Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта была наша „ўнутраная эміграцыя“». Як за 40 год сабраць калекцыю з 3000 вінілавых кружэлак


Марат Раскін
Марат Раскін

Больш за 40 гадоў шавец з Магілёва Марат Раскін зьбірае вінілавыя кружэлкі. Падлеткам ён захапіўся «заходняй рок-музыкай». Гэтае хобі стала для яго «ўнутранай эміграцыяй» ад савецкага жыцьця, поўнага забарон і абмежаваньняў. Тагачасныя рэаліі супярэчылі ягонай празе пазнаньня новага.

Марат Раскін апавядае Свабодзе пра сваё хобі, асаблівасьці набыцьця кружэлак з «заходняй музыкай» у Савецкім Саюзе, адметнасьці беларускай эстрады таго часу і музычныя сымпатыі «савецкага мэлямана».

Сьцісла пра Марата Раскіна

  • 57 гадоў. Нарадзіўся ў Магілёве.
  • Індывідуальны прадпрымальнік. 40 гадоў рамантуе абутак. Мае сваю майстэрню.
  • Любіць чытаць пра гісторыю музыкі.
  • Калекцыянаваньне вінілавых кружэлак тлумачыць наступствам нязьдзейсьненай мары маладосьці слухаць упадабанае.
  • Першую кружэлку набыў у 14 гадоў за грошы ад сабраных бутэлек.

Савецкі мэляман — гэта «крыху дысыдэнт»

У 1974 годзе Марат паслухаў у сябра на магнітафоне рок-опэру ангельскага кампазытара Эндру Лойда Ўэбэра «Ісус Хрыстос — супэрзорка» — і «пачутае ўразіла».

Ад таго часу ён пачаў зьбіраць кружэлкі і запісы рок-гуртоў на магнітафонных бабінах. Упадабаную музыку шукаў на хвалях, «варожых» для ідэолягаў Савецкага Саюзу — «Голас Амэрыкі», Радыё BBC, Радыё Люксэмбург.

Марат кажа, што ягоныя раўналеткі не маглі адкрыта слухаць і набываць тое, што падабалася, таму «жылі ў сваім сьвеце» і адчувалі сябе «крыху дысыдэнтамі».

Альбом аднаго з улюбёных «заходніх» рок-гуртоў Марата Раскіна — Arthur Brown’s Kingdom Come
Альбом аднаго з улюбёных «заходніх» рок-гуртоў Марата Раскіна — Arthur Brown’s Kingdom Come

«Гэта была наша „унутраная эміграцыя“. Магчымасьці выехаць за мяжу ў нас не было. Мы хадзілі на замежныя фільмы і бачылі, наколькі адрозьніваецца савецкае жыцьцё ад заходняга. Мы адчувалі, што там людзі больш свабодныя і разьняволеныя», — кажа ён.

Па яго словах, «заходнюю музыку» гралі на танцпляцоўках. Ён часьцяком хадзіў на «пятакі» (агароджаныя пляцоўкі з подыюмам. — РС), каб паслухаць жыўцом музычныя навінкі.

«Самадзейныя гурты на танцавальных пляцоўках пачувалі сябе даволі вольна. Якасьць выкананьня імі кампазыцыяў, зразумела, была не найлепшая, але быў кураж, энэргія, уласьцівая рок-музыцы», — кажа Марат.

«Заходнюю музыку» слухалі ў войсках стратэгічнага прызначэньня

У Маратавай калекцыі блізу трох тысяч кружэлак з запісамі сотняў музыкаў. Самымі каштоўнымі ён лічыць «першапрэсы» (запісы, зробленыя зь першай матрыцы абмежаваным накладам). На іх найлепшая якасьць гучаньня.

Сваю фанатэку Марат дзеліць на:

  • «фірмовыя кружэлкі», выдадзеныя на «Захадзе»;
  • «дэмакратаў» — кружэлкі з краін былога сацыялістычнага лягера;
  • савецкую эстраду — кружэлкі ўсесаюзнай студыі гуказапісу «Мелодия».

Першую «фірмовую» кружэлку ён набыў у 1976 годзе за 50 савецкіх рублёў (палова сярэднемесячнага заробку беларуса таго часу. — РС). На ёй запісаны альбом Pictures at an Exhibition з апрацаванымі брытанскім рок-гуртом Emerson, Lake & Palmer творамі Мадэста Мусаргскага. Кружэлка пабачыла сьвет у 1971 годзе.

Першая набытая Маратам Раскіным «фірмовая» кружэлка — Pictures at an Exhibition
Першая набытая Маратам Раскіным «фірмовая» кружэлка — Pictures at an Exhibition

«Дзякуючы ёй я захапіўся клясычнай музыкай і ледзьве не адразу пабег у бібліятэку, каб болей даведацца пра яе», — згадвае Марат. І ўсё ж, дадае ён, «рок-апрацоўка твораў Мусаргскага была мне бліжэйшая».

Пры канцы 1970-х Марат быў фанатам амэрыканскага гурту Kansas. Пра тагачаснае музычнае захапленьне нагадвае татуіроўка. Яе зрабіў у войску. Служыў ён у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня. У ягонай частцы была суполка аматараў замежнай музыкі, якую слухалі ў радыёвузьле на магнітафоне.

«Савецкія ВІА капіявалі заходнюю рок-музыку, але выходзіла прычасана»

Марат кажа, што валодае кружэлкамі, якія ў асяродзьдзі калекцыянэраў лічацца асабліва каштоўнымі. Напрыклад, з запісамі амэрыканскіх джазмэнаў Джэры Малігана ды Пола Дэзманда пачатку 1960-х.

Кружэлка з альбомам «малавядомага рок-гурту» Second Hand
Кружэлка з альбомам «малавядомага рок-гурту» Second Hand

Таксама мае арыгінальныя кружэлкі з альбомамі ангельскіх гуртоў The Beatles, Led Zeppelin, Pink Floyd, King Crimson, Arthur Brown’s Kingdom Come, Second Hand.

У маладосьці суразмоўца асабліва не зьвяртаў увагі на савецкія вакальна-інструмэнтальныя ансамблі, бо лічыў іх «афіцыёзам».

«Некаторыя ВІА спрабавалі капіяваць заходняе, але выходзіла ў іх дужа прычасана», — адзначае ён.

Як «фірмовыя» кружэлкі траплялі ў Беларусь?

Запісы на вініле Марат набываў у сваіх знаёмцаў. Ім кружэлкі прысылалі сваякі з-за мяжы. Купляў музычныя навінкі і ў тых, хто «хіпаваў» па Савецкім Саюзе. Ён сымпатызаваў руху хіпі, але так і не наважыўся ўліцца ў яго.

Прывозілі кружэлкі і самі замежнікі, якія працавалі ці вучыліся ў Беларусі. Па словах Марата, нямала «вінілу» трапляла з «сацыялістычных» краінаў. Лідэрам была Югаславія.

У калекцыі Марата Раскіна вялікі збор кружэлак з запісамі джазавай музыкі. У руках трымае альбом джазмэна Gerry Mulligan
У калекцыі Марата Раскіна вялікі збор кружэлак з запісамі джазавай музыкі. У руках трымае альбом джазмэна Gerry Mulligan

«Югаславы рабілі копіі адзін ад аднаго зь „фірмовымі“ кружэлкамі. Якасьць іхнай прадукцыі была горшая за заходнія аналягі, але каштавалі яны напалову таньней, чым „фірмовыя“», — тлумачыць суразмоўца.

«Вінілавы бізнэс» у Савецкім Саюзе

Вядома ж, продаж кружэлак быў нелегальным бізнэсам, кажа Марат. Тыя, хто «прафэсійна» ім займаўся, «няблага зараблялі». Ахвотныя мець у сваёй фанатэцы навінкі перазапісвалі кружэлкі на магнітафоны. Перазапіс каштаваў 3–5 рублёў. Для 1970-х гэта былі вялікія грошы. Бабінная катушка з запісам альбома папулярнага заходняга гурту каштавала 15 рублёў.

Марат кажа, што ў той час мэлямана можна было пазнаць на вуліцы па квадратным загорнутым у паперу пакунку пад пахай.

Марат Раскін у сваёй абутковай майстэрні
Марат Раскін у сваёй абутковай майстэрні

«Так насілі кружэлкі, — кажа ён. — Выстаўляць іх адкрыта напаказ было небясьпечна, бо мэляманам маглі зацікавіцца адпаведныя органы».

Марату вядомыя выпадкі, калі ў гандляроў замежнай музыкай кралі іхны скарб — кружэлкі.

Па яго словах, у Савецкім Саюзе існаваў сьпіс заходніх рок-гуртоў ці асобных іхніх кампазыцыяў, якія лічыліся забароненымі. У яго, напрыклад, была залучаная амэрыканская каманда Kiss. Яе савецкія ідэолягі ўважалі за нацысцкую. Разам з тым Марат адзначае, што некаторыя кампазыцыі гурту з альбому Destroyer (1976 году) граліся на танцах.

«„Песьняры“ адкрылі беларусам іх край»

У Маратавай калекцыі ўсе альбомы «Песьняроў». Ён кажа: іхная музыка адпачатку была самабытная і гэтым прыцягвала да сябе ўвагу мэляманаў. Песьні калектыву сьпявала моладзь у дварах.

«Творчасьць „Песьняроў“ для многіх беларусаў адкрыла край, у якім яны жылі. Беларушчына ў іхніх песьнях настолькі арганічная, што ёю ганарыліся», — згадвае Марат.

Адной з самых папулярных у часы маладосьці суразмоўцы была расейскамоўная кампазыцыя «Песьняроў» на словы ўкраінскага паэта Юрыя Рубчынскага «Крик птицы». Марат кажа, што яна выконвалася ў «заходнім стылі».

Кружэлка зь першым альбомам «Песьняроў» — «Ты мне вясною прысьнілася»
Кружэлка зь першым альбомам «Песьняроў» — «Ты мне вясною прысьнілася»

«Уладзімер Мулявін сьпяваў яе дужа пранікнёна, да дрыготкі, да сьлёз», — кажа Марат. Паводле яго, першы канцэртны варыянт песьні адрозьніваўся ад студыйнага запісу, «прычасанага цэнзурай».

Па словах суразмоўцы, у калекцыянэраў на Захадзе дужа цэняцца запісы «Песьняроў» на вінілавых кружэлках. Альбомы «Гусьляр» (1980) і «Через всю войну» (1984) купляюць з задавальненьнем. Добра ідзе і першы альбом «Песьняроў» — «Ты мне вясною прысьнілася» (1971).

Час ад часу Марат праслухоўвае кружэлкі з сваёй калекцыі, музыка на якіх яму ня дужа спадабалася зь першага разу. Некаторыя запісы «паглынаюць» яго праз пэўны час. Так сталася з музыкай жаночага калектыву «Чараўніцы», да якой суразмоўца «дарос».

«У іх якасная музыка. Цудоўны запіс. Добрая аранжыроўка і сыгранасьць...», — кажа ён.

Паводле яго, шукаюць калекцыянэры вінілу і кружэлку гурту «Уліс» з альбомам «Чужаніца», бо «яна дужа рэдкая». Яе запісалі на савецкай фірме «Мелодия» ў 1991 годзе.

Цяперашняму калекцыянэру вінілавых кружэлак за 50 гадоў

Марат ня лічыць сябе «заўзятым» мэляманам. Але ведае тых, хто спускае на рэдкія запісы апошнія грошы.

Суразмоўца ня грае на музычных інструмэнтах, хоць і жыве музыкай многія дзесяцігодзьдзі. Кажа, што яго захапляе «дасьледаваньне музыкі».

Марат Раскін
Марат Раскін

Паводле Марата, калекцыянэраў вінілу не прыбывае. Яшчэ дзесяць гадоў таму, кажа ён, у менскім Палацы культуры трактарнага заводу «было не праціснуцца ад ахвотных набыць запісы на вінілавым носьбіце». Цяпер жа сытуацыя зьмянілася. У невялікім пакоі прадаўцоў больш, чым пакупнікоў, а цэны на музыку завялікія.

Па словах суразмоўцы, сярэдні ўзрост беларускага калекцыянэра кружэлак — «за пяцьдзясят гадоў». Моладзі няшмат. Цяперашняе пакаленьне мэляманаў, кажа Марат, «ня бачыць розьніцы паміж гучаньнем музыкі на кружэлцы і на іншым носьбіце». На яго думку, «вініл» найпаўней перадае «натуральнае гучаньне акустычнай, джазавай, клясычнай музыкі».

Марат лічыць, што калекцыянаваньне вінілавых кружэлак ня зьнікне. Ён упэўнены, што гэты «занятак застанецца для абраных людзей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG