Маскоўскі суд Менску ўвечары 16 чэрвеня адхіліў скаргі на затрыманьне Святланы Купрэевай, сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі і каардынатара па адным з раёнаў Менску. Пра гэта Радыё Свабода паведамілі ў штабе Віктара Бабарыкі.
Скаргі падавалі Святлана Купрэева, якая знаходзіцца ў СІЗА КДБ пасьля затрыманьня 11 чэрвеня, і яе адвакат.
У штабе перасьлед Купрэевай зьвязваюць з тым, што яна ўваходзіць у склад ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, і патрабуюць спыніць беспадстаўны перасьлед сваіх прыхільнікаў.
Пасяджэньне суду, які разглядаў скаргі на затрыманьне Святланы Купрэевай, было закрытае і прайшло на некалькі дзён пазьней, чым гэта прадугледжана законам, паведамілі ў штабе Віктара Бабарыкі.
Афіцыйная прадстаўніца Маскоўскага суду Юлія Ўласень сказала карэспандэнту Свабоды, што ўсе падобныя скаргі разглядаюцца ў закрытым пасяджэньні. Чаму суд адхіліў скаргі, яна не патлумачыла, бо «гэта было закрытае судовае пасяджэньне».
«Я там не прысутнічала. А па-другое, усе зьвесткі, якія тычацца судовых пастановаў, прынятых у закрытым судовым пасяджэньні, таксама зьяўляюцца абмежаванай для доступу інфармацыяй. Калі ласка, можаце ўдакладніць у адваката, калі ён вам такую інфармацыю паведаміць».
Сьвятлана Купрэева — дачка беларускага паэта і пісьменьніка Міколы Купрэева. Была блізкай сяброўкай жонкі Віктара Бабарыкі Марыны, якая загінула ў 2017 годзе, хросная маці ягонай дачкі.
Абарона настойвае на адсутнасьці падстаў для затрыманьня Марыны Купрэевай, таму пастанову суду Маскоўскага раёну будзе абскарджваць.
На гэты момант няма зьвестак і аб прад’яўленьні Купрэевай абвінавачаньня. З гэтага вынікае, што Купрэева застаецца пад вартай у якасьці падазраванай.
Пастанову аб меры стрыманьня Сьвятланы ў выглядзе заключэньня пад варту адвакат атрымаў толькі ўвечары 15 чэрвеня. 16 чэрвеня адвакат падаў скаргу ў суд на меру стрыманьня. Гэтая скарга яшчэ не разглядалася. Такія зьвесткі паведамілі ў штабе Віктара Бабарыкі.
Паводле штабу Віктара Бабарыкі, дачыненьне Купрэевай да нейкіх супрацьзаконных дзеяньняў выклікае вялікія сумневы, бо яна не працавала ні ў «Белгазпрамбанку», ні ў хоць якой зь фірмаў, дзе праходзілі ператрусы. Святлана толькі сяброўка сям’і Віктара Бабарыкі.
Адвакату не дазволілі сустрэцца з Купрэевай у СІЗА КДБ, спаслаўшыся на каранавірус. Пры гэтым, як адзначаюць у штабе, у іншых сьледчых ізалятарах сустрэчы адвакатаў з падабароннымі праводзяцца. Адвакат Купрэевай падаў скаргу ў Генпракуратуру, што ня мае магчымасьці наведаць Сьвятлану Купрэеву ў СІЗА КДБ, каб аказаць ёй юрыдычную дапамогу.
Адвакат сказаў карэспандэнту Свабоды, што пастанова Маскоўскага раённага суду ўжо абскарджаная ў Менскі гарадзкі суд.
Ці магчыма, што ён убачыць Святлану Купрэеву?
«Я думаю, так, павінны выклікаць на нейкія сьледчыя дзеяньні. У любым выпадку больш за 10 дзён без абвінавачаньня пад вартай трымаць нельга, таму, паколькі 10 дзён скончацца на гэтым тыдні, то павінны альбо прад’явіць абвінавачаньне, альбо адпусьціць».
Наведаць Святлану Купрэеву ў ізалятары КДБ адвакату пакуль не дазволілі з прычыны каранавірусу.
«Штодня я высьвятляю, ці не зьмянілася нешта ў ізалятары, і мне паведамляюць тое ж самае — што каранавірус і зачынены ізалятар для наведвальнікаў».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.