Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Ня дай бог забілі б кагосьці. Патрэбная была сакральная ахвяра»

абноўлена

Пратэсты ў Менску, 10 жніўня
Пратэсты ў Менску, 10 жніўня

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком місіі назіральнікаў СНД Сяргеем Лебедзевым 10 жніўня пракамэнтаваў «фэйкі» пра падзеі прэзыдэнцкіх выбараў і прысутнасьць вайскоўцаў каля штабу кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай, піша БелТА.

Паводле Лукашэнкі, у ноч на 10 жніўня міліцыянты і вайскоцы «вельмі годна сябе паводзілі, сапраўдныя патрыёты». Але цяпер «укідваюць фэйкі, што ў нейкім горадзе хлопцы з АМАП ледзьве не шчыты склалі», адзначыў Лукашэнка, не назваўшы горад.

Ён заявіў, што супрацоўнікі АМАП кажуць: «Мы краіну на шчыты ня складваем, мы будзем яе абараняць наколькі гэта магчыма».

Пазьней ананімны Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі, апублікаваў фрагмэнт відэа, на якім Лукашэнка разважае, што быў «фэйк, што там кагосьці забілі» — «інфармацыя, што нібыта прыехаў з Польшчы рэвалюцыю рабіць, і яго забілі».

Лукашэнка таксама пракамэнтаваў прысутнасьць вайскоўцаў каля штабу кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай. Ён адзначыў, што ў адным офісе сабралі прадстаўнікоў штабоў, што аб’ядналіся вакол Ціханоўскай, «плюс яшчэ нейкіх апазыцыйных журналістаў» (у штабе Ціханоўскай уначы праходзіла прэс-канфэрэнцыя).

Паводле Лукашэнкі, «мы ад іх жа» — прадстаўнікоў штабу — «атрымалі інфармацыю, што вакол зьбіраецца натоўп».

«Вострая сытуацыя — і ад іх нехта папрасіў, каб улада іх абараніла, — заявіў Лукашэнка пра штаб Ціханоўскай. — Я даручыў КДБ неадкладна наймацнейшых вайскоўцаў накіраваць і негалосна ўзяць пад кантроль гэты офіс, каб, ня дай бог, не забілі каго-небудзь: патрэбная была сакральная ахвяра.

Але пашанцавала, што з іхнага штабу патэлефанавалі нашым хлопцам у міліцыі і папрасілі абарону. Мы іх абаранялі ўсю ноч і дагэтуль кантралюем сытуацыю».

Праваабарончы цэнтар «Вясна» раней паведамляў пра аднаго загінулага пратэстоўца ў ноч на 10 жніўня. МУС запэўнівае, што загінулых не было.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG