзі будуць працаваць і жыць за мяжой, і Беларусь ад гэтага нічога эканамічна не займее.

«Бо раней людзі працавалі за мяжой, але грошы дасылаліся сюды», — параўноўвае спэцыяліст.

Што кажуць лічбы

Доля ІТ ва ўнутраным валавым прадукце Беларусі — 6,5%. Цяпер многія ІТ-кампаніі калі яшчэ не пераехалі за мяжу, то думаюць пра рэлякацыю. Калі ўсе ІТ-кампаніі зьедуць, ВУП страціць 8,5 мільярда рублёў.

Другая сфэра, па якой сьпярша ўдарыла эпідэмія каранавірусу, а пасьля ўнутраны палітычны крызіс, — сярэдняе і дробнае прадпрымальніцтва. Доля гэтай галіны ў ВУП — 26,1%, або 34,4 мільярда рублёў, па дадзеных на 2019 год. Менавіта пра гэтую катэгорыю ўлада часта кажа «пузатыя буржуі».

Такім чынам, калі ўсе «яйкагаловыя» і «пузатыя буржуі» выведуць свае бізнэсы зь Беларусі, ВУП страціць больш за траціну. А калі ўлічыць, што гэтыя сфэры эканомікі не закрэдытаваныя дзяржавай, як прамысловасьць і сельская гаспадарка, — то значна больш.

Людзі ж, якія працуюць у сфэры дзяржкіраваньня, сілавым блёку і ў дзяржаўнай адукацыі, жывуць за кошт бюджэту, які фармуецца, у тым ліку, праз падаткі «яйкагаловых» і «пузатых буржуяў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG