Працоўная група ААН у адвольных затрыманьнях (ПГАЗ) разгледзела справу Паліны Шарэнды-Панасюк і вынесла рашэньне на сваім апошнім пасяджэньні 25–29 жніўня 2025 году. ПГАЗ пагадзілася з аргумэнтамі скаргі і прызнала пазбаўленьне волі беларускай палітычнай дзяячкі Паліны Шарэнды-Панасюк адвольным, такім, што парушае нормы міжнароднага права.
У сваім рашэньні Працоўная група ўказала, што Паліна была пазбаўленая волі за рэалізацыю сваіх правоў на свабоду выказваньня меркаваньняў. Тады Шарэнду-Панасюк асудзілі паводле артыкулаў 368 і 369 Крымінальнага кодэксу за нібыта абразу супрацоўнікаў міліцыі і прэзыдэнта.
Са зваротам у Працоўную групу ў жніўні зьвярнулася міжнародная праваабарончая арганізацыя Respect-Protect-Fulfill. І цяпер атрымала адказ.
Працоўная група падкрэсьліла, што такія выказваньні, якімі б непрыемнымі яны ні былі для ўладаў, знаходзяцца ў межах права на свабоду выказваньня меркаваньняў, якое замацавана ў артыкуле 19 Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека і артыкулам 19 Пакту, — асабліва ў кантэксьце меркаваных парушэньняў правоў і законнай рэакцыі грамадзяніна на несправядлівасьць.
Таксама Працоўная група пагадзілася зь меркаваньнем Спэцыяльнай дакладчыцы ў пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, якая рэкамэндавала Беларусі скасаваць артыкулы 368 і 369 Крымінальнага кодэксу.
Акрамя таго, падчас судоў у крымінальных справах Шарэнды-Панасюк былі груба парушаныя яе правы на справядлівы судовы разгляд. У прыватнасьці, парушэньнямі зьяўляюцца неабгрунтаванае закрыцьцё судовых пасяджэньняў па частцы крымінальных спраў, зьмяшчэньне Паліны падчас суду ў клетку, а таксама ў цэлым залежнасьць судзьдзяў ад выканаўчай улады і адсутнасьць бесстароннасьці.
Пры гэтым Працоўная група пагадзілася з высновамі Спэцыяльнай дакладчыцы ў пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі аб тым, што ў краіне адсутнічае незалежная судовая сыстэма, і адзначыла, што беларускія судзьдзі вядуць «абвінаваўчыя» вядзеньні, парушаючы прэзумпцыю невінаватасьці і права абвінавачаных на доступ да адваката.
Працоўная група асобна апісала і асудзіла практыку прымянення артыкула 411 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»), якую ў Беларусі выкарыстоўваюць для пастаяннага працягненьня тэрміну зьняволеньня. ПГАЗ падкрэсьліла, што «сыстэматычнае даданьне новых абвінавачваньняў з мэтай прадухіліць яе вызваленьне»зьяўляецца практыкай, падобнай да ўтрыманьня пад вартай паводле прынцыпу «каруселі», і цалкам несумяшчальнае зь міжнароднымі нормамі.
Працоўная група прыйшла да высновы, што гэтая справа разам з іншымі справамі, якія тычацца адвольнага затрыманьня ў Беларусі, можа сьведчыць аб шырока распаўсюджанай або сыстэматычнай практыцы адвольных затрыманьняў у Беларусі. ПГАЗ падкрэсьлівае, што дзяржавы абавязаныя не дапускаць дзеяньняў, якія могуць складаць злачынствы супраць чалавечнасьці, а таксама караць за такія дзеяньні, калі яны зьдзяйсьняюцца.
Працоўная група настойліва заклікала Беларусь неадкладна выправіць становішча Паліны Шарэнды-Панасюк, забясьпечыць поўнае пакрыцьцё стратаў, расьсьледаваць абставіны адвольнага пазбаўленьня волі Паліны і прыняць належныя меры ў дачыненьні асобаў, адказных за парушэньне яе правоў.
Мандат Працоўнай групы ў адвольных затрыманнях прадугледжвае расьсьледаваньне выпадкаў адвольнага пазбаўленьня волі або пазбаўленьня волі ў парушэньне міжнародных нормаў, замацаваных ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека ці міжнародна-прававых актах.
Форум