Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэпрэсіі нацэленыя на рабочых». Прафсаюзны лідэр пра «перадстрайкавую» сытуацыю ў Наваполацку 


Завод «Палімір», які належыць таварыству «Нафтан».
Завод «Палімір», які належыць таварыству «Нафтан».

Наваполацак — адзін з гарадоў Беларусі, дзе сілавікі 9–11 жніўня абыходзіліся з пратэстоўцамі найбольш жорстка. Амапаўцы выкарыстоўвалі спэцсродкі, дзясяткі ўдзельнікаў мірных акцый зьбітыя і затрыманыя, кажуць сьведкі.

Старшыня Свабоднага прафсаюзу беларускага Мікалай Шарах нагадвае, што Наваполацак — малады індустрыяльны горад. Большая частка 100-тысячнага насельніцтва занятая на мясцовых прадпрыемствах. Перадусім гэта «Нафтан», «Палімір», «Вымяральнік», «Наваполацакжалезабэтон», мясцовая ЦЭЦ і г.д.

«Нафтан» з сваімі структурамі — горадаўтваральнае прадпрыемства, — кажа Свабодзе прафсаюзны лідэр. — Бадай, у кожнай сям’і ёсьць прадстаўнік на НПЗ ці «Паліміры». Там працуе шмат моладзі — людзі з сучаснымі, дэмакратычнымі поглядамі, якія сваім прыкладам здолелі разварушыць нават традыцыйна пасіўны Полацак. Яны ідуць у першых шэрагах пратэстоўцаў, каб выказаць стаўленьне да беззаконьня, якое ахутала ўсю краіну. Адпаведна, рэпрэсіі нацэленыя на рабочых. Але калі ўсіх паб’юць, арыштуюць, хто будзе працаваць?»

Мікола Шарах
Мікола Шарах

Пакуль Наваполацак не фігуруе сярод гарадоў, дзе рабочыя пачалі пратэсты, але настроі ў калектывах ужо на мяжы, кажа Мікола Шарах. Міліцэйскі гвалт можа стаць апошнім штуршком. Цяпер палітычныя страйкі зь непрызнаньнем вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў адбываюцца ў Менску, Жлобіне, а паводле некаторых зьвестак таксама ў Горадні, Жабінцы ды іншых гарадах.

Неадэкватна жорсткі адказ сілавых структураў на актыўнасьць гараджанаў невытлумачальны, лічыць лідэр Свабоднага прафсаюзу беларускага. Калі ў суседнім Полацку міліцыя экіпаваная мінімальна, то ў «мяцежным» Наваполацку амапаўцы хаваюцца за шчытамі, арудуюць дручкамі і страляюць гумовымі кулямі.

У Наваполацку за некалькі апошніх дзён колькасьць затрыманых перасягнула сотню, яшчэ больш за 50 схопленыя ў Полацку. Як кажа Мікола Шарах, у якасьці месца часовага ўтрыманьня выкарыстоўваецца будынак ціру на тэрыторыі гарадзкога стрэльбішча, некаторых вязьняў адвезьлі ажно ў Вушачу.

Як паказвае практыка, працягвае суразмоўца, гвалт супраць сваіх жа людзей беспэрспэктыўны. Паводле ягоных адчуваньняў, многія міліцыянты робяць сваю працу без энтузіязму, цісьне толькі загад начальства. І калі зь цягам часу нарэшце прыйдзе разуменьне, што яны саўдзельнікі злачынства, шчыты і дручкі паляцяць убок, перакананы Мікола Шарах.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG