Аляксандар Лукашэнка 31 ліпеня прыняў у сваёй рэзыдэнцыі ў Заслаўі кіраўніка Ўзбэкістану Шаўката Мірзіёева. Яны абмяняліся падарункамі і пагутарылі ў нефармальнай абстаноўцы. Афіцыйныя перамовы маюць прайсьці 1 жніўня.
Мірзіёеў атрымаў ад Аляксандра і Мікалая Лукашэнак:
- пано «Беларус» неназванага мастака;
- беларускую вышыванку;
- невялічкую статуэтку зубра.
Сам Мірзіёеў падарыў «хакеіста» — мэтровую скульптуру з мэталу, у якой пазнаецца Аляксандар Лукашэнка. На сьпіне «хакеіста» падпісана: «A. Lukashenko» і пастаўлены нумар «01» (пад такім нумарам гуляюць у хакей і Аляксандар, і Мікалай Лукашэнкі, у тым ліку адначасова).
Сустрэча працягнулася ў альтанцы, якую Мірзіёеў падарыў Лукашэнку летась падчас візыту апошняга ва Ўзбэкістан. Да сустрэчы Мірзіёеў усклаў кветкі да манумэнту на менскай плошчы Перамогі.
На відэа прэс-службы Лукашэнкі не паказалі статую буйным плянам (але паказалі сяброўскія абдымкі Лукашэнкі і Мірзіёева), але разглядзець яе зблізу можна на кадры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ.
Таксама на відэа заўважна, што ў статуі ў жываце адчыняецца дзьверка, на ўнутраным баку якой налепленае фота таго, як Аляксандар Лукашэнка ўзнагароджвае Мікалая хакейным кубкам як найлепшага бамбардзіра турніру «Залатая шайба-2019» (тады бацька ўзнагародзіў сына хакейным кубкам прынамсі ў трэці раз).