У Менску ў раёне Нямігі невядомыя схапілі карэспандэнта Радыё Свабода Антона Трафімовіча і пазаштатную карэспандэнтку агенцтва БелаПАН Віялету Саўчыц.
Абноўлена: а 20:34 журналістаў вызвалілі з Заводзкага РУУС.
Сьведка паведаміла, што журналістаў схапілі людзі ў цывільным і пасадзілі ў мікрааўтобус. Пазьней высьветлілася, што гэта была міліцыя.
Перад затрыманьнем Антон Трафімовіч вёў жывы рэпартаж ад будынку Цэнтральнай выбарчай камісіі.
Пасьля закрыцьця ЦВК а 19-й гадзіне на вуліцы Мясьнікова АМАП пачаў затрымліваць людзей з чаргі, вуліцу перакрылі аўтазакамі і сілавікамі. Таксама адбыліся затрыманьні каля гатэлю «Менск». Колькі менавіта людзей затрымалі на момант публікацыі невядома.
Як паведамляў Антон Трафімовіч, «зачыстка» пачалася а 19:09. Людзі ў цывільным пачалі затрымліваць выпадковых людзей, якія разыходзяцца з чаргі, і забіраць іх у аўтазакі. Людзі не разьбягаліся, а працягвалі спакойна разыходзіцца. Зачыніліся станцыі мэтро «Плошча Перамогі» і «Кастрычніцкая».
Здымачную групу Свабоды АМАП хацеў пасадзіць у свой аўтобус, але пабачыўшы дакумэнты, адпусьцілі. Аднак пазьней Антона Трафімовіча схапілі людзі ў цывільным.