Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 80 беларускіх кампаній зацікавіліся пераносам бізнэсу ў Літву


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Больш за 80 беларускіх кампаній, сярод якіх дзясяткі з ІТ-сфэры, зацікавіліся пераносам бізнэсу ў Літву, паведамляе партал Delfi са спасылкай на зьвесткі дзяржаўнага агенцтва Investuok Lietuvoje («Інвестуй у Літве»).

«На гэты момант мы атрымалі больш за 80 запытаў, мы актыўна камунікуем зь некалькімі дзясяткамі кампаній, іх колькасьць пастаянна мяняецца. Пераважаюць запыты кампаній, якія працуюць у сфэры тэхналёгій, але ёсьць і гульцы іншых сэктараў», — сказаў гендырэктар кампаніі «Інвэстуй у Літве» Мантас Кацінас.

Цяпер галоўныя «канкурэнты» Літвы за працаўладкаваньне беларускіх спэцыялістаў — Польшча, Латвія і Ўкраіна, адзначыў кіраўнік «Інвэстуй у Літве».

Прэс-сакратар асацыяцыі Infobalt Паўлюс Якутавічус паведаміў, што ў беларускіх кампаніях, які цікавяцца пераносам бізнэсу ў Літву, агулам каля 1600 работнікаў: гэта ў асноўным малыя і сярэднія прадпрыемствы, «ад стартапу да сярэдняй кампаніі са ста работнікамі».

«Для такіх кампаній у нас ёсьць прапановы: офісы, пражываньне, рынак, магчымасьці супрацоўніцтва», — сказаў Якутавічус і назваў цяперашнюю сытуацыю беспрэцэдэнтнай, бо раней Літвой цікавіліся асобныя прадпрымальнікі або спэцыялісты, а цяпер гэта цэлыя кампаніі.

Разам з тым літоўскія экспэрты зьвяртаюць увагу на пакуль яшчэ складаную працэдуру іміграцыі, што зьяўляецца перашкодай для беларускіх кампаній. Цяпер у Літве ўдасканальваюць працэдуру для хуткага працэсу пераезду і інвэстыцый, думаюць пра адмову ад залішніх дакумэнтаў, спрашчэньне працэдуры выдачы візаў і патрабаваньняў да кваліфікацыі работнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG