Былы кляштар бэрнардынцаў разьмешчаны ў райцэнтры Дуброўна Віцебскай вобласьці. Будынак агульнай плошчай 456,6 квадратных мэтраў быў узьведзены ў XIX стагоддзі. Яго продаж заўважыла выданьне blizko.by.
На сайце Беларускай таварнай біржы будынак кляштару пазначаны як «помнік архітэктуры XIX стагоддзя, які не выкарыстоўваецца». Стартавы кошт — адна базавая велічыня: 42 рублі.
Разам з кляштарам пакупнік атрымае ў арэнду на 50 гадоў прылеглую тэрыторыю. У апісаньні лота адзначаецца, што на гэтым зямельным ўчастку можна будзе пабудаваць жыльлёвыя і адміністратыўныя будынкі, гатэлі, а таксама будынкі «фізкультурна-аздараўленчага прызначэньня, розьнічнага гандлю, культурна-асьветніцкага і (або) відовішчнага прызначэньня і іншай прадпрымальніцкай дзейнасьці».
Пераможца таргоў, акрамя кошту кляштара, павінен будзе заплаціць 100 рублёў выдаткаў на правядзенне таргоў.
Таргі прызначаны на 30 красавіка 2025 года.
Цяперашнія таргі па кляштары ў Дуброўне далёка ня першыя, заўважае blizko.by, і гэтым разам цану зьнізілі ўжо ў 9 тысяч разоў ад першапачатковай. Упершыню будынак кляштару выставілі на таргі ў кастрычніку 2024 году. На сайце біржы пазначана, што рыначны кошт гэтай маёмасьці на 1 верасьня 2024 году складаў 371 000 рублёў. Тады таргі не адбыліся, і аб’ект перавыставілі са зьніжэньнем цаны: за 74 200 рублёў. Але заявак не было — аўкцыён не адбыўся.
Форум