Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская паабяцала правесьці за паўгода новыя прэзыдэнцкія выбары. Разьбіраліся зь юрыстам, ці магчыма так зрабіць.
У сваёй перадвыбарчай праграме Сьвятлана Ціханоўская абяцае выдаць указ аб зьменах выбарчага заканадаўства, падрыхтаваць усё для правядзеньня новых выбараў і правесьці адначасова зь імі рэфэрэндум аб вяртаньні да пачатковай рэдакцыі Канстытуцыі 1994 году. Да правядзеньня новых, сумленных выбараў у пераходны пэрыяд краінай будуць кіраваць тыя ж чыноўнікі, што і цяпер, акрамя тых, хто груба парушаў закон.
«Узьнікае шэраг тупіковых сытуацый»
Паводле доктара юрыдычных навук і былога судзьдзі Канстытуцыйнага суду Міхаіла Пастухова, цяперашнія выбары праходзяць па дзейнай рэдакцыі Канстытуцыі ўзору 1996 году, і ў выпадку перамогі «нібыта ёю трэба далей і кіравацца».
«Але тут узьнікае шэраг тупіковых сытуацый. Будзе новы прэзыдэнт, уявім Сьвятлану Ціханоўскую, і застаюцца створаныя Лукашэнкам нелегітымныя органы ўлады. Усе яны незаконныя, нелегітымныя пасьля рэфэрэндуму 1996 году, калі незаконна была ўведзена новая рэдакцыя Канстытуцыі, насуперак рашэньню суду, і было мноства парушэньняў. Сьвятлана Ціханоўская як бы стане іншародным целам у гэтай сыстэме. Калі яна думае зь імі супрацоўнічаць альбо рэфармаваць іх, то яна, канечне, завязьне ў гэтым балоце».
Прэзыдэнцкія выбары прызначае Палата прадстаўнікоў, і для гэтага патрэбныя прававыя падставы. Адна зь іх — адстаўка прэзыдэнта. То бок калі Ціханоўская хоча прызначыць новыя выбары па Канстытуцыі ўзору 1996 году, то яна павінна напісаць заяву ў Палату прадстаўнікоў, прызнаючы як бы іх легітымнасьць, і яны прымаюць рашэньне па гэтай адстаўцы бальшынёй галасоў.
«Можна ўявіць два варыянты: першы варыянт найбольш верагодны, што пачнуцца дамоўленасьці паміж дэпутатамі і новым прэзыдэнтам тыпу „давайце жыць дружна, навошта вам новы парлямэнт, новы прэзыдэнт, мы з вамі гатовыя сябраваць, мы вас таксама будзем любіць, плаціце нам толькі ранейшыя міністэрскія заробкі“.
Другі варыянт, калі задавальняецца просьба Ціханоўскай, і тады па дзейнай Канстытуцыі цягам 70 дзён дэпутаты павінны прызначыць выбары. Уявім, што яны прызначаць выбары. Зноў па той жа Канстытуцыі, па тым жа Выбарчым кодэксе, пры тым жа ЦВК. Хоць, вядома, Ціханоўская можа прапанаваць новыя кандыдатуры кіраўніка і гэтак далей».
Паводле Міхаіла Пастухова, выбары могуць адбыцца, але ня факт, што на іх пераможа Віктар Бабарыка, Валер Цапкала альбо Сяргей Ціханоўскі.
«Зусім верагодна, што сыстэма падрыхтуе свайго кандыдата, у тым ліку ўзгодненага з Расеяй. То бок аўчынка, можа, ня будзе варта вычынкі. То бок Ціханоўская згубіць царскія паўнамоцтвы, і ў выніку новым прэзыдэнтам можа стаць кот у мяшку. Таму гэты варыянт для рэалізацыі высакароднай ідэі лічу ня вельмі адпаведным».
«Ціханоўская можа прынесьці прысягу на вернасьць Канстытуцыі 1994 году»
У выпадку перамогі дэмакратычнага кандыдата для аднаўленьня ў краіне канстытуцыйнай законнасьці, дэмакратыі і правоў чалавека трэба вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году, кажа Пастухоў. З гледзішча права, мяркуе юрыст, яна зьяўляецца адзінай законнай Канстытуцыяй Беларусі.
«Яна была часова незаконна прыпыненая па выніках рэфэрэндуму 1996 году. Аднак тыя папраўкі, якія ў яе ўносіліся, зьяўляюцца нікчэмнымі зь юрыдычнага гледзішча, бо рэфэрэндумы былі незаконныя, сумнеўныя, і шэраг пытаньняў ня мог на іх выносіцца. Таму, абапіраючыся на думку незалежных экспэртаў, калі трэба — і міжнародных, Ціханоўская можа прынесьці прысягу на вернасьць Канстытуцыі 1994 году. Гэта цалкам магчыма з прававога гледзішча».
«Дэмакратыя заўсёды пачынаецца з часовых парлямэнтаў»
Паводле Міхаіла Пастухова, каб пацьвердзіць правільнасьць гэтага ходу, мэтазгодна сабраць шырокі форум прадстаўнікоў беларускага народу, накшталт Усебеларускага сходу народных прадстаўнікоў. Новы прэзыдэнт Сьвятлана Ціханоўская можа яго сабраць як часовы парлямэнт. Туды могуць увайсьці прадстаўнікі палітычных партый і грамадзкіх арганізацый, навуковыя, культурныя дзеячы, прадстаўнікі рэгіёнаў.
«Да зацьвярджэньня новай сыстэмы органаў улады сход можа быць часовым парлямэнтам. Дэмакратыя заўсёды пачынаецца з такіх вось часовых парлямэнтаў, якія ўвасабляюць уладу народу. Гэта ў прынцыпе знаходзіцца ў рэчышчы 3-га артыкула Канстытуцыі. І гэты часовы парлямэнт можа таксама ўхваліць пераход краіны да Канстытуцыі 1994 году і да раней дзейнага заканадаўства і абвясьціць, што ўсё, што было пасьля рэфэрэндуму 1996 году, ёсьць незаконным, нелегітымным, падлягае скасаваньню, уключна з прававымі актамі».
«Можа вызначыць парадак абраньня прэзыдэнта парлямэнтам»
Паводле Міхаіла Пастухова, можа быць створаны часовы ўрад, прызначаны часовыя кіраўнікі сілавых структур, генпракурор, кіраўнік Нацбанку, ЦВК. Самае галоўнае, што патрабуецца ад гэтага часовага парлямэнту (Нацыянальнага сходу ці сойму), — прызначыць выбары ў легітымны парлямэнт, якім зьяўляецца Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь з 260 дэпутатаў. Гэтыя выбары могуць прайсьці ў дэмакратычнай абстаноўцы па законе аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савету, які быў прыняты яшчэ да Лукашэнкі.
«Гэта зусім рэальна. І калі будзе сфармаваны паўнамоцны склад Вярхоўнага Савету, ён можа пачаць фармаваньне іншых органаў улады. Таксама ён можа разгледзець папраўкі ў Канстытуцыю 1994 году. Сярод іншага, можа сур’ёзна абмежаваць паўнамоцтвы прэзыдэнта, пакінуць яму неабходныя функцыі. Можа таксама вызначыць парадак абраньня прэзыдэнта, напрыклад парлямэнтам, як і іншых службовых асобаў. Нічога не перашкаджае парлямэнту (Вярхоўнаму Савету) абіраць нароўні з кіраўніком ураду, кіраўніком ЦВК, генпракурорам яшчэ і прэзыдэнта, умоўна кажучы, на 4 гады».
Паводле Міхаіла Пастухова, пасада прэзыдэнта будзе цырыманіяльнай, намінальнай, якая ўвасабляе Беларусь найперш на міжнароднай арэне.
«Ці патрэбная Беларусі наогул такая пасада — можна абмяркоўваць. Ва ўсякім разе, калі на выбарах пераможа Сьвятлана Ціханоўская, то для яе гэта будзе вельмі ганаровая, паважаная пасада, якая ня будзе яе надта абцяжарваць, і яна цалкам можа быць абраная на новага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Такі варыянт мне падаецца вельмі рэальным і даволі легітымным, паколькі атрымае ўсенародную падтрымку, ня меншую, чым тая, якую атрымае Ціханоўская на выбарах у выпадку перамогі».
«Гэта тое ж, што на сонца гаварыць, што гэта сонца»
Сьвятлана Ціханоўская ў выпадку абраньня прэзыдэнтам можа прызначыць рэфэрэндум па любых пытаньнях. І тут, паводле Міхаіла Пастухова, адчыняецца яшчэ адзін шлях. На рэфэрэндум можна вынесьці пытаньне аб зьменах і дапаўненьнях у Канстытуцыю 1994 году і пытаньне аб аднаўленьні яе дзеяньня.
«Але справа ў тым, што гэтая Канстытуцыя была і ёсьць законная, і праводзіць рэфэрэндум аб яе аднаўленьні няма юрыдычных падстаў. Гэта тое ж, што на сонца гаварыць, што гэта сонца. То бок гэта пазбаўлена ўсялякага сэнсу. Калі гаворка пра аднаўленьне Канстытуцыі 1994 году, то новы кіраўнік дзяржавы можа яе прызнаць дэ-факта і дэ-юрэ, прыняўшы прысягу на падставе гэтай Канстытуцыі. Можа на Бібліі і Канстытуцыі, і заручыцца падтрымкай Усебеларускага сходу, які стане часовым парлямэнтам, пакуль ня будзе абраны легітымны парлямэнт».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.