Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі Інстытуту фізыкі заявілі пра «італьянскі страйк»

абноўлена

 Іван Сіўцоў
Іван Сіўцоў

Супрацоўнікі Інстытуту фізыкі Нацыянальнай акадэміі навук заявілі, што пачынаюць «італьянскі страйк». Пра гэта Свабодзе паведаміў старшы навуковы супрацоўнік Іван Сіўцоў.

У кіраўніцтве Акадэміі навук пакуль не камэнтуюць сытуацыю вакол страйку ў Інстытуце фізікі. На запыт Свабоды супрацоўнік прэзыдыюму адказаў, што "акалічнасьці вывучаюцца".

«Нармальны чалавек ня можа заставацца абыякавым»


Раніцай 12 жніўня больш за дзясятак супрацоўнікаў Інстытуту фізыкі занялі месца ў фае ўстановы. Перад сабой паставілі плякат з патрабаваньнямі да ўладаў:

— на падставе масавых фальсыфікацый не прызнаваць вынікаў галасаваньня на выбарах прэзыдэнта;

— выпусьціць палітзьняволеных і затрыманых падчас акцый пратэсту ў дзень і пасьля выбараў;

— падключыць інтэрнэт, безь якога праца ў цяперашніх умовах робіцца немагчымай.

Падразьдзяленьне Івана Сіўцова сярод іншага далучанае да касьмічных праектаў Акадэміі навук, мае шырокія міжнародныя кантакты ў гэтай галіне.

«Гэта фармат такога „італьянскага страйку“: пакуль на вуліцу з плякатамі не выходзім, застаёмся ў інстытуцкім будынку, але патрабаваньні ў нас чыста палітычныя, — пацьвярджае Іван Сіўцоў. — Па-першае, выказваем недавер да вынікаў выбараў, хоць пералікам галасоў ужо наўрад ці хто будзе займацца. Па-другое, настойваем на спыненьні гвалту і вызваленьні ўсіх арыштаваных, бо дэманстрацыі такой нянавісьці да ўласнага народу няма больш нідзе. Па-трэцяе, выступаем супраць адключэньня інтэрнэту, таму што папросту ня можам працаваць. А нашай сфэры бяз гэтага ніяк».

Ці думалі арганізатары навуковага страйку пра наступствы для сябе? Інстытут фізыкі — акадэмічная ўстанова, цалкам падпарадкаваная дзяржаўнай сыстэме. Якія гарантыі, што на гэтым супрацоўніцтва зь імі ня спыніцца з ініцыятывы адміністрацыі?

«Так, думалі, і вельмі сур’ёзна, — кажа Іван Сіўцоў. — Але такое трываць ужо немагчыма, нармальны чалавек ня можа быць абыякавым да ўсяго, што адбываецца навокал. Для нас спускавым цынгелем стала тое, што на выбарчым участку, дзе прадстаўнікі інстытуту ўваходзілі ў склад выбаркаму і нібыта вялі падлік галасоў „празрыста і адкрыта“, абсалютна не супалі лічбы назіраньня і агучаныя. Перамога Лукашэнкі зь нейкім гіганцкім лікам, хоць не было і блізка. Зусім не адпавядаюць дадзеныя падлікам незалежных назіральнікаў ні ў яўцы, ні ў раскладзе галасоў. Бессаромныя, непрыхаваныя фальсыфікацыі».

«Мы гатовыя на ахвяры дзеля выкананьня законнасьці»

Навуковец ад пачатку не сумняваўся, што арганізатары палітычнага страйку будуць выкліканыя ў вышэйшыя інстанцыі, але ад сваіх прэтэнзій да ўладаў адступаць не зьбіраюцца. Калі трэба, будуць і аргумэнтацыя, і спасылка на факты, працягвае Іван Сіўцоў.

«На самым пачатку працоўнага дня мы з плякатам занялі „абарону“ на прахадной, дзе сустракалі калегаў, — расказвае навуковец. — Безумоўна, маглі толькі ўявіць рэакцыю дырэкцыі, але ў гэтым выпадку справа гонару кожнаму беларусу акрэсьліць сваё стаўленьне да цяперашняга беззаконьня. Пакуль нас ня так шмат — больш за 10 чалавек. Можна сказаць, зусім мала на фоне колькаснага складу інстытуту. Але гэта толькі пачатак. У прыватнасьці, мы гатовыя на ахвяры дзеля выкананьня законнасьці ў краіне, як ні высакапарна прагучыць».

Іван Сіўцоў выказвае спадзяваньне, што іх учынак стане прыкладам для перайманьня для іншых навукоўцаў і акадэмічных падразьдзяленьняў.

Паводле навукоўца, ініцыятараў страйку запрасілі на гутарку да кіраўніцтва Інстытуту фізыкі. Калі ад сваіх патрабаваньняў тыя не адмовіліся, некалькі ўпаўнаважаных на перамовы выклікалі да старшыні Акадэміі навук Ўладзімера Гусакова. Вынікі прафіляктычнай гутаркі пакуль невядомыя.

Цяпер навукоўцы шукаюць юрыдычнай падтрымкі, каб падмацаваць законнасьць сваіх патрабаваньняў.

У кіраўніцтве Акадэміі навук пакуль не камэнтуюць сытуацыю вакол страйку, кажуць, што абставіны вывучаюцца.

Раней пра палітычныя прэтэнзіі да ўладаў заявілі супрацоўнікі і рабочыя шэрагу прадпрыемстваў у Менску, Горадні, Жабінцы, Жлобіне, Жодзіне ды іншых месцах.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG