15 ліпеня каля Дома ўраду ў Менску, дзе месьціцца ЦВК, выстраілася чарга з ахвотных падаць скаргу ў Цэнтравыбаркам на яго ўчорашняе рашэньне аб адмове зарэгістраваць Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу кандыдатамі ў прэзыдэнты.
Пад вечар чарга зь дзьвюх тысяч чалавек расьцягнулася больш як на кілямэтар.
Людзі воплескамі віталі прадстаўніцу выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Марыю Калесьнікаву і адваката Бабарыкі Ільлю Салея. Калесьнікава падзякавала беларусам, якія выйшлі 14 ліпеня на акцыі пратэсту па ўсёй краіне.
За гадзіну да заканчэньня працы ЦВК міліцыянты заклікалі людзей з чаргі разысьціся, папярэджваючы, што яны не пасьпеюць падаць скаргу асабіста.
А 19-й гадзіне ЦВК зачыніўся, і АМАП пачаў затрымліваць людзей.
Пасьля завяршэньня стрыму людзі ў цывільным схапілі карэспандэнта Свабоды Антона Трафімовіча і пазаштатную карэспандэнтку БелаПАН Віялету Саўчыц. Іх павезьлі ў мікрааўтобусе. Пазьней высьветлілася, што іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Антону Трафімовічу пры затрыманьні зламалі нос. Журналістаў завезьлі ў пастарунак, пасьля чаго неўзабаве вызвалілі.
Акрамя гэтага, праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе пра затрыманьні яшчэ 14 чалавек у Менску. Паводле папярэдняй інфармацыі «Вясны», у Барысаве затрымалі 15 чалавек, у Горадні — 5.
21:55 Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць, што па стане на 21.55 вядома як мінімум пра 16 затрыманых сёньня ў Менску: Аляксандар Куўшынаў, Антон Кузьменка, Пётар Шамшэеў, Павал Хаміцкі, Антон Трафімовіч (журналіст Радыё Свабода, вызвалены), Віялета Саўчыц (журналістка, вызваленая), Мікалай Білбас, Віктар Куўшынаў, Андрэй Баклінаў, Ліза Крышкоўская, Аляксандар Зубкоў (у РУУС Маскоўскага раёну), Алег Мікалайчук (грамадзянін ЗША), Алег Увараў, Сяргей Кулеш, Руслан Рабкавец, Раман Петрашкевіч (у РУУС Маскоўскага раёну). Сьпіс абнаўляецца.
20:45 Вызвалілі карэспандэнта Свабоды Антона Трафімовіча і пазаштатную карэспандэнтку БелаПАН Віялету Саўчыц.
20:15 Кадры затрыманьняў у Менску:
20:15 Плошчу Незалежнасьці зачысьцілі, запусьцілі рух транспарту. Па праспэкце яшчэ курсуюць аўтазакі і мікраатобусы з праваахоўнікамі ў цывільным. Каля плошчы Незалежнасьці прыпаркаваныя некалькі аўтазакаў, дзяжурыць АМАП.
АМАП спрабуе выцесьніць людзей з плошчы Незалежнасьці.
20:10 Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што ім вядомыя імёны ўжо 6 затрыманых у Менску: Аляксандар Куўшынаў (затрыманы на ровары зь дзіцячым крэслам каля гатэлю «Менск»), Антон Кузменка, Пётар Шамшэеў, Павел Хаміцкі, Антон Трафімовіч (журналіст Радыё Свабода), Віялета Саўчыц (журналістка БелаПАН).
Як паведамляюць праваабаронцы і відавочцы, затрымалі таксама грамадзяніна ЗША прозьвішча ўдакладняецца).
У Барысаве затрыманыя ўжо мінімум 15 чалавек: Іван Самсонаў, Сьвятлана Самсонава, Аляксандар Камісаранка, Дзяніс Мандзік, Юлія Іваноўская, Багдан Усьцінаў, Марыя Кукарэка, Іван Сергіевіч і яшчэ як мінімум 7 чалавек. Сьпіс абнаўляецца.
19:50 У Горадні на Савецкай плошчы затрымалі двух раварыстаў, якія мянялі кола ў ровара.
19:47 На праспэкце Незалежнасьці АМАП затрымаў раварыста. Ён запытаў, ці можа праехаць, удакладніў, што на Багдановіча. Пасьля гэтага забралі.
19:39 У менскім аддзяленьні пошты на чыгуначным вакзале адключылі сьвятло, людзі пачалі пляскаць у далоні.
Галоўпаштамт каля плошчы Незалежнасьці вырашылі закрыць «па тэхнічных прычынах», як толькі туды падышлі людзі, каб адправіць свае скаргі ў ЦВК.
19:37 Пасьля завяршэньня стрыму затрымалі карэспандэнта Свабоды Антона Трафімовіча. Таксама затрымалі пазаштатную карэспандэнтку БелаПАН Віялету Саўчыц.
19:30 Менскае мэтро паведаміла ў Твітэры, што станцыі Кастрычніцкая, Купалаўская і Плошча Перамогі, па рэкамендацыі ГУУС, з 19.05 зачыненыя на ўваход і выхад, «з мэтай выключэньня перапаўненьня плятформаў і вэстыбюляў». Цягніка ідуць без прыпынку на дадзеных станцыях.
19:27. Людзі разыходзяцца. Стрым завершаны.
19:23 Сыгналяць аўтамабілі, якія праяжджаюць міма. На прыступках Галоўпаштамту засталіся групы людзей. АМАП жывым ланцугом адцясьняе іх ад будынку.
19:15 Паводле сьведкі, з аднаго з аўтазакаў даносіліся гучныя крыкі. Перакрываюць праспэкт Незалежнасьці, ля гатэлю «Мінск» затрымалі раварыста, там прысутнічае кіраўнік менскага АМАПу Дзьмітры Балаба, стаяць тры аўтазакі і два мікрааўтобусы.
19:12 Сьведкі-жанчыны: АМАПавец штурхануў жанчыну і прыкрыкнуў: «Адыдзі, тлустая карова!»
19:10 Сьведка-хлопец кажа, што па рацыі чуў, як загадвалі затрымліваць толькі мужчын.
19:09 Карэспандэнт Свабоды: Пачалася зачыстка. Людзі ў цывільным пачалі адвольна затрымліваць тых, хто разыходзяцца з чаргі, і забіраць іх у аўтазакі. Людзі не разьбягаюцца, а працягваюць спакойна разыходзіцца. Зачыняюць станцыі мэтро «Плошча Перамогі» і «Кастрычніцкая».
19:06 Здымачную групу Свабоды АМАП хацеў зацягнуць у свой аўтобус, але пабачыўшы дакумэнты, адпусьцілі.
19:04 Карэспандэнт Свабоды: Унутраныя войскі перакрылі ланцугом вуліцу Мясьнікова. Перакрыты таксама праспэкт у раёне Паштамта.
19:01 Гучаць воплескі. Каму? Дзяўчына гадоў 20: мы пляскалі самі сабе і ўсяму беларускаму народу.
18:59 Маладому чалавеку, які толькі што зайшоў у будынак ЦВК, там сказалі, што ён апошні, каго сёньня прымуць. З чаргі яму далі з сабой цэлы стос скаргаў. Людзі пачынаюць разыходзіцца.
18:54 Дзяўчына гадоў 22, якая выйшла з ЦВК, падаўшы заяву: Мы стаялі 6 гадзінаў. У мяне быў нумар 1 110 – я так зразумела, што за дзень прынялі сёньня столькі заяваў.
18:52 Дзяўчына гадоў 25: страшна, вядома, калі бачыш гэтыя аўтазакі, але мне няма чаго губляць. Я рада, што прыйшла.
18:46 Група моладзі гадоў па 20: Людзі стаяць, бо хочуць паказаць, што яны ёсьць. Палітвязьні сядзяць за нас, і калі закінуць гэтую справу – так ня пойдзе. Калі б'юць жанчыну дубінкай, бабулі руку ламаюць – чалавек ня можа сядзець спакойна. Нам трэба вызначыцца з тактыкай: ёсьць армянская тактыка – разьбягацца ад АМОНу і вяртацца, гэта, здаецца, правільная тактыка. Але і дапамагаць тым, каго б'юць, трэба.
18:44 Карэспандэнт Свабоды: Вуліцу Мясьнікова рыхтуюць да зачысткі, шмат аўтазакаў, спэцыяльных аўтобусаў і міліцыі.
18:37 Карэспандэнт Свабоды: Паставілі апамаўцаў і людзей у цывільным ля канца чаргі. Нікога не падпускаюць. Міліцыянты пэрыядычна паўтараюць мантру: ЦВК працуе да 19.00, вы не пасьпееце падаць свой зварот, можаце даслаць яго па электроннай пошце. Калі ласка, разыходзьцеся. Пад'ехалі яшчэ два аўтазакі з унутранымі войскамі, але людзі не разыходзяцца. На Мясьнікова не пускаюць машыны.
18:34 У чарзе стаяць і людзі з роварамі. Малады чалавек 22 гадоў: Гэтыя выбары – першыя, у якіх я ўдзельнічаю. Калі нічога не памяняецца – трэба будзе зьяжджаць. Тут няма дзе працаваць, акрамя ІТ-сфэры. Беларусы заслугоўваюць большага, чым яны маюць. Курс Лукашэнкі ні да чаго не вядзе, а ў канкурэнтаў сабраліся каманды прафэсіяналаў.
18:24 Карэспандэнт Свабоды: Пад’ехалі два аўтазакі і мікрааўтобусы да тэатру музкамэдыі. Візуальна ў чарзе стаяць ад 2 да 3 тысячаў чалавек.
18:21 Мужчына гадоў 60, які прадставіўся як менскі кіроўца Леанід: Сяргей Ціханоўскі раскатурхаў людзей, я буду галасаваць за Сьвятлану Ціханоўскую.
18:15 Жанчына гадоў 60: Калісьці я сама галасавала за Лукашэнку, бо лічыла, што гэта той чалавек, які павядзе наперад. Але ўчора я паглядзела, як разганялі модадзь у Менску – цяпер мне вельмі балюча і горача, што наша краіна падышла з гэтым прэзыдэнтам да такіх жахаў. Таму я стаю, каб да выбараў далучыліся тыя, каго ЦВК выкінула.
Я ўжо пажыла дастаткова, але хачу, каб мае ўнукі бачылі сьветлую будучыню.
18:13 Малады чалавек гадоў 35: Для мяне важна, каб надышлі зьмены, бо надзеі на лепшага ўсё менш, і дзеючы прэзыдэнт не спрыяе таму, каб гэтыя надзеі зьявіліся.
18:10 Карэспандэнт Свабоды: Вуліцу Мясьнікова перакрылі з боку плошчы Мясьнікова. Міліцыянты праз гучную сувязь папярэджваюць, што ЦВК а 19:00 сканчае працу, і заявы можна будзе падаць у электронным выглядзе, людзям прапануюць разыйсьціся.
18:08 Некалькі чалавек у чарзе сядзяць на складных зэдліках з ноўтбукамі: яны і ў чарзе працягваюць сваю дыстанцыйную працу.
18:06 Жанчына гадоў 50: Гэтай энэргіяй мы ўсе цяпер заражаемся адзін ад аднаго. Цяпер ніводзін прыстойны чалавек ня можа заставацца па-за палітыкай.
18:03 Карэспандэнт Свабоды: Міліцыянты выкручваюць чаргу па Сэндайскім сквэры і вакол тэатру музкамэдыі. Тут на невялікім пятачку ўжо зрабілі з чаргі некалькі петляў.
18:00 Жанчына гатоў 60-ці: Мы будзем стаяць да раніцы, каб заўтра быць першымі. Нас абрабавалі, не палічылі нашы галасы. Я сама зьбірала подпісы за Бабарыку, і ўсе подпісы былі правераныя чатырма чалавекамі. Нам надакучыла жыць 26 гадоў у вечнай хлусьні.
У 2015 выбарамі ніхто не цікавіўся, а цяпер вырасла моладзь, якая ня хоча жыць пры гэтым прэзыдэнце. І я, пажылая жанчына, не хачу.
17:50 Жанчына гадоў 35: Нам вельмі не падабаецца тое, што адбываецца ў нашай краіне, мы чакаем перамен і сумленных выбараў. Павінны баць зарэгістраваныя Цапкала і Бабарыка, выпушчаныя палітвязьні. Абліць брудам чалавека без суду, зь незразумедым «сьледзтвам» АНТ – няма словаў! Важна ня тое, што мы пішам, а тое, што мы думаем. І тое, што мы сьмела аб гэтым гаворым – за гэта варта змагацца.
17:44 Малады чалавек гадоў 25: У нас аднаго калегу з працы ўчора забралі: ішоў да жонкі ў кавярню, сёньня ён на працу ня выйшаў – ня ведаю, што зь ім. Хапалі тых, хто проста ішоў: міліцыя хацела паказаць, што яна нешта робіць.
17:43 Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына пракамэнтавала чаргу: Несанкцыянаваныя акцыі «арганізаваныя і сплянаваныя» ў Беларусі штабамі двух палітыкаў, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта.
17:40 Тымчасам чарга закручваецца ўсё большымі петлямі, яе канца ўжо ня бачна. Людзі далучаюцца, нягледзячы на тое, што шанцаў падаць сёньня скаргу асабіста відавочна няма. Час працы ЦВК сёньня працягнуты да 18:50.
17:35 Жанчына гадоў 50-ці: Я не магу схаваць эмоцыяў і сьлёз: я ганаруся нашым народам. Колькі ж яшчэ можна жыць у гэтым «зазяркальлі». Уражвае колькасьць людзей, якія прыйшлі выказаць сваю нязгоду: як учора ў ЦВК, яшчэ да рашэньня суду, было абвешчана, што Бабарыка злачынца. Людзі разумеюць, што гэта незаконна.
Такім, як Ярмошына, выгадна аб'яўляць такую самаарганізацыю нечыімі «проіскамі»: яны кажуць гэта для людзей, у каго няма інтэрнэту. У кожнай сям'і людзі абмяркоўваюць сытуацыю, што ніхто не абаронены, і мяне, і кожнага могуць пасадзіць без суда і сьледзтва і асудзіць.
17:30 Малады чалавек гадоў 30-ці: Я ўсіх сваіх знаёмых буду агітаваць за Ціханоўскую. У дзень галасаваньня на ўчастку зраблю сэлфі і па хэштэгу ў сацсетках буду лічыць, хто яшчэ галасаваў.
17:25 Чарга расьцягнулася да тэатру Музкамэдыі. Яна большая за кілямэтр. Паводле падлікаў журналістаў, у ёй стаіць каля 2 тысяч чалавек (2 чалавекі на мэтар у сярэднім).
17:22 Людзі прыносяць тым, хто стаяць у чарзе, ваду і ежу. Мянчук у эфіры Свабоды сказаў, што ня першы раз ужо раздае ваду людзям з чаргі да Цэнтральнай выбарчай камісіі, якія прыйшлі падаць скаргу на нерэгістрацыю кандыдатаў. Мянчук сказаў, што зрабіў гэта, бо трэба дапамагаць адзін аднаму. Ён адмовіўся назваць суму, якую выдаткаваў на закупку вады. Мянчук сказаў, што гэта дробязі ў параўнаньні з тым, што церпяць людзі, якія знаходзяцца ў ізалятары. Прыносяць і раздаюць таксама ежу.
17:18 Удзельніца чаргі, актывістка Вольга Мікалайчык: я паглядзела на твары людзей – які цуд! Я гатовая за іх яшчэ ня раз пасядзець! Нам трэба салідарызавацца. І тое, што беларусы гэта адчулі – сьведчаньне таго, што мы на слушным шляху.
17:15 Удзельнік чаргі, малады чалавек гадоў 35-ці: непераканаўчымі былі ўчорашнія аргумэнты Ярмошынай, каб адмовіць Бабарыку і Цапкалу. І фільмы гэтыя прапагандысцкія – ім ніхто ня верыць. Няхай бы пра Лукашэнку зьнялі, пра яго маёмасьць. Я вызначуся, за каго галасаваць, калі прэтэндэнты аб'яднаюцца, альбо прагаласую супраць усіх. У любым выпадку на выбары пайду.
17:10 На дзьвярах ЦВК зьявілася абвестка, што скаргі ў ЦВК асабіста ад грамадзянаў будуць прымацца толькі сёньня, а ад заўтрашняга дня – выключна па пошце.
16.55 Чарга з плошчы Незалежнасьці паварочвае за Чырвоны касьцёл, спускаецца па вуліцы Берсана да вуліцы Мясьнікова і заварочвае ў бок вакзалу. Прыехаў УАЗ з чатырма ППС-нікамі, яны рэгулююць чаргу на скрыжаваньні.
Адзін з удзельнікаў набыў за свае грошы ваду і раздае яе тым. хто стаіць у чарзе.
16.50 Марыя Калесьнікава распавяла, што падала скаргу ў ЦВК і што ёй вельмі спадабалася, які іх прынялі — ветліва і дружалюбна. Яна падзякавала ўсім, хто адгукнуўся на просьбу падаваць скаргі, заклікала ўсіх не паддавацца на правакацыі.
16.45 У ЦВК прыйшла прадстаўніца выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава разам з адвакатам Бабарыкі Ільлёй Салеем.
Стала вядома, што ЦВК пайшоў насустрач ахвотным падаць скаргі і працягнуў час працы амаль на гадзіну — з 18 да 18.50.
16.30 Хвост чаргі цяпер знаходзіцца ля Міністэрства эканомікі на вуліцы Бэрсана, гэта 700 мэтраў ад ЦВК. Людзі падыходзяць, чарга ўвесь час расьце. Канец чаргі пільнуюць людзі ў цывільным.
16.20 На праспэкце Незалежнасьці, дзе стаіць чарга з ахвотных падаць скаргу ў ЦВК, насупраць Дому ўраду і бліжэй да з'езду на вуліцу Бабруйскую, а таксама на вуліцы Савецкай зьявіліся аўтазакі.
15.50 Да гатэлю «Менск» пад'ехаў АМАП, побач з гатэлем зьявіліся шэрыя аўтазакі. Перастройваюць чаргу на Берсана-Мясьнікова.
15.40 На праспэкт людзей не пусьцілі. Міліцыя стаіць у ланцугу.
15:30 Чарга дасягнула вуліцы Берсана, пасьля перастроілася ў бок праспэкту. Паводле падлікаў карэспандэнта Свабоды, у ёй цяпер каля 280 чалавек. Канец чаргі цяпер знаходзіцца каля ўваходу ў гатэль «Менск».
15.10 За натоўпам назіраюць два міліцыянты ў форме і некалькі супрацоўнікаў у цывільным. Тым часам чарга ўжо павярнула ў бок вуліцы Берсана і турмы на Валадарскага.
15.00 Чарга дацягнулася да гатэлю «Менск», цяпер у ёй каля 210 чалавек.
14.30 Паступова чарга ахвотных падаць скаргу ў ЦВК расьцягнулася да Чырвонага касьцёлу. А 14:30 у чарзе было агулам каля 140 чалавек.
Напярэдадні штаб экс-старшыні «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі падрыхтаваў скаргу на парушэньне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах, апублікаваў яе на сваім сайце і заклікаў беларусаў таксама раздрукаваць гэтую скаргу, падпісаць і падаць у ЦВК — асабіста або праз пошту.
У скарзе патрабуюць:
- адмяніць рашэньне ЦВК і зарэгістраваць Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі,
- зьмяніць меру стрыманьня Віктару і Эдуарду Бабарыкам, Сяргею Ціханоўскаму і іншым палітвязьням.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.