У Крамлі ня згодныя з выказваньнем кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб адрозьненьні ў пазыцыях прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева ў дачыненьні да працэсу паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі, паведамляе «Коммерсант».
Так прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў пракамэнтаваў выказваньне Лукашэнкі у інтэрвію галоўнаму рэдактару радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксею Венядзіктаву, якое выйшла 24 сьнежня.
«Не, тут мы ня можам пагадзіцца з Аляксандрам Рыгоравічам, мы ня лічым, што ёсьць нейкая рознасьць у заявах прэзыдэнта і старшыні ўраду», — сказаў Дзьмітры Пяскоў журналістам.
Раней Лукашэнка выказаў думку, што Мядзьведзеў, выказваючыся адносна 31-й «дарожнай карты» аб стварэньні наднацыянальных органаў улады, быў ня ў курсе пазыцыі Пуціна па ёй. «Мы наагул выключылі размову на гэтую тэму яшчэ ў Сочы. Але камусьці хочацца. І ўсё падсоўваюць, асабліва праз урад», — сказаў Лукашэнка.
Акрамя таго, Пяскоў пракамэнтаваў словы Лукашэнкі аб тым, што Менск і Масква знаходзяцца цяпер «на этапе раздарожжа».
«Застаюцца няўзгодненыя пытаньні, што, аднак, напэўна, ня сьведчыць пра тое, што мы знаходзімся ў нейкай там крызіснай сытуацыі», — сказаў Пяскоў.
Менск вольны шукаць любыя варыянты паставак нафты, больш выгодныя за прапановы Расеі
Таксама ў Крамлі пракамэнтавалі словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што дзеяньні Расеі ў газавых і нафтавых пытаньнях вымушаюць Менск знаходзіцца ў пошуку альтэрнатывы. 24 сьнежня Лукашэнка заявіў, што Менск можа рэвэрсам пампаваць амэрыканскую або арабскую нафту ў Беларусь праз Польшчу.
«Калі існуюць нейкія больш выгадныя варыянты для Беларусі, вядома, яна вольная скарыстацца любымі варыянтамі, калі яны больш выгадныя, чым тое, што прапануецца з боку Расейскай Фэдэрацыі», — цытуе прэс-сакратара Пуціна агенцтва ТАСС.
Пяскоў дадаў, што Масква «з дастатковай сур’ёзнасьцю ўспрымае любую заяву кіраўніка Беларусі», але «пры цяперашнім узроўні інтэграцыі дзьвюх краін гаворка ідзе аб камэрцыйных пытаньнях».
«Безумоўна, пры цяперашнім узроўні нашай інтэграцыі нельга казаць пра роўныя ўмовы для расейскіх і беларускіх спажыўцоў па ўсіх парамэтрах, цяперашні ўзровень інтэграцыі гэтага не прадугледжвае», — заявіў ён, але дадаў, што «пасьля таго, як інтэграцыйныя працэсы пойдуць далей, ужо магчымая імплемэнтацыя нейкіх іншых, больш прасунутых рэжымаў».
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»