Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візытаў шмат, грошай мала. На чым грунтуецца сяброўства Беларусі і Ўзбэкістану


Аляксандар Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў
Аляксандар Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў

Пакуль цёплыя адносіны паміж кіраўнікамі Беларусі і Ўзбэкістану мала паўплывалі на разьвіцьцё эканамічных дачыненьняў.

Сьцісла

  • Беларуска-ўзбэцкія дачыненьні — добрая ілюстрацыя таго пастуляту, што супрацоўніцтва паміж дзяржавамі з аўтарытарнымі рэжымамі моцна залежыць ад асабістых стасункаў іх лідэраў.
  • Адносіны Аляксандра Лукашэнкі і новага прэзыдэнта Ўзбэкістану Шаўката Мірзіёева склаліся добрыя.
  • Таваразварот паміж краінамі параўнальна невялікі, у 2018 г. ён склаў толькі 160 мільёнаў даляраў.
  • У Беларусі і Ўзбэкістане частка эканамічных праектаў рэалізуюцца на загад зьверху, на аснове дамоўленасьцяў паміж лідэрамі дзяржаў. Такія праекты, як правіла, эканамічна дрэнна абгрунтаваныя.

1 жніўня завяршыўся першы ў гісторыі двухбаковых адносін візыт прэзыдэнта Ўзбэкістану ў Беларусь. Аляксандар Лукашэнка, прымаючы свайго ўзбэцкага візаві Шаўката Мірзіёева, адзначыў: «Літаральна за апошнія два гады мы з вамі цалкам перавярнулі нашы адносіны. Наогул, пераварочваць асабліва не было чаго, трэба было проста зноўку іх ствараць. І за два гады мы зрабілі, на шчасьце, значна больш, чым за папярэднія дваццаць пяць гадоў нашых адносін». І зь ім можна пагадзіцца.

Беларуска-ўзбэцкія адносіны — добрая ілюстрацыя таго пастуляту, што супрацоўніцтва паміж дзяржавамі з аўтарытарнымі рэжымамі моцна залежыць ад асабістых узаемаадносін іх лідэраў. У Аляксандра Лукашэнкі і ранейшага кіраўніка Ўзбэкістану Іслама Карымава было пэрсанальнае непрыманьне, канфлікт. Раздражненьне адзін адным вылівалася ў публічныя звады, спрэчкі, узаемныя ўколы. Гэта адмоўна адбілася на двухбаковых адносінах. У Менску нават не было ўзбэцкага пасольства, яно было адкрыта толькі ў чэрвені 2018 году, праз два гады пасьля сьмерці папярэдняга прэзыдэнта Ўзбэкістану. Адметна, што Аляксандар Лукашэнка не прыехаў на пахаваньне Іслама Карымава. Разьвітацца з прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Уга Чавэсам беларускі лідэр паляцеў праз акіян, а ў Ташкент не паехаў.

Нібы па кантрасьце, асабістыя адносіны Аляксандра Лукашэнкі і новага ўзбэцкага прэзыдэнта Шаўката Мірзіёева склаліся добрыя. Кіраўнік Беларусі езьдзіў ва Ўзбэкістан зь візытам у 2018 годзе. Ня кожнага высокага госьця Лукашэнка запрашае да сябе ў рэзыдэнцыю на нефармальную сустрэчу. Мусіць, беларускі лідэр асабліва быў усьцешаны падарункам ад узбэцкага калегі — скульптурай Лукашэнкі ў выглядзе хакеіста.

Праўда, пакуль цёплыя адносіны паміж кіраўнікамі мала паўплывалі на разьвіцьцё эканамічных дачыненьняў. Таваразварот паміж краінамі параўнальна невялікі. Некалькі апошніх гадоў ён складаў крыху больш за 100 млн даляраў у год. У 2018-м вырас да 160 мільёнаў даляраў. Для краіны з насельніцтвам 31 мільён жыхароў — гэта мала. Але ёмістасьць рынку вызначаецца ня колькасьцю насельніцтва, а яго платаздольнасьцю. Узбэкістан — краіна бедная.

Летась падчас візыту Лукашэнкі ў Ташкенце адбыўся беларуска-ўзбэцкі бізнэс-форум, цяпер падчас прыезду Мірзіёева падобны бізнэс-форум прайшоў у Менску.

Але багаты вопыт міжнародных кантактаў Аляксандра Лукашэнкі паказвае, што паміж плянамі і іх практычнай рэалізацыяй існуе вялікая дыстанцыя.

Справа ў тым, што эканамічныя сыстэмы Беларусі і Ўзбэкістану — падобныя, у абедзьвюх краінах вялікая роля дзяржавы ў эканоміцы. У краінах такога тыпу значная частка эканамічных праектаў рэалізуецца на загад зьверху, на аснове дамоўленасьцяў паміж лідэрамі дзяржаў. Такія праекты, як правіла, эканамічна дрэнна абгрунтаваныя. Калі пачынаюць лічыць грошы, камэрцыйную выгаду, то высьвятляюцца непрыемныя рэчы. Пра гэта, у прыватнасьці, сьведчыць сумны досьвед супрацоўніцтва Беларусі з той жа Вэнэсуэлай.

Але падобны досьвед ёсьць ужо і ў беларуска-ўзбэцкіх дачыненьнях. Вось Лукашэнка падчас сустрэчы зь Мірзіёевым апавядаў, што летась у Ташкенце адкрылі завод па вытворчасьці дарожна-будаўнічай тэхнікі «Амкадор-Агратэхмаш». Аднак праца прадпрыемства паказала, што ёсьць праблемы з рэалізацыяй прадукцыі і ўключэньнем яе ў праграмы дзяржаўнай падтрымкі. «Нам трэба разам знайсьці рашэньні, якія выведуць гэты завод на поўную магутнасьць. У гэтым зацікаўленыя абедзьве дзяржавы», — падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка.

То бок усё як звычайна ў каманднай эканоміцы. Спачатку на загад прэзыдэнтаў завод пабудавалі, а цяпер думаюць, што зь ім рабіць.

Пачынае разьвівацца вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж краінамі. Мінулым годам Узбэкістан наведаў міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў. Менск выказаў гатоўнасьць адрамантаваць і мадэрнізаваць узбэцкую бранятэхніку і самалёты.

Затое скульптурай хакеіста Лукашэнка можа любавацца ўжо цяпер. Усходнія людзі ўмеюць рабіць падарункі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG