Колькасьць памерлых з прычыны каранавірусу ў Маскве за красавік, паводле новых дадзеных дэпартамэнту аховы здароўя Масквы, істотна скарэктаваная — з 639 да 1561 чалавека. Пра гэта інфармуе ВВС.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Улады расейскай сталіцы ўпершыню ўлічылі бессымптомных пацыентаў у публічнай статыстыцы сьмяротнасьці ад COVID-19.
У мэрыі спасылаюцца на рэкамэндацыі САЗ і Міністэрства аховы здароўя і раяць ужываць новую мэтодыку падліку ў іншых рэгіёнах.
Маскоўскія ўлады ў чацьвер, 28 траўня, упершыню прадставілі дэталёвую статыстыку сьмяротнасьці ад новага каранавірусу. У ёй ўлічылі пацыентаў, у якіх каранавірус пацьвердзіўся толькі на этапе ўскрыцьця.
За красавік агульная сьмяротнасьць у сталіцы склала 11 834 чалавекі, што на 1753 вышэй за сярэдні паказчык за папярэднія тры гады (10 081 чалавек), вынікае з прэзэнтацыі дэпартамэнту аховы здароўя Масквы.
У ёй гаворыцца, што, паводле ўдакладненых зьвестак, за той месяц 636 чалавек памерлі непасрэдна ад новага каранавірусу пры станоўчым тэсьце; яшчэ ў 169 чалавек тэст быў адмоўны, але ускрыцьцё паказала, што прычынай сьмерці стаў менавіта каранавірус.
Яшчэ 756 чалавек у красавіку памерлі ад іншых прычын пры станоўчым тэсьце: зь іх 333 — ад асноўнага захворваньня, абвостранага новым каранавірусам; у 423 каранавірус не паўплываў на зыход хваробы. Яшчэ 192 сьмерці запісаныя ў «невытлумачальнае» перавышэньне статыстыкі.
У мэрыі Масквы сьцьвярджаюць, што сьмяротнасьць ад COVID-19 у горадзе істотна ніжэйшая, чым у заходніх сталіцах — прычым нават у выпадку, калі лічыць яе паводле мэтодыкі САЗ.
Так, у красавіку выпадкі сьмерці непасрэдна ад каранавірусу ў Маскве складаюць 1,4% ад усіх выяўленых выпадкаў захворваньня. Калі ж дадаць да іх гібель пацыентаў з станоўчым тэстам на вірус, але без сымптомаў пнэўманіі, узровень сьмяротнасьці вырастае да 2,8%.
У Нью-Ёрку і Лёндане гэтыя паказчыкі адпаведна 10% і 23%, вынікае з прэзэнтацыі.
Крыніца ВВС у мэрыі Масквы паведаміла, што падобныя разьлікі апэратыўны штаб цяпер будзе даваць рэгулярна.
На 28 траўня ў Расеі выяўлены 379 051 выпадак заражэньня каранавірусам. За ўвесь пэрыяд зафіксавана 4142 сьмяротныя выпадкі, паправіліся 150 993 чалавекі.
У Маскве зафіксавалі 173 497 выпадкаў заражэньня каранавірусам — 45,7% ад агульнай колькасьці заражаных у краіне. Загінулі ў горадзе 2 254 чалавекі — гэта значыць, сьмяротнасьць склала 1,3%.
Пры пераліку дадзеных паводле новай мэтодыкі, а таксама з прычыны піку эпідэміі ў красавіку, у Расеі можа вырасьці афіцыйная сьмяротнасьць ад каранавірусу, лічаць апытаныя Расейскай службай ВВС крыніцы і экспэрты.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ