Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анархіста Паліенку вызвалілі ў залі суду


Паліенка адразу пасьля прысуду са сваёй сяброўкай Настай Гусевай, 25 кастрычніка 2019 году
Паліенка адразу пасьля прысуду са сваёй сяброўкай Настай Гусевай, 25 кастрычніка 2019 году

Анархіста Зьмітра Паліенку асудзілі на тры гады зьняволеньня без накіраваньня у папраўчую установу. Але адзін год зьнялі па амністыі.

Судзьдзя Пётра Арлоў зь Менскага гарадзкога суду прызнаў былога палітвязьня Паліенку вінаватым у асабліва злосным хуліганстве і асудзіў на тры гады «хатняй хіміі», мінус адзін год па амністыі.

З Паліенкі ўзялі падпіску аб нявыезьдзе, таксама зь яго маюць спагнаць 140 рублёў судовых выдаткаў і накіраваць на прымусовае лячэньне ад алькагалізму.

Зьміцер Паліенка выйшаў з клеткі пад аплядысмэнты і вітаньні прыхільнікаў.

«Працэс быў цыркам, рабілася ўсё, каб мяне пасадзіць надоўга, але тут прыпалі выбары. А Лукашэнку не патрэбен палітвязень, ён фліртуе з Захадам, праводзіць тут форумы па бясьпецы, таму вырашылі не рабіць зь мяне палітвязьня, ня больш за тое», — сказаў ён.

Зьміцер Паліенка
Зьміцер Паліенка

Паліенка сказаў Свабодзе, што міліцыянты далі яму зразумець перад працэсам, што яго вызваляць, але раней ён чакаў пасадкі.

«Хаця ніякіх доказаў маёй віны па ўсіх эпізодах, якія былі спачатку, у іх не было. Справа адразу была шытая белымі ніткамі», — дадаў Паліенка.

Спробу парэзаць сабе вены на першым паседжаньні Паліенка назваў «сымбалічным учынкам». «Каб нікога не падстаўляць, я нібыта рэзаў руку звычайным стрыжнем ад асадкі», — сказаў Паліенка. Пасьля гэтага ўчынку яго хацелі зьмясьціць у карцэр, але не пасьпелі.

Паліенка будзе абскарджваць прысуд

Зьміцер Паліенка будзе абскарджваць сёньняшняе рашэньне суду, бо нязгодны з тым, што яго прызналі злосным хуліганам і накіравалі на прымусовае лячэньне ад алькагалізму.

Прымусовае лячэньне ад Паліенка лічыць адным са спосабаў перасьледу яго за палітычную актыўнасьць. Ён кажа, што апошні раз пратакол «за выпіўку» на яго складалі 5 гадоў таму.

У Бабруйскай калёніі яго нібыта лячылі ад алькагалізму. «Але гэта ніякае не лячэньне, — кажа Паліенка. — Нават лекаў не давалі, усе разумелі, што ня трэба. Проста прымушалі прыходзіць да лекара і адзначацца».

Паліенка кажа, што ў сакавіку пасьля арышту яго вырашылі накіраваць на экспэртызу ў Навінкі.

«І я пагадзіўся, аб чым цяпер шкадую, бо там падманулі і зрабілі экспэртызу, што нібыта я пакутую ад алькагольнай залежнасьці, хоць гэта ня праўда». — сказаў Паліенка.

Пра пляны на волі

Паліенка заявіў Свабодзе, што пасьля вызваленьня плянуе працягваць грамадзкую дзейнасьць.

«Вядома! Можа, толькі крыху больш асьцярожна. Вы паглядзіце, што робіцца ў краіне: гэтак, як мяне, могуць забраць любога і сфальшаваць справу паводле любога артыкулу —- дастаткова толькі, каб нейкі сэксот даў паказаньні».

А нявеста Паліенкі Наста Гусева расказала Свабодзе, што ў панядзелак 28 кастрычніка яны са Зьмітром плянуць ісьці ў ЗАГС падаваць заяву на рэгістрацыю шлюбу.

«Я вельмі шчасьлівая, няма словаў. Я з раніцы наелася пігулак супакаяльных, баялася, думала, што дадуць ня менш за 5 гадоў. І вось такое шчасьце. У панядзелак ідзём у ЗАГС падаваць заяву. А пакуль пляную яго забраць ад сяброў і паехаць зь ім дамоў. А ў нядзелю, ці нават заўтра, паедзем па пярсьцёнкі», — сказала Наста Гусева.

Зьміцер Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка, суд над ім пачаўся 17 кастрычніка і мусіў праходзіць у закрытым рэжыме. У пачатку працэсу падсудны паспрабаваў ускрыць вены на руцэ, пасьля гэтага наведнікаў і журналістаў выдалілі з залі. Працэс аднавіўся праз паўгадзіны і далей ўжо праходзіў адкрыта.

Пракурор адмовіўся ад усіх абвінавачаньняў Паліенкі, акрамя абвінавачаньня ў злосным хуліганстве. Ён прасіў для Паліенкі 6 гадоў строгага рэжыму з магчымасьцю зьнізіць гэты тэрмін на адзін год па амністыі.

Пацярпелы Аляксей Юрын, якому Паліенка, паводле сьледзтва, пырснуў у вочы пярцовым газам у адказ на заўвагу пра курэньне ў пад’езьдзе, выказваўся за «па магчымасьці няжорсткае пакараньне». На абвяшчэньне прысуду Юрын не прыйшоў.

Падчас суду Зьміцер Паліенка зрабіў прапанову аб шлюбе сваёй сяброўцы Насьце Гусевай. З сакавіка і да заканчэньня працэсу ім не дазвалялі спаткацца і падаць сумесную заяву на шлюб.

Што важна ведаць пра справу Паліенкі

Зьміцер Паліенка на судзе спрабаваў ускрыць сабе вены як пратэст супраць закрытага працэсу. Працэс пагадзіліся адкрыць
Зьміцер Паліенка на судзе спрабаваў ускрыць сабе вены як пратэст супраць закрытага працэсу. Працэс пагадзіліся адкрыць

Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён распыліў газавы балёнчык у твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балёнчык у мэтах самаабароны — толькі тады, калі на яго напаў п'яны мужчына).

Пазьней сьледчыя прадʼявілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачаньняў:

  • «Псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы» — за графіці на Ахоцкай вуліцы ў Менску (арт. 341).
  • «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» — за словы на адрас былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча (арт. 369).
  • «Асабліва злоснае хуліганства» — за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску (ч. 3 арт. 339).
  • «Распальваньне сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG