Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму выкладчыкам усё роўна, што тры чвэрці беларускіх студэнтаў «капіпасьцяць» пісьмовыя работы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На канфэрэнцыі аб рэформе вышэйшай адукацыі ў Беларусі, якую ладзіў Цэнтар Астрагорскага, сярод іншых былі прэзэнтаваныя папярэднія вынікі дасьледаваньня «Плягіят у беларускіх ВНУ: прычыны, наступствы, спосабы рашэньня» дырэктара Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Пятра Рудкоўскага і аналітыка Вадзіма Мажэйкі.

Дасьледаваньне пакуль прадстаўленае ў папярэдняй рабочай вэрсіі, мае быць дапоўненае пасьля канфэрэнцыі.

Адзін з пунктаў дасьледаваньня — ананімнае апытаньне 126 студэнтаў беларускіх ВНУ, якое ладзілася ў сьнежні 2016 году і студзені 2017-га. У апытаньні студэнты прызналіся, што:

  • 74% здавалі спампаваныя з інтэрнэту чужыя работы (49% зь іх рабілі гэта больш за адзін раз);
  • 61% капіявалі чужыя тэксты без пазначэньня крыніцы (38% больш за раз);
  • 45% здавалі работу іншага студэнта;
  • 32% перакладалі тэкст з замежнай мовы і выдавалі за свой;
  • 30% замаўлялі за грошы тэксты, якія здавалі як свае.

Каля паловы апытаных казалі, што зьвяртаюцца да плягіяту праз «адсутнасьць практычнай вартасьці» заданьняў (56% апытаных) і «састарэласьць і непатрэбнасьць» тэмаў заданьняў (46%). Значна меней апытаных казалі, што прычынай плягіяту было тое, што ў час навучаньня не набылі навыкаў акадэмічнага пісаньня і дасьледчыцкай культуры (29%), што існуе цярпімасьць да плягіяту сярод студэнтаў і выкладчыкаў (22%) ці што няма мэханізмаў барацьбы з парушэньнем акадэмічнай сумленнасьці (20%).

Што думаюць выкладчыкі

Яшчэ адзін пункт дасьледаваньня — інтэрвію з 11 выкладчыкамі, зь якіх зрабілі высновы, што ёсьць прынамсі некаторыя зь іх, хто даруюць частковы плягіят (або плягіят, не распазнаны кампутарнай праграмай); што шмат выкладчыкаў не караюць за нязначны плягіят, што «міжмоўны плягіят і ідэйны плягіят увогуле абмінаюцца».

Выкладчыкі адзначылі, што фактары такога распаўсюду плягіяту зьвязаныя і са студэнтамі, і зь імі самімі. Яны адзначалі, што студэнты ня маюць неабходных навыкаў падрыхтоўкі пісьмовых работ, упэўненыя ў адсутнасьці або нязначнасьці пакараньня, ня маюць дастатковай матывацыі вучыцца ў ВНУ і не зацікаўленыя ў вывучэньні дысцыплін, ад якіх ня бачаць карысьці для будучай працы.

Таксама выкладчыкі разважаюць пра нізкія прахадныя балы ва ўнівэрсытэты і праблему таго, што пры паступленьні праз цэнтралізаванае тэставаньне большасьць унівэрсытэтаў пазбавілася магчымасьці ўплываць на тое, хто да іх паступае.

Самі выкладчыкі прызнаюцца, што ня маюць дастаткова часу на асабістую працу са студэнтамі, маюць нізкія заробкі і як вынік нізкую матывацыю працаваць ды й бачаць нізкую матывацыю студэнтаў, што зьнеахвочвае іх саміх. Акрамя таго, сыстэма адукацыі не выкарыстоўвае магчымасьцяў праграмаў «антыплягіяту», мае слабую акадэмічную культуру і наогул зацікаўленая ў выкананьні плянаў па прыбытках ад студэнтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG