Паводле Сьледчага камітэту, студэнты перадалі 53-гадовай выкладчыцы 690 рублёў за станоўчае вырашэньне пытаньня аб заліку. Кожны з групы навучэнцаў скінуўся па 30 рублёў. Жанчыну затрымалі і выставілі абвінавачваньне ў атрыманьні хабару. У ейным доме знайшлі 16 тысяч даляраў, зь якімі працуе экспэртыза. Выкладчыцы пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
У афіцыйных паведамленьнях наўпрост не называецца, у якой навучальнай установе Магілёва працавала затрыманая. Свабода даведалася, што гэта Дзяржаўны ўнівэрсытэт харчаваньня. Паводле нашай інфармацыі, затрыманая працавала на катэдры кансэрвацыі і браджэньня. Пад варту яе ўзялі яшчэ 13 чэрвеня.
У рэктараце не захацелі размаўляць пра затрыманьне выкладчыцы. Сваю пазыцыю аргумэнтавалі тым, што сьледчыя органы не агучвалі ў афіцыйных зьвестках назву навучальнай установы.
Свабода пагутарыла са студэнтамі ўнівэрсытэту пра іхнае стаўленьне да скандалу.
Меркаваньні студэнтаў. Сьцісла
- «Брала б меней, і ўсё было б добра».
- «Наважылася на хабар, бо не была ўпэўненая ў заўтрашнім дні».
- «Проста скарысталася службовым становішчам».
- «Кожны можа апынуцца перад выбарам, даваць хабар ці не».
- «Даючы хабар, студэнты расплачваюцца за свой узровень ведаў».
- «Яна за сваё нахабства ў няволі...»
Бальшыня суразмоўцаў пра затрыманьне выкладчыцы даведаліся з сацыяльных сетак. Па іх словах, узрушанасьць ад падзеі ўжо спала.
«Яе здаў студэнт, зь якім яна не дамовілася», — кажа адзін зь першых суразмоўцаў.
На ягоную думку, выкладчыца запатрабавала дзеля здачы заліку завялікую суму.
«Калі б запыт быў сьціплейшы, то ўсё было б у парадку, — лічыць ён, — а так за нахабства трапіла ў няволю».
«Ня варта ўсё валіць на выкладчыцу. І студэнты вінаватыя»
Наступная суразмоўніца кажа: выкладчыцу «здалі» завочнікі, бо яна «ашалела ад адчуваньня беспакаранасьці і нахабства».
«У завочнікаў яна брала адну суму, а іншым студэнтам выстаўляла другую», — мяркуе дзяўчына.
На яе думку, студэнты сваім узроўнем пасьпяховасьці і гатоўнасьцю расплачвацца за яго стварылі пажыўнае асяродзьдзе для злачынства, а выкладчыца з гэтага скарысталася.
«Таму ня варта валіць усё толькі на выкладчыцу», — кажа яна.
«Выкладчыкі вымушаныя круціцца...»
Паводле наступнага студэнта, такія сытуацыі «былі, ёсьць і нічога да лепшага ня зьменіцца». У выкладчыкаў малыя заробкі, і яны «вымушаныя круціцца, як могуць», — тлумачыць ён.
Ён адзначае, што не ўхваляе хабарніцтва і лічыць: з выкладчыкам можна дамовіцца па-людзку, не даючы грошы.
«Бывае такое, што мы прыходзім да выкладчыка з кветкамі і цукеркамі, такім чынам выказваючы павагу да яго. Зразумела, што ён на экзамэне зробіць паблажку, а не заваліць», — кажа суразмоўца.
«Сыстэма была добра адладжаная»
Ягоны аднакурсьнік упэўнены: цяпер наважыцца даць хабар не складана, бо ёсьць тыя, хто мае магчымасьці для злоўжываньня службовым становішчам. Ён лічыць, што ў затрыманай выкладчыцы была добра адладжаная схема атрыманьня хабару ад старшакурсьнікаў.
«Прага да нажывы ў кожнага чалавека ёсьць, — кажа яшчэ адзін з такіх студэнтаў. — У некага яна сьпіць, а ў некага прачынаецца і пачынае зьядаць знутры».
На яго думку, здаваць іспыты за хабар супярэчыць самой сутнасьці навучаньня. «Які тады са студэнта будзе спэцыяліст, — кажа ён. — Такіх баяцца трэба».
Сярод апытаных студэнтаў былі і тыя, хто ня ведаў пра затрыманьне ва ўнівэрсытэце. Яны перакананыя, што ў іхнай навучальнай установе такога не магло здарыцца.
«Я зьдзіўленая, — кажа адна з такіх студэнтак. — Нават не магу ўявіць, які выкладчык мог на такое наважыцца. У нашым унівэрсытэце выкладчыкі сумленна выконваюць свае абавязкі. Для іх галоўнае — навучыць студэнтаў».