Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзейнічае 2 сэкунды». Што за «Пякучы перчык», які Паліенка распыліў падчас інцыдэнту ў пад’езьдзе?

абноўлена

Зьміцер Паліенка ў судзе, 17 кастрычніка 2019 году
Зьміцер Паліенка ў судзе, 17 кастрычніка 2019 году

18 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе прадоўжыўся працэс у справе Зьмітра Паліенкі, анархіста, якому пагражае 10 гадоў калёніі за тое, што распыліў у вочы невядомаму пярцовы газ. Пацярпелы Юрын кажа, што на яго быў учынены напад, Паліенка заяўляе, што гэта ён абараняўся. Хто хлусіць?

Дзе Паліенка набыў пярцовы газ?

Сьведка Максім Баруўко працуе ў фірме, якая прадае вайсковую атрыбутыку і сродкі самаабароны. У офісе фірмы на Камсамольскай вуліцы 8 сакавіка Паліенка набыў два балёнчыкі зь пярцовым газам «Пякучы перчык», якія фігуруюць у справе.

Паводле Максіма Баруўко, балёнчыкі прызначаныя «толькі для самаабароны», і ён пра гэта папярэдзіў пакупніка. Балёнчыкі Паліенка замовіў праз інтэрнэт і купіў іх за гатоўку, паводле сьведкі, «цягам паўгадзіны» непасрэдна ў офісе. Але як выглядаў пакупнік, сьведка ня памятае і падсуднага не пазнаў. Пра дзеяньне газу з прададзеных балёнчыкаў сьведка сказаў: «Ня моцнае, часова дэзарыентуе».

Праваабаронцы «Вясны» Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі на судзе над Паліенкам, 17 кастрычніка
Праваабаронцы «Вясны» Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі на судзе над Паліенкам, 17 кастрычніка

Рэчавыя доказы

Пракурор прадэманстраваў суду два балёнчыкі зь пярцовым газам «Пякучы перчык», якія сьледчыя забралі з кватэры Паліенкі падчас ператрусу 20 сакавіка. Балёнчык «Пякучы перчык» нагадвае футарал губной памады: чырвоны цыліндрык з чорным верхам дыямэтрам 2-3 сантымэтры і даўжынёй ня болей за 10 сантымэтраў.

Балёнчык ня мае засьцерагальніка, дзейнічае адразу пасьля націсканьня. «Пры трапляньні ў цэль тэрмін дзеяньня 2 сэкунды. Не рэкамэндуецца ўжываць у замкнутай прасторы. Прызначаны як сродак абароны ад сабак», — сказана ў інструкцыі. Кошт балёнчыка 25 рублёў.

На пытаньне пракурора, што зрабіць з балёнчыкамі пасьля суду, Зьміцер Паліенка папрасіў «адзін вярнуць яму, а другі ягонай сяброўцы, для якой ён і набываўся».

Таксама суду былі паказаныя паліто пацярпелага Юрына, у якім той быў падчас інцыдэнту 13 сакавіка, і вопратка Зьмітра Паліенкі: куртка, джынсы, шапка, чаравікі.

Паводле дадзеных экспэртызы, на паліто пацярпелага і на вопратцы падсуднага ня выяўлена сьлядоў пярцовага газу.

Пацярпелы Аляксей Юрын
Пацярпелы Аляксей Юрын

«На нагах не стаіць»

Удзельнікі працэсу праслухалі аўдыязапіс размовы жонкі Юрына зь лекаркай службы 103. (Учора гэтая размова згадвалася пракурорам для высьвятленьня стану пацярпелага Юрына на момант інцыдэнту). На запісы чуваць, як жанчына пытаецца ў лекара хуткай дапамогі парады, якім сродкам прамыць вочы мужу, якому распылілі ў твар пярцовы газ. «15 хвілін прамываем вадой, твар чырвоны, смыленьне не прайшло». На другім баку прапануюць шпіталізацыю, але жанчына адмаўляецца. «Пасьля дня народзінаў ён не стаіць на нагах», — тлумачыць жонка пацярпелага Юрына роўным голасам.

17 кастрычніка пацярпелы Аляксей Юрын казаў суду, што перад інцыдэнтам у пад’езьдзе быў толькі нападпітку, а жонка ў яго «вельмі эмацыйная» і магла перабольшыць ступень ягонага ап’яненьня.

«У яго складаныя адносіны з мэдыкамі, і бальнічны нам быў не патрэбен», — патлумачыла такую пазыцыю сьведка. Паводле Алены Саліевай, яна наўмысна сказала лекарцы па тэлефоне, што муж у стане моцнага ап’яненьня, каб лекары не прыяжджалі. «Я знарок гэта ўтрыравала», — сказала сьведка.

Суд адмыслова для Алены Саліевай другім разам праслухаў запіс яе размовы зь лекаркай служы 103.

Сьведка дадала, што не хацела прыезду лекараў, каб «не выносіць гэта з дому».

Чаму адразу ня выклікалі міліцыю?

Пра гэта сьведка Алена Саліева сказала, што такое пытаньне яны з мужам спачатку нават не абмяркоўвалі. «А навошта? Той хлопчык уцёк», — сказала яна. Чаму ж праз два дні муж вырашыў зьвярнуцца ў міліцыю з заявай на невядомага? «Ён жа можа так на дзяцей напасьці. А ў нас часта ліфт шкодзяць», — адказала сьведка.

Таксама пракурор прадэманстраваў відэа, на якім зьнята, як Аляксей Юрын выходзіць з кавярні «Хмяльная застава», дзе ён выпіваў зь сябрам Каратаевым. У дворыку перад кавярняй 5 з 7 хвілін відэа Юрын размаўляе зь нейкім чалавекам, потым разьвітваецца зь ім, яны паціскаюць рукі. Што гэта за чалавек, Юрын суду не сказаў. «Ня памятаю». Паводле Юрына, для яго гэта нармальна — гаварыць доўга зь незнаёмым чалавекам.

Паводле відэа, выходзячы з кавярні, Юрын прыкметна хістаўся. Чаму, пацікавілася адвакат Паліенкі. «У мяне левая нага карацейшая за правую, заўсёды кульгаю». — адказаў пацярпелы. Аднак у памяшканьні суду ён перасоўваецца роўна.

Як Паліенка апынуўся на месцы здарэньня?

Гэта стала вядома ад сьведкі Андрэя Войніча.

Ён жыве ў адным пад’езьдзе з пацярпелым Аляксеем Юрыным на вуліцы Гурскага. З Паліенкам пазнаёміўся ў сацыяльных сетках. 13 сакавіка яны зайшлі да яго дахаты.

«У мяне захавалася маленькая бутэлька гарэлкі, а паколькі я гарэлкі не ўжываю, дык зрабіў зь яе „старку“ — настояў на карыцы. Вось гэтым хацеў пачаставаць Зьмітра», — згадаў сьведка. Але дамоў з госьцем ён не пайшоў. Не хацеў весьці Зьмітра ў сваю кватэру з прычыны пагаршэньня адносінаў з жонкай. Але спачатку Андрэй Войніч усё ж падняўся да сябе — «каб наведаць туалет і ўзяць прыхаваную бутэльку». На кухні выпадкова выглянуў у вакно і тады першы раз убачыў на двары суседа Юрына. Той быў моцна нецьвярозы — «ішоў вельмі няроўнай хадой, хапаўся за парэнчы».

Паводле сьведкі, як ён выйшаў з кватэры, каб спусьціцца да Паліенкі, адразу пачуў пах пярцовага газу. Раптам зазваніў ягоны мабільны тэлефон. Званіў Паліенка.

«Я адказаў, што цяжка гаварыць, нехта распыліў пярцовы газ у пад’езьдзе. І тут Зьміцер сказаў, што гэта ён распыліў газ, бо на яго напаў нейкі „мужык“. Сказаў, што той чалавек „наехаў“ на яго і альбо ўдарыў, альбо хацеў ударыць, а яму „давялося абараняцца“».

Паводле Андрэя Войніча, калі ён спусьціўся, то паміж першым і другім паверхамі зноў убачыў суседа Аляксея Юрына.

«Стаяў на каленях, казаў нешта незразумелае і брыдкасловіў. Быў вельмі нецьвярозы. Вочы былі расплюшчаныя, глядзеў проста на мяне», — гэтак сьведка Войніч апісаў стан пацярпелага Юрына.

Паводле сьведкі, з Паліенкам яны потым выйшлі з пад’езду разам. Войніч згадаў, што калі выслухаў тлумачэньні Паліенкі пра здарэньне, то ўхваліў ягоны ўчынак, бо «таму давялося абараняцца». У канцы допыту Войніч пацьвердзіў, што ня бачыў у Паліенкі цыгарэт і ня чуў, каб хто курыў у пад’езьдзе. Самаробную «старку» Войніч і Паліенка расьпілі ўжо пасьля інцыдэнту.

«Ён канфліктны чалавек»

У судзе быў дапытаны яшчэ адзін сьведка — сусед Юрына і Войніча па пад’езьдзе Аляксандар Гоманаў. Сьведку прапанавала дапытаць абаронца Зьмітра Паліенкі.

Сусед Гоманаў назваў Аляксея Юрына канфліктным чалавекам. «Часта бачу яго нецьвярозым», — сказаў сьведка.

Працэс адновіцца ў сераду 23 кастрычніка а 12-й гадзіне.

Што важна ведаць пра справу Паліенкі

Зьміцер Паліенка на судзе спрабаваў ускрыць сабе вены як пратэст супраць закрытага працэсу. Працэс пагадзіліся адкрыць
Зьміцер Паліенка на судзе спрабаваў ускрыць сабе вены як пратэст супраць закрытага працэсу. Працэс пагадзіліся адкрыць

Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён распыліў газавы балёнчык у твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балёнчык у мэтах самаабароны — толькі тады, калі на яго напаў п'яны мужчына).

Пазьней сьледчыя прадʼявілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачаньняў:

  • «Псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы» — за графіці на Ахоцкай вуліцы ў Менску (арт. 341).
  • «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» — за словы на адрас былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча (арт. 369).
  • «Асабліва злоснае хуліганства» — за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску (ч. 3 арт. 339).
  • «Распальваньне сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG