«Царскі гарадавы», «шуняўка», «дзіравы», «людзі ў цывільным», «жэстачайшая лібэралізацыя» мітынгаў… Узгадваем, чым запомніўся міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч.
Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч пайшоў у адстаўку 10 чэрвеня. Сьцьвярджаецца, што рапарт аб адстаўцы ён падаў сам, але гэта адбылося пасьля крытыкі з боку Аляксандра Лукашэнкі, які праводзіў зь ім сустрэчу як зь дзейным міністрам.
Шуневіч узначальваў міністэрства больш як сем гадоў — з траўня 2012-га. Беларусы нямала крытыкавалі міністра, ня раз зьбіралі подпісы за яго адстаўку.
1. Міліцэйскі гвалт і «інфармацыйная вайна»
Жорсткія затрыманьні і «хапуны» без разбору былі і да Шуневіча. У час ягонага кіраваньня скаргаў на дзеяньні супрацоўнікаў МУС не паменела: затрыманыя казалі пра праваахоўнікаў, што тыя іх білі, катавалі, мачыліся на галаву, пагражалі «пасадзіць на бутэльку»...
На крытыку ён адказваў заявамі пра «інфармацыйную вайну» супраць міліцыі, пужаў тым, што з такіх закідаў «пачыналіся каляровыя рэвалюцыі». Інтэрнэт, казаў ён, гэта «зона безадказных паводзінаў», а за «працечкі» рапартаў аб парушэньні парадку міліцыянтамі ён абяцаў караць падначаленых.
Пры Шуневічу актыўна выкарыстоўваліся і «людзі ў цывільным» (супрацоўнікі міліцыі без уніформы) — актывісты ў нейкі момант пачалі называць іх «шуняўкамі» ў гонар міністра. За спробу супраціўляцца «людзям у цывільным» былому палітвязьню Сьвятаславу Барановічу прысудзілі тры гады зьняволеньня, ён скардзіўся на катаваньні ў калёніі.
2. Гамафобныя заявы
Міністар Шуневіч адзначыўся заявамі, якія многія расцанілі як гамафобныя. Год таму на сайце МУС зьявілася заява «Мы за сапраўднае, яны ня пройдуць», у якой аднаполае каханьне называлі «падробкай». Так МУС адрэагавала на тое, што ў Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй брытанская амбасада ў Менску вывесіла вясёлкавы сьцяг.
Пазьней зь міліцэйскага пратаколу стала вядома, што аўтарам заявы быў сам міністар. Неўзабаве ён у інтэрвію тэлеканалу АНТ заявіў, што называе прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці «дзіравымі» (пракуратура і Сьледчы камітэт адмовіліся правяраць ягоныя словы на прадмет распальваньня варожасьці, а мянушка «дзіравы» замацавалася за самім міністрам сярод ягоных непрыхільнікаў).
У 2019 годзе МУС зноў адрэагавала на вясёлкавы сьцяг на брытанскай амбасадзе, гэтым разам заявіўшы, што паміж «прапагандай гомасэксуальнасьці» і ростам пэдафіліі нібыта існуе сувязь (гэта ня так).
3. Недатыкальная скульптура «царскі гарадавы»
Пры Шуневічу, увесну 2017 году, насупраць галоўнага будынку МУС у Менску адкрылі «помнік гарадавому»: на 100-годзьдзе савецкай міліцыі (ад якога вырашылі адлічваць гісторыю беларускіх праваахоўнікаў) зьявілася скульптура гарадавога ў форме часоў Расейскай імпэрыі. Пры тым гісторыя бальшавіцкай міліцыі пачалася якраз з разгону гарадавых і паляваньня на іх.
Скульптуру пастаянна ахоўваюць, а за любыя дзеяньні зь ёю могуць затрымаць. За зьнявагу скульптуры ня раз штрафавалі — нават патрабавалі пасадзіць на 2 гады «хіміі» за пэрформанс зь пятлёй на шыю гарадавога (абышлося штрафам у 5 базавых). Сярод аштрафаваных за зьнявагу помніка — бяздомны, які, як кажуць, не лічыў гэта палітычнай акцыяй, сярод затрыманых — турысты з Расеі, якія фатаграфаваліся з помнікам. Шуневіч прызнаваўся, што сам прыдумаў, каб падлетак выбачаўся на відэа за «зьнявагу» скульптуры, якой даў поўху.
4. Форма НКВД
Міністар прынамсі двойчы зьяўляўся на афіцыйных мерапрыемствах у форме савецкага НКВД — далёкага «продка» сучаснага беларускага КДБ. Стаўленьне да НКВД у грамадзтве прынамсі неадназначнае, бо гэты орган пырчыніўся да масавых рэпрэсіяў і забойства без суду сама менш дзясяткаў тысяч грамадзянаў.
Сам Шуневіч на крытыку адказваў, што «адчувае гонар» за форму НКВД. У сэрыі стрыт-арту зь беларускімі чыноўнікамі Шуневічу прыпісвалі гонар ня толькі за форму, але і за мэтады НКВД.
5. Затрыманьні цыганоў
Пасьля загадкавай сьмерці міліцыянта ў Магілёве ў канцы вясны 2019 году па Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні людзей цыганскай нацыянальнасьці. Спачатку афіцыйна меркавалася, што міліцыянта забілі (і ён нібыта паведаміў праз Viber пра датычнасьць да гэтага цыганоў), пасьля ж афіцыйнай вэрсіяй стала самагубства (але засталося шмат пытаньняў). Затрыманыя скардзіліся на зьбіцьцё і жорсткае абыходжаньне, з затрыманьнямі зьвязвалі сьмерць адной жанчыны.
Шуневіч назваў «праверку» цыганоў у Магілёве абгрунтаванай і не пабачыў, чаму б ён мусіў прасіць прабачэньня за дзеяньні сваіх падначаленых. У той жа дзень прабачэньня ў цыганоў папрасіла кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі.
У цыганскай дыяспары тым часам казалі пра ўзмацненьне ціску з боку міліцыі ў апошнія 5–6 гадоў, зьвязваючы гэта са зьменай кіраўніцтва МУС. Сьцьвярджалі, што «было мякчэй» і «ўсё зьмянілася з прыходам міністра Шуневіча».
6. Барацьба з наркотыкамі
Пры Шуневічу пакараньні за продаж або захоўваньне наркотыкаў сталі больш жорсткімі. Міністар выказваўся таксама супраць зьмякчэньня пакараньня за ўжываньне наркотыкаў. Тым часам маці асуджаных лічаць пакараньні неадэкватнымі, ходзяць па інстанцыях, нават ладзілі галадоўку пратэсту.
7. Канцэпцыя закону супраць хатняга гвалту
Іншая ініцыятыва МУС — канцэпцыя закону супраць хатняга гвалту — была адхіленая ўладамі. Супраць выказаўся сам Аляксандар Лукашэнка, які расказаў, як і каго біў са сваіх дзяцей.
8. «Жэстачайшая лібэралізацыя» мітынгаў
Шуневіч таксама расхвальваў зьмены ў парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў, называў іх «жэстачайшай лібэралізацыяй». Хоць зьмены ў законы дазволілі ладзіць мітынгі на вызначаных уладамі «бангалорах», арганізатараў абавязалі плаціць міліцыі немалыя сумы за ахову. Празь нежаданьне арганізатараў плаціць за ахову, якая не выключае палітычна матываваных затрыманьняў удзельнікаў, шэраг традыцыйных акцыяў апазыцыі, гэтаксама як «недзяржаўныя» спартовыя і рэлігійныя мерапрыемствы, апынуліся пад пагрозай.