Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне апублікаваныя сьпісы кандыдатаў ад партыяў Зяленскага і Парашэнкі


Пятро Парашэнка на зьезьдзе сваёй партыі
Пятро Парашэнка на зьезьдзе сваёй партыі

Ва Ўкраіне ў нядзелю прайшлі перадвыбарчыя зьезды партыяў цяперашняга і ранейшага прэзыдэнтаў краіны, Уладзіміра Зяленскага і Пятра Парашэнкі. На зьездах былі прадстаўленыя сьпісы кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнай Рады на выбарах, якія павінны прайсьці 21 ліпеня.

Сьпіс партыі Зяленскага «Слуга народа» узначаліў кіраўнік гэтай партыі, адзін з кіраўнікоў перадвыбарнага штабу Зяленскага Дзьмітры Разумкоў. У першую дзясятку ўвайшоў і генэральны дырэктар тэлеканалу «1 + 1» бізнэсоўца Ігара Каламойскага Аляксандар Ткачэнка. У сьпісе таксама былыя супрацоўнікі штабу Зяленскага, грамадзянскія актывісты і экспэрты.

Выступаючы на зьезьдзе «Слугі народа», Зяленскі сказаў, што на выбарах у Раду неабходна «адправіць у накаўт» старую сыстэму ўлады.

Сьпіс партыі Пятра Парашэнкі ўзначаліў сам былы прэзыдэнт. На другім месцы сьпікер Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій, які цяпер прадстаўляе ў Радзе іншую партыю — «Народны фронт» (сама яна не выстаўляе сьпісу). У першай дзясятцы двое прадстаўнікоў крымскітатарскага народу — Мустафа Джемілеў і Ахтэм Чыйгоз.

Раней свае сьпісы прадставілі партыя музыкі Сьвятаслава Вакарчука «Голас» і прарасейская «Апазіцыйная плятформа» Юрыя Бойкі. Зьезд партыі Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына» адбудзецца ў панядзелак. Пакуль таксама незразумела, з кім пойдзе на выбары партыя Міхаіла Саакашвілі «Рух новых сіл» — напярэдадні палітык заявіў, што яна сфармуе свой сьпіс, але сёньня ня выключыў аб’яднаньня з партыяй Анатоля Грыцэнкі.

Апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што «Слуга народу» Зяленскага наперадзе зь вялікім адрывам. У Вярхоўную Раду таксама, як чакаецца, пройдуць «Апазыцыйная плятформа», «Эўрапейская салідарнасьць» і «Бацькаўшчына», а магчыма і яшчэ некалькі сіл, у тым ліку «Голас».

Указ Зяленскага аб прызначэньні датэрміновых выбараў аспрэчаны ў Канстытуцыйным судзе, які на наступным тыдні пачне разглядаць скаргу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG