Берасьцейскі абласны суд 10 сьнежня асудзіў жыхара Іванаўскага раёну Сяргея Калодзіча на 22 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Паводле суду, Калодзіч забіў цяжарную жанчыну і скраў з складу вясковай крамы тавараў на 334 рублі.
Паводле абвінавачаньня, 7 жніўня Калодзіч пʼяны зайшоў на склад крамы ў вёсцы Юхнавічы Іванаўскага раёну. Адтуль ён вынес гарэлку, віно, каву і цыгарэты на 334 рублі. Пасьля прыйшоў дадому, дзе жыў з пацярпелай Тацянай. Пара не рэгістравала шлюб, але Сяргей называў пацярпелую сваёй жонкай, піша Tut.by. Жанчына была на 16-м тыдні цяжарнасьці.
У двары дома мужчына наўмысна, паводле абвінавачаньня, біў жанчыну рукамі і нагамі, а таксама наносіў цялесныя пашкоджаньні нажом.
За забойства цяжарнай жанчыны з асаблівай жорсткасьцю мужчыну асудзілі на 20 гадоў, за паўторны крадзеж — на 2 гады.
Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?
У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.
Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.
Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».
У канцэпцыі таго законапраекту:
- Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
- Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
- Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.
Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.