17 кастрычніка па абедзе суд, які разглядае справу анархіста Зьмітра Паліенкі, пачаў дапытваць сьведак. Іх толькі двое, і абодва паведамілі, што ня бачылі моманту інцыдэнту, які адбыўся ўвечары 13 сакавіка ў пад’езьдзе дома па вуліцы Гурскага. Паводле сьледзтва, Паліенка нематывавана распыліў пярцовы газ у вочы Аляксею Юрыну.
«Паводзіў сябе прыстойна, заўваг не было»
Сьведка Ірына Суворава працуе адміністратарам у кавярні «Хмельная застава», дзе перад інцыдэнтам пацярпелы Аляксей Юрын адпачываў зь сябрам, Леанідам Каратаевым. Паводле паказаньняў сьведкі, Юрын і ягоны сябар у кавярні паводзілі сябе прыстойна, заўваг да іх не было, правялі ў кавярні каля 1,5 гадзіны.
«Я б не сказала, што яны былі нецьвярозыя, так, нападпітку», — сказала сьведка пра наведнікаў. Ірына Суворава згадала, што рахунак Юрына і ягонага сябра быў 42 рублі. «У тым ліку за 3 куфлі піва і 300 грам гарэлкі». Аляксея Юрына яна пазнала, бо ён часта наведвае гэтую кавярню.
«Сустрэліся з нагоды дня нараджэньня»
Другім сьведкам суд дапытаў Леаніда Каратаева, сябра пацярпелага Юрына, зь якім той адпачываў у кавярні.
«Адзначалі дзень народзінаў, які быў напярэдадні», — сказаў сьведка. Як і Ірына Суворава, Каратаеў інцыдэнту з удзелам Паліенкі ня бачыў, а даведаўся пра яго ад жонкі Юрына. Празь невялікі час пасьля разьвітаньня ён пазваніў Юрыну, каб даведацца, як той дабраўся дамоў, але слухаўку ўзяла жонка сябра і сказала, што мужу ў пад’езьдзе пырснулі ў твар з балёнчыка.
«Я ўзяў таксі і прыехаў да іх. Аляксей ляжаў з чырвоным тварам і скардзіўся на пякоту ў вачах», — згадаў сьведка. Па словах сьведкі, толькі праз тыдзень сам Юрын расказаў яму пра прычыну інцыдэнту — што ён зрабіў заўвагу хлопцу, які курыў у пад’езьдзе, і той пырснуў газам.
Некаторыя акалічнасьці справы сьведка памятае недасканала. Прыкладам, ня ўспомніў назвы кавярні, у якой адпачываў 13 сакавіка разам зь Юрыным. Але памятаў, што сам выпіў два куфлі піва, а Юрын — гарэлку. Ступень ап’яненьня Юрына ў той вечар ён ацаніў гэтак — «паміж лёгкім і сярэднім». Судзьдзя спытаў, чаму толькі праз тыдзень сьведка пацікавіўся ў свайго сябра Юрына, зь якой прычыны ў таго ўзьнік канфлікт з падсудным.
«Ня памятаю, чаму раней не пытаўся», — спачатку адказаў сьведка Леанід Каратаеў. Але пасьля роспытаў узгадаў, што спрабаваў на другі дзень даведацца, якая была прычына інцыдэнту, але «новага нічога» Юрын яму не сказаў. Сам Юрын патлумачыў: «Не хацеў нічога расказваць». Чаму тады расказаў пра ўсё праз тыдзень? — «Так атрымалася».
Паводле матэрыялаў справы, на допыце сьведкі Каратаева сьледчы пытаўся ў яго, чаму жонка Юрына ці сам Юрын ня выклікалі хуткую дапамогу. Юрын сьледчым адказаў, што яны не хацелі, каб Юрына паклалі ў шпіталь і каб пра інцыдэнт даведалася міліцыя.
Матэрыялы справы
Справу завялі ўжо 15 сакавіка, у той жа дзень, як Юрын напісаў заяву пра напад на яго «невядомай асобы». Тады ж Юрына прызналі ў гэтай справе пацярпелым.
- Паводле мэдычнай экспэртызы, у Юрына быў зафіксаваны крывападцёк на твары, пачырваненьне твару, пашкоджаньне сьлізістай вачэй. Пашкоджаньні не прызнаныя траўмамі, якія прывялі да кароткачасовай страты здароўя.
- Пратакол вобшуку ў кватэры Зьмітра Паліенкі: забралі 2 газавыя балёнчыкі «Жгучий перчик», вопратку, 2 ноўтбукі, 2 мабільныя тэлефоны Samsung.
- Экспэртыза пашкоджаньняў Паліенкі. Зафіксаваныя цялесныя пашкоджаньні, ссадзіны (не чуваць дзе). Прызнана, што гэтыя пашкоджаньні не прывялі да кароткатэрміновага разладу здароўя.
- Вынік мэдычнай экспэртызы Паліенкі — «сындром залежнасьці ад алькагалізму». Але «можа ўдзельнічаць у судзе»
- На паліто Юрына і адзеньні Паліенкі сьлядоў газу «Жгучий перчик» ня выяўлена.
Жонка пацярпелага: «Муж не транспартабэльны, з ног валіцца»
У судзе агучылі пратакол агляду флэшкарты з запісам размовы жонкі Юрына зь лекарам службы 103. Размова адбылася ўвечары 13 сакавіка. Жанчына пытаецца, як аказаць дапамогу мужу, якому нейкі маладзён пырснуў у вочы з балёнчыка. Лекар прапануе прыслаць дзяжурную брыгаду, але жонка Юрына адмаўляецца і кажа пра стан мужа, што ён «не транспартабэльны». «З ног валіцца пасьля дня народзінаў, мы яго паклалі і прамываем вочы».
Суд спытаў у Юрына, як ён можа патлумачыць словы жонкі пра тое, што ён быў у стане цяжкага алькагольнага ап’яненьня. «Мая жонка — чалавек эмацыйны, магла перабольшыць», — адказаў пацярпелы Юрын. Пра словы жонкі, што ён быў «нетранспартабэльны», пацярпелы патлумачыў: «Ну так, да кухні ня мог дайсьці».
Што важна ведаць пра справу Паліенкі
Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён распыліў газавы балёнчык у твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балёнчык у мэтах самаабароны — толькі тады, калі на яго напаў п'яны мужчына).
Пазьней сьледчыя прадʼявілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачаньняў:
- «Псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы» — за графіці на Ахоцкай вуліцы ў Менску (арт. 341).
- «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» — за словы на адрас былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча (арт. 369).
- «Асабліва злоснае хуліганства» — за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску (ч. 3 арт. 339).
- «Распальваньне сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130).