Старшыні ці сябры прынамсі 30 выбарчых камісій прымаюць людзей у грамадзкіх прыёмных кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі, створаных арганізацыяй «Белая Русь». Чым яны там займаюцца і ці парушае гэта выбарчае заканадаўства?
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Паводле Выбарчага кодэксу, асобы, якія ўваходзяць у склад камісіі, ня маюць права браць удзел у агітацыі за ці супраць кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі.
«Ніякай агітацыі не было»
Дырэктар Цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Савецкага раёну Гомля Юлія Кадол пацьвердзіла, што зьяўляецца старшынёй участковай камісіі № 33 Савецкага раёну і што 25 ліпеня мае дзяжурыць у грамадзкай прыёмнай. На пытаньне, ці агітуюць там за Аляксандра Лукашэнку, яна адказала, што гэта «не абавязкова агітацыя».
«Проста людзі будуць задаваць пытаньні, якія іх цікавяць. Там штодня прымаюць розныя людзі, вырашаюць пытаньні грамадзян. Я нікога ні за кога не агітую. Я проста магу адказаць людзям на пытаньні, якія іх цікавяць. Я там не як сябра камісіі».
Галіна Бычкоўская зьяўляецца старшынёй участковай камісіі № 3 у Лагойску. Яна дзяжурыла ў грамадзкай прыёмнай 21 ліпеня як старшыня раённай Лагойскай арганізацыі Беларускага саюзу жанчын. Ці агітавала яна ў прыёмнай за Аляксандра Лукашэнку?
«Не. Грамадзкая прыёмная працуе для прыёму грамадзян, прымаем людзей са зваротамі, праблемамі. Да нас зьвярталася жанчына пра захаваньне санітарных нормаў на каналізацыйных стоках. Там вядзецца журнал прыёму грамадзян і пытаньні накіроўваюцца для вырашэньня».
Ці ёсьць, на думку Галіны Бычкоўскай, супярэчнасьць у тым, што яна зьяўляецца кіраўніцай выбарчай камісіі і працуе ў грамадзкай прыёмнай кандыдата ў прэзыдэнты?
«У прыёмнай праводзіцца не агітацыя, а прыём грамадзян, у якіх ёсьць праблемныя пытаньні. Агітацыя праводзіцца там, дзе ёсьць пікеты. Я не ўваходжу ў склад яго ініцыятыўнай групы».
Старшыня ўчастковай камісіі No64 Заводзкага раёну Менску, ён жа намесьнік дырэктара КУП «Жыльлёва-камунальная гаспадарка Заводзкага раёну гораду Менску» Мікалай Бойка таксама дзяжурыў у грамадзкай прыёмнай. Ці агітаваў ён за Лукашэнку?
«Ніякай агітацыі не было. Прыходзіла жанчына, прасіла лаўкі каля пад’езда паставіць, яшчэ наконт кіёска „Табакерка“... Мы далі даручэньне паставіць лаўкі», — сказаў ён.
Ці бачыць ён супярэчнасьць у тым, што зьяўляецца старшынёй выбарчай камісіі і працуе ў прыёмнай кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі?
«Я там як сябра „Белай Русі“, выбарчая камісія да працы не прыступіла. А што, я не магу нейкія іншыя даручэньні выконваць? Ніякай тут супярэчнасьці і парушэньня».
Начальнік Смаргонскага занальнага вузла электрасувязі, ён жа намесьнік старшыні Смаргонскай раённай выбарчай камісіі Аляксандар Нікадон будзе весьці прыём 4 жніўня. Таксама кажа, што не зьбіраецца агітаваць у прыёмнай за Аляксандра Лукашэнку.
«Я дэпутат раённага Савету дэпутатаў і буду прымаць грамадзян, калі яны будуць прыходзіць са сваімі пытаньнямі. Я ў першую чаргу дэпутат».
Намесьнік старшыні Верхнядзьвінскай раённай выбарчай камісіі, начальнік упраўленьня працы, занятасьці i сацыяльнай абароны Верхнядзьвінскага райвыканкаму Ільля Бальшой будзе прымаць грамадзян 23 ліпеня.
«Калі нехта будзе зьвяртацца, буду кансультаваць. Я куратар пытаньняў сацыяльнай сфэры».
На пытаньне, ці будзе ён агітаваць за Лукашэнку падчас прыёму, Ільля Бальшой сказаў, што гэта не ягоны абавязак. А хто яго прасіў папрацаваць у грамадзкай прыёмнай? Ільля Бальшой кажа, што робіць гэта «па сваёй ініцыятыве».
«А ці займаецца ён там агітацыяй, гэта не да мяне пытаньне»
У прававым аддзеле Цэнтрвыбаркаму карэспандэнту Свабоды сказалі, што камэнтаваць сытуацыю складана, бо «трэба глядзець, чым займаюцца грамадзкія прыёмныя».
«Альбо сяброў участковай камісіі запрасілі туды для інфармаваньня, каб сябры камісіі нешта патлумачылі наконт арганізацыі працэсу галасаваньня. Альбо можа быць іншая сытуацыя, што сябры ўчастковай камісіі прыйшлі ў грамадзкія прыёмныя з мэтай агітацыі. Гэта зусім іншае», — сказаў намесьнік прававога аддзелу Іван Толкач.
У ЦВК сказалі, што сябра выбарчай камісіі ня можа займацца агітацыяй.
«А ці займаецца ён там агітацыяй, гэта не да мяне пытаньне. Я гэтага ня ведаю», — сказаў Іван Толкач. Пракантраляваць гэта ў ЦВК ня бачаць магчымасьці з прычыны малой колькасьці супрацоўнікаў, якія займаюцца арганізацыяй працэсу выбараў.
«У грамадзкіх прыёмных зьбіралі подпісы за Аляксандра Лукашэнку»
Раней Партыя БНФ падавала скаргу, што адміністрацыі разьмяшчаюць абвесткі аб працы гэтых прыёмных на афіцыйных сайтах у разьдзеле «Выбары».
«Рабілася гэта тады, калі ў грамадзкіх прыёмных зьбіралі подпісы за Аляксандра Лукашэнку. Адміністрацыі адкрыта спрыялі гэтай дзейнасьці. „Белая Русь“ не зьвяртае ўвагі на нейкія абмежаваньні заканадаўства ў сваёй працы для забесьпячэньня выбраньня Лукашэнкі. Але ніякіх захадаў для абмежаваньня гэтай незаконнай дзейнасьці ўлады ня робяць, бо гэта ж адна сыстэма», — сказаў палітоляг Юры Чавусаў. Але ж апытаныя карэспандэнтам Свабоды сябры выбарчых камісій, якія працуюць у прыёмных кандыдата Лукашэнкі, сьцьвярджаюць, што за яго не агітуюць.
«Але агітуе „Белая Русь“, і гэта дзейнасьць, якая садзейнічае агітацыі. І падчас збору подпісаў там зьбіраліся подпісы за Лукашэнку», — кажа Юры Чавусаў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.