Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінка расказала пра арышт у Беларусі, зьдзекі ў калёніі, сакрэтную кватэру КДБ і абмен зь мехам на галаве


Людміла Ганчарэнка, архіўнае фота
Людміла Ганчарэнка, архіўнае фота

Людміла Ганчарэнка была ў ліку 5 украінскіх грамадзян, арыштаваных на тэрыторыі Беларусі, якіх удалося абмяняць на расейскіх палонных у чэрвені 2024 году. Цяпер яна расказала сваю гісторыю арышту, суду і вызваленьня.

Свабода раней апавядала пра ўкраінку Натальлю Ярашэнка, якой у 2024 годзе давялося амаль год прабыць у розных беларускіх вязьніцах. Жанчыну падазравалі ў шпіянажы на карысьць Украіны, але ў выніку адпусьцілі на радзіму без суду і аніякіх дакумэнтаў.

У гісторыі ўкраінкі, якую разьмясьціў сайт праваабарончага цэнтру «Вясна», згадвалася яе родная сястра Людміла Ганчарэнка, якую таксама арыштавалі беларускія сілавікі.

У Беларусі яе асудзілі на тры гады зьняволеньня нібыта за «агентурную дзейнасьць» — у тэлефоне знайшлі фота і відэа, зробленыя на чыгунцы. Адбывала пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі № 4, дзе на сабе зьведала тое самае абыходжаньне, што і палітзьняволеныя беларускі. Цяпер Людміла, як і яе сястра Натальля, дома ва Ўкраіне — у чэрвені 2024 году яе абмянялі як ваеннапалонную. Цяпер у яе вялікія праблемы са здароўем, знайшлі анкалягічнае захворваньне, яна праходзіць складанае лячэньне.

Пра арышт, калёнію і абмен Людміла Ганчарэнка расказала праваабаронцам «Вясны».

«Пагражалі, што пасадзяць 13-гадовага сына»

Жанчыну затрымалі летам 2023 году ў Берасьці разам зь яе 13-гадовым старэйшым сынам, сястрой і пляменьнікам — сестрыным сынам. Да таго жанчыны ня раз езьдзілі разам у Беларусь у справах. На момант затрыманьня ў Людмілы ўжо быў другі сын, якому было толькі 3 месяцы, ён заставаўся з бабуляй ва Ўкраіне.

Пасьля затрыманьня падчас паездкі зь Берасьця ў Гомель у мясцовым КДБ яе 13-гадоваму сыну казалі, што пасадзяць яго ў турму. Таксама ўва ўсіх пыталіся пра сытуацыю ва Ўкраіне. Па прыездзе ў Гомель сыноў Людмілы і Натальлі перадалі сяброўцы Людмілы, а жанчын зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ).

Першы допыт у КДБ, з словаў Людмілы Ганчарэнкі, быў жорсткім. Жанчыне сталі пагражаць, што пасадзяць яе сына, вывозілі на паліграф. Людміла мусіла прызнацца, што гэта яна рабіла здымкі на тэлефон сына.

«Яны мяне вазілі на допыт у КДБ праз дзень. Прывозілі а 8-й раніцы, назад везьлі а 5-й вечара. Маглі нават проста прывезьці і пакінуць адну сядзець. Ніякіх сьледчых дзеяньняў, нічога. Проста прывязуць — і сядзіш.

Пыталіся пра відэа ў тэлефоне: навошта я яго здымала, для чаго лічыла калёну тэхнікі. Чаго я прыяжджала ў Беларусь, колькі грошай мне за гэта заплацілі. Я сказала, што ў Гомлі жыве мой былы муж, зь якім мы пражылі 18 гадоў», — сказала Людміла Ганчарэнка.

Жалезная «клетка ганьбы»

Першы месяц Людмілу Ганчарэнка трымалі ў гомельскім ІЧУ, а потым у сьледчым ізалятары, дзе яна прабыла да сакавіка 2024 году.

Суд над жанчынай прайшоў у Гомлі ў сьнежні 2023 году, працэс быў закрыты. За фота і відэа з расейскай тэхнікай паводле 358 артыкулу Крымінальнага кодэксу судзьдзя асудзіў украінку на тры гады пазбаўленьня волі. Пазьней Вярхоўны суд разглядаў апэляцыйную скаргу Людмілы, але пакінуў прысуд бязь зьменаў. У сакавіку 2024 году жанчына пачала адбываць пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі № 4, дзе правяла тры месяцы.

Паводле Людмілы Ганчарэнкі, у калёніі да яе ставіліся як да палітычнай зьняволенай. Яна ўспамінае, што адзін з супрацоўнікаў часта прымушаў жанчын на памяць чытаць беларускі гімн, а яе прымушалі чытаць гімн Украіны. «Калі гэтага ня зробіш, то адпраўляюць у ШЫЗА», — згадала Людміла. Паводле жанчыны, такое ж пакараньне чакала тых, хто адмаўляўся шыць форму для сілавых структураў.

Людміла таксама згадала, што адзін з асноўных мэтадаў ціску і пакараньня ў папраўчай калёніі № 4 (ПК-4) — «клетка ганьбы», куды адпраўляюць як палітычных, так і іншых зьняволеных. Гэта мэталічная клетка каля фабрыкі. Паўзь яе праходзяць усе, хто ідзе на фабрыку ці вяртаецца ў атрад.

«Яна знаходзіцца каля фабрыкі. Хтосьці стаіць там паўгадзіны, хтосьці — тры, а хтосьці — шэсьць. Гледзячы за што пакараньне», — згадала парадкі ў беларускай жаночай калёніі ўкраінка Людміла Ганчарэнка.

Як праходзіў абмен

13 чэрвеня 2024 году, пасьля трох месяцаў зьняволеньня ў калёніі, кантралёры вывелі Людмілу Ганчарэнку з працы і загадалі «за пяць хвілін сабраць рэчы». Пад узброенай аховай украінку вывезьлі з ПК-4, але павезьлі не да ўкраінскай мяжы. Яшчэ каля двух тыдняў яна заставалася ў Беларусі разам зь іншымі ўкраінцамі, таксама арыштаванымі.

«Па мяне прыехалі ў масках на машыне без нумароў і павезьлі з Гомля ў Менск. Спачатку тры дні там давялося жыць у нейкай кватэры з добрым рамонтам. Там быў двухспальны ложак і канапа. Адзін чалавек заўсёды сядзеў на ложку, двое — на канапе, і зь мяне не спускалі вачэй. Калі я ішла мыцца, напрыклад, то яны забаранялі зачыняць дзьверы. Калі выводзілі пакурыць, то надзявалі мне на вочы павязку. Але я разумела, што мы на высокім паверсе».

З гэтай кватэры ў Менску ўкраінцаў перавезьлі ў катэджавы пасёлак непадалёк ад сталіцы.

«Там нас таксама пільна ахоўвалі. Яны былі ў масках — бачныя толькі вочы. Калі мы выходзілі на вуліцу, нам надзявалі мяхі на галаву, каб мы адно аднаго ня бачылі. Там мы пражылі восем ці дзевяць дзён. А потым нас ужо абмянялі: нас, пяцёх цывільных, на пяцёх ваеннапалонных вайскоўцаў — дваіх беларусаў і траіх расейцаў. Сярод іх быў адзін бацюшка, астатнія вайскоўцы», — расказала Людміла Ганчарэнка.

З словаў жанчыны, палітвязьні не падазравалі, што іх рыхтуюць да абмену. Людміла думала, што іх зьбіраюцца вывезьці ў Расею. У нейкі дзень Людміла папрасіла аддаць ёй фатаграфію дзяцей, якую ў яе забралі пасьля калёніі. Параіўшыся, супрацоўнікі дазволілі ёй узяць фота з стала. Сярод іншых дакумэнтаў там ляжала і даведка аб вызваленьні па памілаваньні.

«Я спытала, што гэта. Яны сказалі, што гэта не мая справа. А ў нас жа з сабой былі ўсе дакумэнты, прысуды, малюнкі, лісты. Але ўсё гэта ў выніку ўтылізавалі і на рукі нічога не аддалі. Нават фатаграфіі перад мяжой забралі».

Абмен на мяжы адбываўся з затычкамі ў вушах і навушнікамі, рукі зьвязалі зацяжкамі, узгадвае Людміла. Перад гэтым сілавікі разам з групай украінцаў заехалі ў менскі КДБ — там трымалі яшчэ аднаго ўкраінца Мікалая Швеца. Калі яго забралі, усіх павезьлі на мяжу.

«Калі мы ўжо ехалі ў машыне, рукі былі зьвязаныя, але мяхі на галаву не надзявалі. Адзін сілавік сказаў: „Калі хочаш задаць пытаньне — падымай руку. А калі будзеш сябе няправільна паводзіць, то будзеш ехаць лежачы“», — расказала ўкраінка.

Абмен украінцаў на расейцаў і беларусаў адбываўся на памежным пераходзе Макраны — Даманава.

«Як толькі я выйшла з машыны, з мяне адразу зьнялі форму. Я ўжо бачу, што стаіць Наташа Захаранка, а ўдалечыні напісана „Ўкраіна“. Побач стаялі добрыя машыны-джыпы, усе без нумарных знакаў. Сілавікі былі ў зялёнай форме. Яны трымалі ў руках аўтаматы, накіраваныя ўніз. Сказалі: „Адзін няправільны крок — мы будзем страляць“. Ва Ўкраіне нас сустрэлі ўжо нашыя хлопцы», — згадала Людміла Ганчарэнка апошнія хвіліны знаходжаньня ў Беларусі.

Вызваленыя праз абмен зь беларускіх калёніяў палітзьняволеныя грамадзяне Ўкраіны ў Кіеве. 28 чэрвеня 2024 году
Вызваленыя праз абмен зь беларускіх калёніяў палітзьняволеныя грамадзяне Ўкраіны ў Кіеве. 28 чэрвеня 2024 году

У 2025 годзе ў Людмілы Ганчарэнкі выявілі рак шчытавіцы, яна праходзіць курс лячэньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG