Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніхто ня скажа, што мы лахатрон». Як беларускія студэнты ствараюць зьніжкавую картку


Каманда праекту на конкурсе Social Weekend
Каманда праекту на конкурсе Social Weekend

У Заходняй Эўропе і ў ЗША студэнты даўно могуць карыстацца рознымі зьніжкамі і эканоміць такім чынам грошы. Падобную праграму ў Беларусі спрабуюць рэалізаваць стваральнікі карткі UNICard, якая прапаноўвае студэнтам зьніжкі ў розных крамах і ўстановах.

Свабода пагаварыла з каардынатарам праекту Данілам Лаўрэцкім пра запатрабаванасьць карткі, выдаткі і канкурэнцыю зь вялікімі банкамі і БРСМ.

Ідэя UNICard узьнікла ў Данілы Лаўрэцкага і ягонага партнэра Ільлі Сіліцкага. Хлопцы — сябры студэнцкай арганізацыі «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў». Даніла жыве ў Менску і вучыцца на апошнім курсе эканамічнага факультэту БДУ па спэцыяльнасьці «Міжнародны мэнэджмэнт». Ільля вывучае робататэхніку ў Віленскім тэхнічным унівэрсытэце.

Даніла Лаўрэцкі, выканаўчы дырэктар праекту UNICard
Даніла Лаўрэцкі, выканаўчы дырэктар праекту UNICard

Ільля Сіліцкі, тэхнічны дырэктар праекту UNICard
Ільля Сіліцкі, тэхнічны дырэктар праекту UNICard

«Я ведаў, што для студэнтаў існуе шмат зьніжак у іншых краінах Эўропы, — кажа Даніла Лаўрэцкі. — Звычайна гэтыя льготы каардынуюць незалежныя студэнцкія зьвязы, якія самі зьвяртаюцца да бізнэсу і просяць іх зрабіць зьніжкі. Самы вядомы прыклад — міжнародная студэнцкая картка ISIC. Я падумаў, што варта было б зрабіць нешта накшталт такога і ў Беларусі».

Зь цягам часу да каманды далучаліся новыя людзі. Запуск праграмы — добрая магчымасьць для маладзёнаў паспрабаваць сябе ў перамовах, дызайне, прамоцыі, нават у праграмаваньні.

«Цяпер у нашай камандзе каля 18 чалавек. Пяцёра займаюцца разьвіцьцём: шукаюць партнэраў, вядуць сацыяльныя сеткі, пішуць мабільную праграму. Яшчэ 13 распаўсюджваюць карткі сярод студэнтаў у сваіх унівэрсытэтах. Заробку пакуль што ніхто не атрымлівае. Спадзяёмся, што гэта часова», — кажа Даніла Лаўрэцкі.

Частка каманды праекту UNICard
Частка каманды праекту UNICard

У распрацоўку UNICard Даніла і Ільля ўклалі ўласныя грошы. Агулам на стварэньне сыстэмы, сайту, юрыдычнае афармленьне і рэкляму яны аддалі каля 2500 беларускіх рублёў. Пакуль што прыбытак UNICard склаў каля 1000 рублёў.

Даніла кажа, што праект стане самаакупным ужо напрыканцы гэтага навучальнага году. Існуе сэзонны попыт: студэнты часьцей купляюць картку ў красавіку-траўні. А канікулы — мёртвы сэзон.

Як працуе UNICard

Гэта зьніжкавая картка накшталт тых, што бываюць у крамах. UNICard каштуе 1,99 рубля тэрмінам на год ці 2,99 — на ўвесь тэрмін навучаньня. Набыць яе могуць толькі студэнты. Уладальнік UNICard можа карыстацца зьніжкамі ва ўсіх партнэрскіх сэрвісах — цяпер іх больш за 45.

Большасьць партнэраў (найчасьцей гэта ўстановы харчаваньня) месьцяцца каля ўнівэрсытэтаў ці студэнцкіх інтэрнатаў.

«Што яшчэ студэнтам трэба? Выпіць кавы і пад’есьці шаўрмы, — жартуе Даніла. — Але мы не абмяжоўваемся толькі ежай. Сярод нашых партнэраў ёсьць некалькі сэкс-шопаў. А чаму б і не?»

Даніла Лаўрэцкі на конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend
Даніла Лаўрэцкі на конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend

Першых 25 партнэраў прывёў якраз Даніла.

«Гэты было вельмі складана. У нас не было анічога, я прадаваў проста нейкія скрыншоты. Але быў вялікі энтузіязм, і хіба таму ўсё атрымлівалася. Бізнэсы ахвотна далучаюцца да UNICard — плаціць ня трэба, а мы рэклямуем іх сярод карыстальнікаў. Студэнтам жа цікава атрымліваць зьніжкі ў месцах, дзе яны часта бываюць».

Так выглядае картка
Так выглядае картка

Сёньня ў UNICard каля 500 карыстальнікаў і 45 партнэраў. Пакуль што праграма працуе толькі ў Менску. Але Даніла кажа, што гэта вельмі мала і ўдзельнікаў магло б быць у чатыры разы больш.

«Мы вельмі шмат думалі над якасьцю нашага прадукту і значна менш — над продажамі. Гэта лепей у доўгатэрміновай пэрспэктыве — ніхто ня скажа, што мы нейкі лахатрон».

Пра студэнцкія ініцыятывы і канкурэнтаў

Адна з мэтаў існаваньня UNICard — дапамога студэнцкім ініцыятывам. Дзякуючы заробленым праз UNICard грошам удалося падтрымаць некалькі студэнцкіх імпрэзаў. Цяпер ідзе праца над стварэньнем студэнцкай каворкінг-прасторы.

«Студэнцкі самэлье»
«Студэнцкі самэлье»

«Мы абвясьцілі краўдфандынг, але хочам зрабіць і ўласны ўнёсак у праект. Гэта будзе пляцоўка, дзе студэнты могуць распрацоўваць свае ідэі, ладзіць мерапрыемствы».

Даніла прызнаецца, што перажывае за ідэю карткі. Літаральна празь месяц пасьля запуску UNICard БРСМ пачаў прасоўваць сваю вельмі падобную картку «Молодежный билет». Белінвестбанк разам з БДУ таксама робіць картку, сумяшчальную са зьніжкамі.

«У нас вельмі мала рэсурсаў, а з банкам ці ўнівэрсытэтам запусьціць нешта падобнае будзе неверагодна проста», — кажа хлопец.

Велакінаноч, якая ладзілася пры падтрымцы UNICard
Велакінаноч, якая ладзілася пры падтрымцы UNICard

Пасьля ўдзелу праекту UNICard у Social Weekend з камандай зьвязаліся прадстаўнікі Адзінай разьліковай і інфармацыйнай прасторы — АРІП. Але з прычыны тэхнічных перашкодаў супраца пакуль не атрымалася.

Наступны крок разьвіцьця праекту — мабільная праграма. У ёй будуць бясплатныя і карысныя для студэнтаў функцыі (напрыклад, расклад заняткаў), а таксама зьніжкі і прамакоды.

«Трэба, каб праект стаў больш прыбытковым. Мы хочам зрабіць нешта накшталт фонду, які б мог паляпшаць інфраструктуру ўнівэрсытэтаў і дапамагаць студэнцкім ініцыятывам», — кажа Даніла.

Прыкладны выгляд аплікацыі
Прыкладны выгляд аплікацыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG