У 2017 годзе ў падмаскоўным горадзе Серпухаве Дзьмітрый Грачоў вывез сваю жонку Маргарыту ў лес, адсек ёй абедзьве рукі і некалькі гадзін катаваў. Адну кісьць удалося вярнуць, замест другой — мэханічны біяпратэз, грошы на які (амаль 62 тысячы даляраў) назьбіралі праз краўдфандынг. Зьміцер атрымаў 14 год калёніі строгага рэжыму, а гісторыя Маргарыты стала сымбалем барацьбы з хатнім гвалтам.
21 лістапада «Камсамольская праўда ў Беларусі» пры ўдзеле OZ.by зладзіла ў Менску прэзентацыю кнігі Маргарыты Грачовай «Шчасьлівая бяз рук».
«Хто падрыхтаваў пытаньні? — вядоўца Вячаслаў Васіленка зьвяртаецца да аўдыторыі, усе маўчаць (а раптам выклічуць да дошкі?). — Правільна кажуць, што беларусы маўклівыя! Маргарыта абяцала вас абняць сёньня, таму ня бойцеся, усё будзе добра».
Гарачыя воплескі. Аўдыторыя збольшага жаночая.
«Давайце, каб крышачку разагрэцца, першае пытаньне задам я! — заводзіць публіку вядоўца. — Маргарыта, адкуль вы чэрпаеце сілы?»
Маргарыта вітаецца, кажа, што галоўная апора для яе — блізкія, і радуецца, што адэкватных людзей усё ж болей, чым неадэкватных. Хоць і прыгадвае, як у першыя дні пасьля рэанімацыі да яе ў палату забегла жанчына ў шубе, каб сфатаграфавацца.
«Мне хацелася расказаць усё ад свайго імя, бо СМІ гэта пяцьсот разоў перавярнулі»
Вядучы разважае, ці можна было ў гэтай трагічнай сытуацыі адчуць пункт невяртаньня («ніякага пераломнага моманту не было, і гэта страшна, дагэтуль у мяне быў шчасьлівы шлюб»), пасьля пераходзіць да «больш прыемнага» і заводзіць размову пра дайвінг і радасьці кіраваньня машынай.
«Давайце вернемся да нашых беларусаў любімых, — працягвае ён. — Дамы, калі ласка, пытаньні ў каго ёсьць?»
«Мне страшна», — даносіцца з залі.
«У мяне тры пытаньні!» — кажа дзяўчына з задняга шэрагу — «Ці палягчэла вам пасьля напісаньня кнігі?»
«Вы вялікая малайчына, мне сказалі, што ў вас баяцца задаваць пытаньні, а вы ажно першаадкрывальнік! — хваліць яе Маргарыта. — Мне хацелася расказаць усё ад свайго імя, бо СМІ гэта пяцьсот разоў перавярнулі. І кніга — гэта таксама адзін са спосабаў перажыць сытуацыю».
Маргарыта тлумачыць, што з псыхолягам не працавала, бо пакуль што не адчувае патрэбы. Пра псыхоляга ў яе спытаюць яшчэ двойчы (з глыбіні залі чуваць абуранае «яна ўжо адказвала»), потым спытаюць пра псыхоляга для дзяцей (дзеці ведаюць, што бацька ў турме, бо біў маці, але пакуль што думаюць, што рукі Маргарыта страціла ў аварыі), далей пра псыхалёгію агрэсіі.
«Я лічу, што ты ня можаш гэтага прадугледзець і неяк на гэта паўплываць, — кажа Маргарыта. — Нельга „давесьці“ чалавека, няма такога дзеяньня, каб чалавеку разьвязала рукі і ён мог цябе пакалечыць ці забіць».
«Ці ня лічыце вы, што назва „Гісторыя каханьня і лютасьці“ крыху рамантызуе гвалт?» — пытае тая ж дзяўчына з задняга шэрагу.
«Назву выбірала я сама, — тлумачыць Грачова. — І я акурат хацела акцэнтаваць увагу на тым, што калі мы браліся шлюбам, мой былы муж не казаў: „Я буду зьдзяйсьняць такія ўчынкі“. У кнізе ёсьць фатаздымкі, дзе мы шчасьлівая сям’я, у нас двое дзяцей праз каханьне. Проста ўсё перавярнулася за сэкунды».
«Пасьля таго як вашага мужа асудзілі, ці выходзіў ён з вамі на сувязь? Ці прасіў прабачэньня?» — пытае чытачка.
«На самым пачатку была запіска, пасьля ад яго імя яго маці разьмяшчала ліст „Укантакце“. Прабачэньні былі на судзе, але яны былі больш для судзьдзі, таму што так трэба казаць, каб быў меншы тэрмін. Але гэты чалавек абсалютна не шкадуе. Ён за дзесяць дзён да ўчынку купіў сякеру, жгуты — гэта заплянаванае злачынства».
Ці пакаяўся муж — спытаюць яшчэ раз, і яшчэ адзін раз пацікавяцца: калі празь дзесяць-пятнаццаць год эмоцыі сьціхнуць і мужу спатрэбіцца падтрымка, ці падасьць яна яму руку?
«Ён адсек ёй рукі!» — злосна абураюцца ў залі.
«Я пазбавіла гэтага чалавека бацькоўскіх правоў не для таго, каб ён набліжаўся да дзяцей», — катэгарычна адмаўляецца Маргарыта.
«7 сьнежня закрылі справу, а 11 сьнежня мне адсеклі рукі»
Мікрафон зноў у вядоўцы. Ён папярэджвае, што пытаньне доўгае, трэба ўдыхнуць паветра, падрыхтавацца, і прамаўляе: «Закон аб хатнім гвалце».
«У Расеі таксама закону гэтага няма, мы змагаемся, каб яго прынялі, але пакуль што ўсё стаіць на месцы, — кажа Маргарыта. — Ня ведаю, колькі яшчэ павінна адбыцца выпадкаў зь летальным вынікам, каб нешта зьмянілася».
Разважаючы пра закон, Грачова пералічвае распаўсюджаныя меркаваньні, якія, на яе думку, перашкаджаюць яго прыняцьцю: сям’я — гэта адзінка грамадзтва і ня трэба туды лезьці; б’е — значыць кахае; палітыкі лічаць, што іх гэта ня тычыцца — гэта справа праблемных сямей, у нас гвалту няма.
«А гвалт ёсьць ня толькі ў дачыненьні да жанчын, — удакладняе Грачова. — Ёсьць гвалт адносна мужчын, пэнсіянэраў, дзяцей. Нам проста патрэбная абарона ад гвалту, у яго няма полу і ўзросту. Самае страшнае: калі мне пішуць жанчыны, дасылаюць фатаздымкі сінякоў і пытаюць, што паліцыя можа зрабіць, — я разумею: спадзявацца цяпер можна толькі на сябе. Але трэба ўсё ж зьвяртацца ў паліцыю, здымаць пабоі. Хаця ў маім выпадку я за месяц зьвярталася да ўчастковага, і 7 сьнежня закрылі справу, а 11 сьнежня мне адсеклі рукі».
Вядоўца спрабуе выцягнуць з Грачовай сцэнар унівэрсальнага выйсьця («Проста трэба сабрацца і сысьці? Проста сабраць валізкі, узяць дзяцей і ехаць да бліжэйшага родзіча?»), але Маргарыта прамога адказу пазьбягае: сысьці ня проста, кожны выпадак індывідуальны, ёсьць юрыдычныя аспэкты бацькоўскіх правоў. Але сыходзіць яна ўсё ж раіць, бо, ударыўшы раз, агрэсар можа давесьці і да сьмерці.
«Я ня ведала, што хатні гвалт настолькі распаўсюджаны, пакуль з гэтым не сутыкнулася, — прызнаецца Маргарыта. — Але гэта настолькі маштабнае, што гэта жудасна. І мне піша вельмі шмат жанчын».
Не забываючыся на словы падтрымкі, аўдыторыя пераходзіць з тэмы хатняга гвалту на тэму інваліднасьці: Грачова кажа, што гэтай праблемай хоча займацца таксама. Аўдыторыя пытаецца пра пратэз (ён біянічны, кіруецца імпульсамі мозгу і ў яго восем хватаў). Вядоўца спрытна пераводзіць яго кошт з расейскіх рублёў на беларускія, але папраўляецца і пераводзіць у даляры. («Цяпер зразумела», — праносіцца па залі.) Пытаюць пра нязручнасьці ў побыце.
«Я не магу закалоць валасы, я не магу пісаць, магу толькі расьпісацца, — пералічвае Маргарыта. — Я не магу зашпіліць гузікі. Падстрыгчы дзецям пазногці мы езьдзім да мамы. Салату „Аліўе“ я парэжу гадзіны за паўтары, напэўна. Але магу!»
Пытаюць пра прысуд былому мужу. Маргарыта адказвае, што ніякае пакараньне ня верне ёй рукі, але цікава іншае: прысуд у чатырнаццаць год калёніі строгага рэжыму для такога злачынства — гэта вельмі шмат, і вынесьлі яго толькі дзякуючы грамадзкаму рэзанансу. Безь яго былы муж атрымаў бы ад трох да васьмі год і выйшаў бы ўмоўна-датэрмінова максымум празь пяць.
«Ці дапамог вам Андрэй Малахаў?»
Вядоўца зноў спрабуе вярнуцца на колы пазытыву, мімаходзь згадваючы, што з Маргарытай яны ўжо крыху паразмаўлялі ў падсобачцы.
«І я зразумеў, што вы вельмі жыцьцярадасны чалавек! — усьміхаецца вядоўца. — Гэтая сытуацыя вас не зламала. Як у вас гэта атрымліваецца? Часам, бывае, звычайныя жыцьцёвыя праблемы, і ты ўжо ў дэпрэсьняк нейкі валісься. А вы „жыўчыкам“ трымаецеся!»
«Што б вы параілі дачцэ?»
«Ці дапамог вам Андрэй Малахаў?»
«Блогеры вас падтрымлівалі?»
«Як складуцца вашыя будучыя стасункі з мужчынамі?»
«Па адным мужчыну нельга судзіць увесь мужчынскі пол, — кажа Маргарыта. — Гэтаксама як і пра нацыю нельга судзіць па адным чалавеку. Калі мой былы сужонак выйдзе, вось за гэта я баюся. А ўсіх мужчын — не, я не баюся».
«Давайце пяройдзем да пазытыўнага, — зноў падключаецца вядоўца. — Вы цудоўна выглядаеце! Я думаю, тут усе пагодзяцца, давайце папляскаем у ладкі! Ці дапамагаў вам хто з макіяжам?»
Зь першага шэрагу ўстае мужчына, жадае Маргарыце мужнасьці, здароўя, дабрабыту і дорыць букет чырвоных гвазьдзікоў.
«Кветкі — гэта заўжды прыемна!» — камэнтуе вядоўца.
«Як вам Беларусь?» — пытаецца чытачка.
«Я тут усяго шэсьць гадзін, і зь іх амаль усе размаўляла са СМІ», — адказвае Грачова. — А, не, я сёньня пакаштавала дранікі! Ну, такая ж бульба, як і ў Расеі«.
«Няпраўда!» — абураецца палова залі.
«Можа, тую бульбу проста з Расеі прывезьлі», — далучаецца вядоўца да нацыянальнага яднаньня.
Размова з Маргарытай перапыняецца, пакуль кіраўніца прававога кірунку «Цэнтру па прасоўваньні правоў жанчын — Яе правы» Тацяна Стрыжэўская называе статыстычныя лічбы, якія характарызуюць сытуацыю з хатнім гвалтам у Беларусі. Далей дыскусія працягваецца зь яшчэ большым імпэтам.
«Каб не ўпадаць у ахвярнасьць, жанчына павінна зрабіцца сама па сабе цэльнай, — кажа іншая чытачка. — Магчыма, у сыстэму адукацыі трэба ўключыць псыхалёгію нейкую для жанчын. Ня ведаю, каб жанчыны верылі, любілі...»
«Можа, увесьці псыхалёгію для мужчын, каб яны нікога не зьбівалі?» — выкрыкваюць з залі. Гучныя воплескі.
«І я хацела задаць пытаньне, што трэба, каб жанчыны не траплялі ў такую сытуацыю?» — працягвае чытачка.
«Да сытуацыі трэба падыходзіць комплексна, — камэнтуе вядоўца. — Як комплекс, павінен быць закон, каб змагацца з наступствамі, бо ў нас ня толькі прычыны, але і наступствы таксама бываюць. Зараз трэба эфэктыўна змагацца з наступствамі! Я выбачаюся, што я ўлез».
«А чаму не змагацца з прычынамі? — пытаецца сівы мужчына з задняга шэрагу і выходзіць наперад, мімаходзь адмаўляючыся ад мікрафона („выдатны голас“, — хваліць вядоўца). — Па статыстыцы атрымліваецца, што ЗАГС рэгіструе шлюбы паміж катамі і ахвярамі.
Вось на прыкладзе той жа Маргарыты і яе сужонка. Чалавек да 35 год розумам непаўналетні, і ў людзей у гэтым узросьце схаваныя кармічныя захворваньні, якія знаходзяцца ў інкубацыйным стане. Варта трапіць у неадэкватную сытуацыю, і ў яго пачынае хвароба выпіраць вонкі. Чалавек — гэта душа, і шчасьлівыя шлюбы там, дзе ў сужонкаў сумяшчальнасьць энэргетычная ад 80 да 100%. Іх кокан энэргетычны зьліпаецца ў адзін, у іх гармонія можа быць поўная. Усё гэта можна высьветліць на прыкладзе шматмернай мэдыцыны».
Вядоўца згортвае абмеркаваньне, усе пляскаюць у ладкі, пачынаецца раздача аўтографаў. Вядоўца запэўнівае, што Маргарыта гатовая сфатаграфавацца з кожным ахвотным і абавязкова ўсіх абдыме («хто ня супраць», — дадае Грачова). Адным з апошніх па абдымкі падыходзіць дужа высокі хлопец, але адмаўляецца ўставаць на прыступку каля стала.
«Ты саромеесься росту? — пытае Маргарыта. — У мяне ўвогуле мэханічная рука!»
Хлопец устае на прыступку. Яны абдымаюцца.
Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?
У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.
Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.
Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».
У канцэпцыі таго законапраекту:
- Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
- Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
- Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.
Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.