Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ён быў д’яблам з апраметнай. Жыцьцё і сьмерць кáта Беларусі Барыса Бермана


Барыс Берман, каляж
Барыс Берман, каляж

27 сакавіка 2014 году Вайсковая калегія Вярхоўнага суду Расейскай Фэдэрацыі на закрытым пасяджэньні разглядала пытаньне аб рэабілітацыі камісара дзяржбясьпекі, начальніка транспартнага ўпраўленьня НКУС СССР Барыса Бермана (1901–1939), абвешчанага адным з кіраўнікоў антысавецкай тэрарыстычнай арганізацыі і агентам нямецкай выведкі.

Справа Бермана, як і ўсе справы нерэабілітаваных чэкістаў, засакрэчаная, але пастанова Вярхоўнага суду 2014 году дае ўяўленьне пра тое, якія матэрыялы захоўваюцца ў архіве ФСБ. Свабода атрымала гэты дакумэнт дзякуючы юрысту Аляксандру Бусараву. Менавіта ён хадайнічаў аб рэабілітацыі Бермана.

Абураны ростам сталінскіх настрояў у Расеі, Бусараў у 2012 годзе пачаў зьбіраць зьвесткі пра афіцэраў савецкіх спэцслужбаў, якія былі рэпрэсаваныя ў 30-50-х гадах і да гэтага часу не рэабілітаваныя. Праз Галоўную вайсковую пракуратуру ён стаў дамагацца перагляду спраў арганізатараў дзяржаўнага тэрору, асуджаных у СССР за выдуманыя злачынства — шпіянаж і контррэвалюцыйную дзейнасьць. Ён хацеў, каб пуцінскае правасудзьдзе, пераглядаючы гэтыя справы, пацьвярджала, што савецкія спэцслужбы былі злачыннымі па сваёй сутнасьці.

Барыс Берман таксама працаваў у прадстаўніцтве СССР у Нямеччыне, быў рэзыдэнтам ОГПУ ў Бэрліне. Ён быў арыштаваны 24 верасьня 1938 году, абвінаваўцы прышпілілі яго да справы арыштаванага раней «ворага народу» Генрыха Ягоды.

Старонка з дакумэнту Вярхоўнага суду РФ, які разглядаў справа Барыса Бермана ў 2014 годзе
Старонка з дакумэнту Вярхоўнага суду РФ, які разглядаў справа Барыса Бермана ў 2014 годзе

Аднак пік кар’еры Бермана прыпаў на час, калі Ягода ўжо пазбавіўся пасады наркама ўнутраных спраў СССР. У сакавіку 1937 году Берман быў прызначаны наркамам унутраных спраў Беларускай ССР, у ліпені 1937-га-траўні 1938-га працаваў старшынёй «тройкі», выносіў расстрэльныя прысуды. Гэта быў разгар Вялікага тэрору, і рахунак арыштаваных ішоў на дзясяткі тысяч.

Да таго часу ў Бермана ўжо быў сур’ёзны досьвед барацьбы з ворагамі народу. Ён удзельнічаў у сьледзтве па справах Зіноўева і Каменева, праводзіў ператрус у доме Мікалая Бухарына пасьля яго арышту. «Берман прыйшоў сапраўды на бяседу: у шыкоўным чорным гарнітуры, белай кашулі, кольца на руцэ з доўгім пазногцем на мезенцы. Яго самаздаволены выгляд выклікаў агіду», — успамінала ўдава Бухарына Ганна Ларына.

У Беларусі, пратрымаўшыся ў крэсьле наркама ўсяго адзін год, Берман паказаў сябе бязьлітасным катам.

У дакумэнце Вярхоўнага суду, заснаваным на крымінальнай справе 1939 году і матэрыялах дадатковай праверкі, гаворыцца пра тое, што ў бытнасьць Бермана наркамам было расстраляна амаль увесь урад савецкай Беларусі.

Мікалай Галадзед, скончыў жыцьцё самагубствам на допыце
Мікалай Галадзед, скончыў жыцьцё самагубствам на допыце


На аснове даведкі, складзенай асабіста Берманам, быў арыштаваны старшыня Савета народных камісараў БССР Мікалай Галадзед. У ходзе допыту ён пакончыў з сабой, выкінуўшыся з акна 5-га паверха будынка НКВД у Менску. Таксама былі арыштаваны намесьнік Галадзеда Іван Жураўлёў, якога Берман дапытваў асабіста, дамагаючыся ад яго «прызнальных паказаньняў».

Членаў беларускага ўраду Берман і яго падручныя сьледчыя вінавацілі ў стварэньні беларускай «нацыянал-фашысцкай» арганізацыі. У мітычную арганізацыю чэкісты запісалі наркама земляробства Бенека, наркама саўгасаў Турлан, наркама асьветы Дзякава, наркама унутранага гандлю Гурэвіча, намеснікаў наркама асьветы Ляшчынскага і Гершона, сакратара Мінскага райкаму партыі Кавальчука і іншых чыноўнікаў.

Не пазьбегла рэпрэсій і партыйнае кіраўніцтва рэспублікі: да вясны 1938 году аказаліся арыштаванымі і прысуджанымі да вышэйшай меры пакараньня 34 з 64 членаў ЦК Кампартыі Беларусі і 8 з 21 кандыдатаў у члены ЦК. Усе яны былі рэабілітаваныя пры Хрушчову, прычым было ўстаноўлена, што іх прызнаньні выбіваліся «ў выніку выкарыстаньня адносна іх гвалту з боку супрацоўнікаў НКУС СССР, у тым ліку Бермана».

Барыс Берман арганізоўваў паказальныя працэсы супраць «шкоднікаў» і «шпіёнаў». Рэпрэсіі прынялі масавы характар. У адказ на патрабаваньне Масквы прадставіць з рэгіёнаў колькасьць чалавек, якія падлягаюць расстрэлу і высылцы, першы сакратар ЦК КПБ Васіль Шаранговіч 9 ліпеня 1937 гады адправіў Сталіну і Яжову такую шыфроўку:

«На Вашу тэлеграму ад 3 ліпеня паведамляем, што намі ўлічана раней высланых і павяртанцаў кулакоў і крымінальнікаў ў Беларусі 12 800 чалавек, з гэтай колькасьці прапануем расстраляць 3 тыс. чалавек, як найбольш варожых і вядучых актыўную контррэвалюцыйную працу, і выслаць зь межаў Беларусі 9800 чалавек менш актыўных, але варожых элемэнтаў. У склад тройкі прапануем: НКУС Беларусі Бермана Б. Д.».

Рэзалюцыя Сталіна — «За».

На нарадах Берман цытаваў словы Максіма Горкага: «Калі вораг не здаецца, яго зьнішчаюць». Супрацоўнік НКУС БССР Віктар Быхоўскі паслухмяна выконваў указаньні.

«Я пачаў скарыстоўваць пры допытах ў адносінах да арыштаваных самыя разнастайныя мэтады зьдзекаў… Біў іх рукамі, саджаў на крэсла, затым даставаў з-пад іх крэсла, і яны падалі, клаў на падлогу, згінаў ўдвая і ставіў зьверху зэдлік, сядаў на яго і сядзеў да таго часу, пакуль гэтыя асобы не пачыналі даваць паказаньні, пляваў ім у твар», — прызнаваўся Быхоўскі, які не сумняваўся ў тым, што калі ён ня будзе выконваць распараджэньняў Бермана, яго таксама абвесьцяць яшчэ адным польскім шпіёнам.

Арыштаваныя пасьля так расказвалі пра мэтады допыту: «Сьледчы Быхоўскі зь першага ж допыту пачаў патрабаваць… хлусьні, паклёпу, перавернутых фактаў… і адкрыта заявіў, што праўды ён і не патрабуе. Са злосьцю ён выгукнуў: «Бач, сволач, Ісус Хрыстос знайшоўся, праўда яму патрэбная! Нам патрэбная праўда, якой ад цябе патрабуюць! … Калі ты савецкі чалавек, то павінен падпісаць усё, што патрабуе ад цябе сьледзтва. Гэта трэба ў інтарэсах дзяржавы…»

Стэнаграфістка Жукоўская, якая працавала ў НКУС, распавядала, што «… шмат сьледчых, зьяўляючыся інструктарамі па баі, хадзілі па кабінэтах і зьбівалі арыштаваных, якія не прызнаваліся… Калі арыштаваныя гублялі прытомнасьць пасьля зьбіцьця, [Быхоўскі] калоў іх іголкай у шыю… арыштаванага ставіў нагамі ўверх да акна і зьбіваў…»

Выконваючы плян Сталіна і наркама НКУС Яжова, Берман таксама праводзіў «польскую апэрацыю». Яна пачалася ў жніўні 1937 году. Супрацоўнік НКУС Іван Гарбаленя расказаў сьледзтву, што Берман загадаў «арыштоўваць грамадзян польскай нацыянальнасці, якія пражывалі на тэрыторыі Беларусі, незалежна ад наяўнасьці якіх-небудзь кампрамэтуючых матэрыялаў, лічачы іх усіх здраднікамі». У 1937—1938 гг. па ўказаньнях Бермана было арыштавана каля 60 000 грамадзян, «у выніку чаго ў памежных з Польшчай вёсках арыштавана амаль усё мужчынскае насельніцтва». У адной зь вёсак Тураўскага раёну (80 двароў) пасьля арыштаў засталося трое мужчын; у калгасе «Чырвонаармеец» Плешчаніцкага раёну з 29 мужчын былі арыштаваныя 23…

Чэкіст Аляксандр Гепштэйн на допыце ў 1939 годзе даваў паказаньні:

«У жніўні месяцы згодна з загадам НКУС была пачатая шырокая апэрацыя па польскай агентуры… У другой палове кастрычніка 1937 году вярнуўся з Масквы Берман і заявіў мне, што мы, аказваецца, вельмі рэзка адсталі ад усіх без выключэньня упраўленьняў НКУС Саюзу, што ў Ленінградзе выкрыта 2000 чалавек, на Ўкраіне 4000 чалавек і што таму нам неабходна рэзка перабудаваць усю працу. Берман прапанаваў мне склікаць нараду сьледчых, на якой ён дасьць указаньні… Берман выслухаў даклад кожнага сьледчага, і тут на гэтай нарадзе, упершыню і была дадзена ўстаноўка аб тым, што арыштаваных можна біць, пра тое, што пратаколы павінны быць кароткімі, што па групавых справах трэба ўключаць арыштаваных у альбом кожнага адразу па меры адпрацоўкі, а ня ўсёй групай… У Менску неўзабаве пачалося пагалоўнае біцьцё арыштаваных. Гэта распаўсюджвалася надзвычай хутка і шырока ва ўсіх астатніх аддзелах наркамату…»

Паэт Міхась Чарот быў расстраляны 29 кастрычніка 1937 году
Паэт Міхась Чарот быў расстраляны 29 кастрычніка 1937 году


Патрабаваньне павелічэньня колькасьці арыштаваных «шпіёнаў» прывяло да поўнага вар’яцтва. Гепштейн у сваіх паказаньнях прызнаў, што «лінія на арышт у першую чаргу палякаў прывяла, у рэшце рэшт, да таго, што на месцах пры складаньні даведак на арышт, часта на падставе толькi таго, што ў чалавека польскае прозьвішча або імя ў ўсталявальных дадзеных, завочна пісалі „паляк“, ведаючы, што пры гэтым Менск абавязкова дасьць санкцыю на арышт». У выніку «з узятых асоб па польскай лініі чыстых палякаў было ня больш за 35–40%, а астатнія былі беларусы, рускія, габрэі, украінцы».

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэньнях менскай унутранай турмы НКУС было забіта каля сотні дзеячаў беларускай культуры. Паэт Міхась Чарот запісаў на сьцяне адзіночнай камэры свой апошні верш «Прысяга», дзе яго ўбачыў і запомніў іншы вязень.


Я не чакаў
І не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.

Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!

Але руплівасьць не памагла Барысу Берману. Ён быў арыштаваны, а на пасадзе кіраўніка НКУС Беларусі ў 1938 годзе яго зьмяніў Аляксей Наседкін. Перад адпраўкай у Менск яго прыняў Сталін і папрасіў разабрацца з «спадчынай» Бермана і перадаў скаргі на неабгрунтаваныя рэпрэсіі.

Наседкін называў Бермана «сапраўдным д’яблам, які вырваўся з апраметнай».

«У суботы, — расказваў ён пазьней свайму сукамэрніку, — Берман ладзіў вытворчыя нарады. Выклікалі на сцэну паводле нарыхтаваных сьпісаў шэсьць чалавек зь ліку сьледчых — трох найлепшых і трох найгоршых. Берман пачынаў так: «Вось адзін з найлепшых нашых працаўнікоў, Іваноў Іван Мікалаевіч. За тыдзень таварыш Іваноў скончыў сто спраў, зь іх сорак — на вышэйшую меру, а шэсьцьдзесят — на агульны тэрмін у тысячу гадоў. Віншую, таварыш Іваноў. Дзякуй! Сталін пра вас ведае і памятае. Вы будзеце прадстаўлены да ўзнагароды ордэнам, а цяпер атрымаеце грашовую прэмію ў суме пяці тысяч рублёў! Вось грошы. Сядайце!» Раптам у мёртвым бязмоўі Берман гучна называў прозьвішча… «Вось Міхайлаў Аляксандр Сьцяпанавіч. Глядзіце на яго, таварышы! За тыдзень ён скончыў тры справы. Ніводнага расстрэлу, прапануюцца тэрміны ў пяць і сем гадоў». Мёртвая цішыня. Берман павольна падыходзіць да няшчаснага. «Варта! Забраць яго!» Сьледчага адводзяць… «Высьветлена, што гэты чалавек завэрбаваны нашымі ворагамі, якія паставілі сабе мэтай сарваць працу органаў, сарваць выкананьне заданьняў таварыша Сталіна».

Старонка з дакумэнту Вярхоўнага суду РФ, які разглядаў справа Барыса Бермана ў 2014 годзе
Старонка з дакумэнту Вярхоўнага суду РФ, які разглядаў справа Барыса Бермана ў 2014 годзе

Наседкін пратрымаўся на пасадзе кіраўніка НКУС у Беларусі яшчэ карацей за Бермана. У сьнежнi 1938 году ён таксама быў арыштаваны, а ў 1940 годзе прысуджаны да расстрэлу за тыя ж злачынствы, што і Берман — удзел у антысавецкай змове і шпіянажы.

За ходам сьледзтва ў справе Бермана сачыў асабіста Сталін. У яго архіве захоўваецца накіраваная яму Лаўрэнціем Берыям копія допыту Бермана. Відаць, што Сталін яе ўважліва чытаў, на дакуменьце ёсьць яго пазнакі.

Увесь допыт прысьвечаны нібыта нарадзе прадстаўнікоў замежных разьведак, якая адбылася «ў Нямеччыне ў зацішным мястэчку, недзе ў раёне Гарцу». Паводле сцэнару НКУС, Берман быў агентам нямецкай выведкі з 1933 году і «сыстэматычна перадаваў яе прадстаўнікам сакрэтныя матэрыялы пра сьледчую і агентурную працу НКУС і стан Узброеных сіл СССР на заходняй мяжы». Нібыта ад «афіцэра сувязі» нямецкай выведкі яму стала вядома аб тым, што выведкі розных краінаў (французы, англічане і немцы) на гэтай нарадзе закрылі вочы на рознагалосьсі, каб аб’яднаць намаганьні для актывізацыі яшчэ не разгромленых ў СССР кадраў і рэсурсаў. Нібыта на нарадзе асабіста прысутнічаў Герман Герынг.

Паказаньні Бермана падаюцца абсалютнай ахінеяй.

«Замежныя выведкі усялякімі шляхамі зьбіралі ў СССР праз сваю агентуру такія пытаньні і перадавалі іх у „лябараторыю Гебэльса“, які зьяўляецца пастарам Троцкага і нейкіх буйных сацыял-дэмакратаў. На гэтай аснове ў „лябараторыі Гебельс-Троцкага“ ўзнікла пытаньне аб выпуску дакумэнту, які б адказваў на „пытаньні“, пайшоў бы далей гэтага, гэта значыцьб быў бы складзены дакумэнт — нешта накшталт праграмы для такіх людзей у мэтах барацьбы супраць СССР».

Пазнакі Сталіна, відавочна сур’ёзна занепакоенага расповедам Бермана аб інтрыгах замежных выведак, дазваляюць меркаваць аб маштабах яго параноі. Ён ня толькі паверыў сфабрыкаванай гісторыі пра нараду, але і чамусьці вырашыў, што Берман хлусіць і сам на ім прысутнічаў, а ня чуў пра яе ад «афіцэра сувязі».

Барыс Берман была арыштаваны 24 верасьня 1938 году, а роўна праз 3 месяцы, 24 сьнежня 1938 году, арыштавалі яго магутнага старэйшага брата — Мацьвея Бермана, былога начальніка ГУЛАГу ОГПУ-НКВД, а затым наркама сувязі. Ён быў расстраляны 7 сакавіка 1939 году, праз два тыдні пасьля таго, як Вайсковая калегія Вярхоўнага суду СССР прысудзіла да сьмяротнага пакараньня яго брата.

У хрушчоўскія гады, калі справы рэпрэсаваных пераглядаліся, кіраўнік сталінскага ГУЛАГу Мацьвей Берман, які вінаваты гібелі тысячаў вязьняў, быў рэабілітаваны, а Барыса Бермана палічылі такім, які не падлягае рэабілітацыі. Гэта рашэньне 1956 году пацьвердзіла ў 2014 годзе і Вайсковая калегія Вярхоўнага суду РФ, якая разглядала запыт Аляксандра Бусарава.

Зрэшты, падобна на тое, што сучасныя чэкісты ня лічаць Барыса Бермана злачынцам. На сайце ФСБ ў 2001 годзе быў зьмешчаны артыкул, у якой ён з ушанаваньнем называецца «важным выведнікам».

Аляксандр Бусараў расказвае пра тое, чаму яго зацікавіў лёс Бермана:

«Калі ў сучаснай Расеі сталіністы кажуць пра непазьбежнасьць „памылак“ у працы савецкіх органаў дзяржбясьпекі, на памяць прыходзіць гісторыя з Барысам Берманам і тысячамі ахвяр яго вар’яцкага тэрору. Менавіта вар’яцкага, таму што няма іншага слова, якое б апісвала стан спусташэньня прыгранічных вёсак, урадавых структур і органаў мясцовай улады. Крывавая оргія кіраўніка рэспубліканскага НКУС, як вынікае з дакумэнтаў, зьдзяйсьнялася ў поўнай зьвязцы з такім жа звар’яцелым сакратаром ЦК Беларусі Шаранговічам, які ўсюды бачыў „шпіёнаў“, „дывэрсантаў“ і патрабаваў іх арышту і зьнішчэньня. Іх крывавае вар’яцтва было працягам параноі Сталіна, якая, падобна ветранай восьпе, распаўсюджвалася па краіне ад вышэйшага кіраўніцтва да хатніх гаспадынь.

Берман і Шаранговіч, пасьля будучы самі пад арыштам, абодва прызнаюцца ў выдуманых сьледзтвам злачынствах: Берман у тым, што ў 1933 годзе, будучы ў камандзіроўцы ў Нямеччыне, „быў раскансьпіраваны і злоўлены з доказамі злачынства, пасьля чаго супрацоўнікам нямецкай выведкі Протцэ завэрбаваны ў якасьці агента“, а Шаранговіч у тым, што шкодніцкімі прышчэпкамі распаўсюджваў чуму сярод сьвіней.

І ўвесь гэты шматгадовы „карагод“ жахлівай хлусьні, фарсу, агульнанароднага страху, сярэднявечных катаваньняў, крыві, сотняў тысяч сьмерцяў існаваў толькі дзеля адной мэты — улагодзіць поўную трызьненьняў галаву чалавеканенавісьніка Сталіна.

Злачынствы супраць чалавечнасьці, учыненыя савецкімі органамі дзяржбясьпекі, зьяўляюцца наўпроставым вынікам курсу дагадзіць вар’яцтву кіраўніка дзяржавы.

На жаль, расейскія спэцслужбы і праваахоўныя органы, раскручваючы ў цяперашні час махавік палітычных рэпрэсій, ідуць па тым жа шляху. Гісторыя іх нічому не навучыла».

Матэрыял падрыхтаваны Дзьмітрыем Волчакам з расейскай службы Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG