Выказваньне расейскага прэмʼера Мядзьведзева аб адзінай валюце парушае прынамсі чатыры беларускія законы. Што пра гэта думаюць юрысты.
23 сьнежня Дзьмітрый Мядзьведзеў выказаўся пра адзіную валюту зь Беларусьсю.
«Паводле яго (Дзьмітрыя Мядзьведзева. — РС), ня ўзгоднена „дарожная мапа“, прысьвечаная далейшай інтэграцыі, уключаючы стварэньне наднацыянальных органаў, адзіную валюту і адзіны эмісійны цэнтар», — паведаміла ў панядзелак 23 сьнежня расейскае інфармацыйнае агенцтва ТАСС.
Дагэтуль беларускія чыноўнікі адмаўлялі, што такое пытаньне ў прынцыпе разглядаецца ў размовах пра інтэграцыю. Пасьля словаў расейскага прэмʼера ў Нацыянальным банку Беларусі зноў сказалі пра адсутнасьць такой «дарожнай мапы».
«У тым пакеце „дарожных мапаў“, якія цяпер разглядаюцца і ўзгадняюцца, няма ніякіх згадак пра адзіны эмісійны цэнтар і адзіную валюту альбо нешта падобнае», — паведамілі Свабодзе ў Нацыянальным банку Беларусі.
«Гэта прамая пагроза сувэрэнітэту»
Былы старшыня Канстытуцыйнага суду прафэсар Міхаіл Пастухоў лічыць, што такая прапанова парушае Канстытуцыю — асноўны закон Беларусі.
«Гэта супярэчыць усім палажэньням аб сувэрэнітэце, запісаным у Канстытуцыі. У прыватнасьці, у яе першым артыкуле. Таксама гэта супярэчыць „Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце“ Беларусі, прынятай 27 ліпеня 1990 году. Адзіная валюта — прыкмета таго, што дзяржава ўваходзіць у іншую дзяржаву, падначаленая нейкаму эмісійнаму банку. Гэта пагражае стратай сувэрэнітэту, бо з адзінай валютай будзе пяройдзеная чырвоная лінія», — кажа Міхаіл Пастухоў.
«Уся саюзная дамова 1999 году парушае Канстытуцыю»
Паводле актывіста кампаніі «Сьвежы вецер» праваабаронцы Міхаіла Мацкевіча, расейскі прэмʼер не агучыў нічога новага. Бо ўсе гэтыя пункты запісаныя ў саюзнай дамове з Расеяй у 1999 годзе.
«Трэба адразу чытаць саюзную дамову, бо яна парушае заканадаўства. Там запісаныя наднацыянальныя органы. Само падпісаньне такой дамовы парушае нашу Канстытуцыю. Праблема ў гэтым дакумэнце, у саюзнай дамове. Бо яна ставіць пад сумнеў сувэрэнітэт Беларусі».
Супраць словаў Мядзьведзева адразу некалькі законаў
Глядзім, што ж канкрэтна ў словах Мядзьведзева супярэчыць беларускім законам.
Канcтытуцыя
Артыкул 136. Банкаўская сыстэма Рэспублікі Беларусі складаецца з Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусі і іншых банкаў. Нацыянальны банк рэгулюе крэдытныя адносіны, грашовае абарачэньне, вызначае парадак разьлікаў і валодае выключным правам эмісіі грошай.
Артыкул 137. Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. Законы, дэкрэты, указы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусі.
Банкаўскі кодэкс
Артыкул 7. Нацыянальны банк зьяўляецца цэнтральным банкам і дзяржаўным органам Рэспублікі Беларусі. Нацыянальны банк рэгулюе крэдытныя адносіны і грашовае абарачэньне, вызначае парадак разьлікаў. Нацыянальны банк валодае выключным правам эмісіі грошай і выконвае іншыя функцыi, прадугледжаныя гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусі.
Артыкул 10. Афіцыйнай грашовай адзінкай Рэспублікі Беларусі зьяўляецца беларускі рубель. Адзін беларускі рубель роўны 100 беларускім капейкам.
Дэклярацыя аб сувэрэнітэце
У адпаведнасьці са зьместам Дэклярацыі з дня яе прыняцьця на тэрыторыі рэспублікі абвяшчалася вяршэнства Канстытуцыі і законаў Беларускай ССР, паўната ўлады нацыянальных дзяржаўных органаў на ўсёй тэрыторыі краіны, самастойнасьць і незалежнасьць Беларусі ў міжнародных зносінах.
Крымінальны кодэкс
Артыкул 361. Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі.
Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусі, або зьдзяйсьненьня іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі, альбо распаўсюджаньне матэрыялаў, якія ўтрымліваюць такія заклікі, — караюцца арыштам або пазбаўленьнем волі на тэрмін да трох гадоў.