Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адправіла ў космас лётніка, якога ва Ўкраіне асудзілі за дзяржаўную здраду


Аляксей Зубрыцкі
Аляксей Зубрыцкі

32-гадовы Аляксей Зубрыцкі стаў першым у гісторыі касманаўтам з прысудам за дзяржаўную здраду. Вырак завочна вынес Віньніцкі гарадзкі суд 11 сакавіка 2025 году.

Расьсьледніцкі праект Радыё Свабода «Сыстэма» пераказвае ключавыя моманты з судовага дакумэнту.

8 красавіка 2025 году з касмадрому Байканур да Міжнароднай касьмічнай станцыі адправіўся чарговы экіпаж на борце ракеты «Саюз». Расейскія ўлады прымеркавалі запуск да 80-годзьдзя Перамогі і зьмясьцілі ў ракету выяву помніка «Радзіма-маці». У складзе — амэрыканец Джоні Кім і двое грамадзян РФ: Сяргей Рыжыкаў і Аляксей Зубрыцкі.

Зубрыцкі — ураджэнец Запароскай вобласьці. Лейтэнант УС Украіны, служыў лётнікам авіяцыйнага зьвяна вайсковай часткі УСУ, дысьлякаванай у Крыме.

Пасьля пачатку крымскай анэксіі камандаваньне прызначыла яго ў іншую частку на мацерыковай тэрыторыі Ўкраіны і вызначыла тэрмін прыбыцьця — да 12 траўня 2014 году. Суд выявіў: «Да ўстаноўленага тэрміну [Зубрыцкі] на службу не прыбыў і пра сваё месца знаходжаньня камандаваньню не паведаміў, хоць аб’ектыўна абавязаны быў і мог гэта зрабіць».

Згодна з рашэньнем суду, Зубрыцкі, «быўшы грамадзянінам Украіны, дакладна ведаючы аб усіх вышэйзгаданых абставінах, у пэрыяд з 22.03.2014 па 13.05.2014, знаходзячыся ў Севастопалі, наўмысна, з карысьлівых памкненьняў, зьдзейсьніў пераход на бок ворага і гэтым нанёс шкоду сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці і недатыкальнасьці, абараназдольнасьці, дзяржаўнай, эканамічнай і інфармацыйнай бясьпецы Ўкраіны».

Суд палічыў даказаным, што абвінавачаны служыў у расейскіх войсках больш за 10 гадоў, уключаючы пэрыяд поўнамаштабнай вайны.

Сапраўды, паводле біяграфіі на сайце Цэнтру рыхтаваньня касманаўтаў, з 2014 па 2018 год Зубрыцкі служыў у вайсковых частках у акупаваным Крыме і на поўдні Расеі — гэта 38-ы, 31-ы зьнішчальныя авіяцыйныя палкі, 960-ы штурмавы авіяполк.

У 2018-м Зубрыцкі пачаў шлях да зорак — быў залічаны ў атрад касманаўтаў. А ў канцы 2024 году, паводле інфармацыі на сайце карпарацыі «Роскосмос», праходзіў падрыхтоўку ўжо на пляцоўцы Эўрапейскага касьмічнага агенцтва ў Кёльне.

Ва Ўкраіне Зубрыцкі завочна асуджаны на 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці паводле артыкулаў «дзяржаўная здрада» і «дэзэртырства».

«Сыстэма» зьвярнулася ў Эўрапейскае касьмічнае агенцтва па камэнтар.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG