Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што пішуць пра Каліноўскага ў польскіх, літоўскіх і расейскіх падручніках


Кніга Зьмітра Коласа пра Кастуся Каліноўскага. Ілюстрацыйнае фота
Кніга Зьмітра Коласа пра Кастуся Каліноўскага. Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства замежных спраў Беларусі лічыць, што «Кастусь Каліноўскі — гэта супольная спадчына Беларусі, Польшчы і Літвы». Свабода паглядзела, што пішуць пра Каліноўскага ў школьных падручніках Беларусі, Літвы і Польшчы, а таксама Расеі.

Беларусь: Мужны і нястомны Каліноўскі ратаваў людзей

Пётра Сергіевіч. Кастусь Каліноўскі і Валеры Ўрублеўскі робяць агляд паўстанцаў. Карціна 1959 году
Пётра Сергіевіч. Кастусь Каліноўскі і Валеры Ўрублеўскі робяць агляд паўстанцаў. Карціна 1959 году

8 кляса, параграф 14. «Паўстаньне 1863–1864 гг.»

Паўстаньню прысьвечаны асобны параграф. Каліноўскі тут — цэнтральная фігура.

«Летам 1862 г. з мэтай падрыхтоўкі паўстаньня ў Беларусі і Літве прадстаўнікі рэвалюцыйна-дэмакратычнай плыні „чырвоных“ арганізавалі ў Вільні Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). Старшынёй ЛПК з кастрычніка 1862 г. стаў ураджэнец Горадзеншчыны Кастусь (Канстанцін Вікенцій Сямёнавіч) Каліноўскі (1838–1864)».

«Напрыканцы лета 1863 г. кіраўніцтва паўстаньнем у краі сканцэнтравалася ў руках К. Каліноўскага. Але ўжо было позна, рэальных посьпехаў дасягнуць не ўдалося. Восеньню 1863 г. узброеная барацьба ў Беларусі спынілася. Мужны і нястомны Каліноўскі працягваў сваю рэвалюцыйную дзейнасьць, спрабуючы выратаваць людзей, каб зноў выступіць вясною 1864 г. Доўгі час яму ўдавалася хавацца ад перасьледу, але адзін з членаў арганізацыі на допыце выдаў яго».

«Пісьмы з-пад шыбеніцы» ўяўляюць сабой духоўны запавет К. Каліноўскага беларускаму народу: «...народзе... цэлай грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за сваю зямлю родную». Каліноўскі таксама прытрымліваўся ідэі дэмакратычнай народнай дзяржавы: «...не народ зроблены для ўрада, а ўрад для народа».

Літва: К. Каліноўскі замяніў Серакоўскага на чале паўстаньня

Магіла паўстанцаў. Малюнак Уладзіслава Загорскага, які захоўваецца ў архівах Літоўскага нацыянальнага музэю
Магіла паўстанцаў. Малюнак Уладзіслава Загорскага, які захоўваецца ў архівах Літоўскага нацыянальнага музэю

9 кляса. Разьдзел «Літва ў Расейскай імпэрыі ў 1815–1864 гадах». Аўтары — Юозас Бразаўскас, Саўлюс Юркявічус, Кястуціс Пятраўскіс.

Паўстаньню прысьвечаныя дзьве старонкі. Каліноўскі двойчы згадваецца як чалавек, які зьмяніў Зыгмунта Серакоўскага на чале паўстанцаў.

«1 лютага да паўстаньня далучыўся і Літоўскі правінцыйны камітэт. У сакавіку паўстаньне пачалося ў Ковенскай губэрні. Першым у бой уступіў аддзел на чале са сьвятаром Антанасам Мацкявічусам. Лідэры паўстаньня не разьлічвалі перамагчы толькі сваімі сіламі. Падтрымка чакалася ад Францыі, Ангельшчыны і Аўстрыі».

«У канцы сакавіка ў Літву прыбыў афіцэр Зыгмунт Серакоўскі. Ён пачаў кіраваць паўстанцамі. У Рогаўскіх лясах да З. Серакоўскага далучыўся аддзел на чале з А. Мацкявічусам».

«У сярэдзіне ліпеня пост камісара Часовага нацыянальнага ўраду перайшоў да К. Каліноўскага. Арганізаванае паўстаньне скончылася толькі 10 лютага 1864 году захопам К. Каліноўскага і павешаньнем яго празь месяц у Вільні, на цяперашняй Лукіскай плошчы».

Польшча: паўстаньнем у Літве і Беларусі кіраваў Серакоўскі. Пра Каліноўскага згадак няма

Герб паўстанцаў
Герб паўстанцаў

7 кляса. Разьдзел «Польскія землі пасьля вясны народаў»

(аўтары падручніка — Ярослаў Клачкаў, Анна Лашкевіч, Станіслаў Рошак)

Студзеньскаму паўстаньню — так паўстаньне 1863–1864 гадоў называецца ў Польшчы — прысьвечаныя тры параграфы. Але на 13 старонках польскага падручніка няма ніводнай згадкі пра Каліноўскага.

У падручніку разглядаецца найперш паўстаньне ў Каралеўстве Польскім — гэта была адміністрацыйная адзінка ў складзе Расейскай імпэрыі. Падзеі на землях сучаснай Беларусі прыгадваюцца двойчы.

«Паўстанцкія дзеяньні ахапілі ўсё Каралеўства Польскае, а таксама Беларусь і Літву, дзе здабываў перамогі Зыгмунт Серакоўскі».

Таксама згадваецца Рамуальд Траўгут, які ўзначаліў Нацыянальны ўрад у Варшаве ў канцы паўстаньня. Ягоная біяграфія вынесеная ў падручніку асобна:

«Быў генэралам і апошнім дыктатарам (кіраўніком) студзеньскага паўстаньня. Нарадзіўся ў Шастакове ў сучаснай Беларусі. [...] У пачатку студзеньскага паўстаньня ў 1863 годзе ўзяў на сябе камандаваньне партызанскім атрадам на Палесьсі. [...] У красавіку 1864 году быў арыштаваны і 5 жніўня таго ж году пакараны сьмерцю».

Расея: праз польскае паўстаньне пагоршыліся стасункі з Францыяй

Ананімная гравюра Мураўёва-вешальніка з польскага альбома да 50 годзьдзя паўстання
Ананімная гравюра Мураўёва-вешальніка з польскага альбома да 50 годзьдзя паўстання

8 кляса. Параграф 29: «Зьнешняя палітыка Аляксандра ІІ»

(аўтар — Андрэй Левандоўскі)

Паўстаньне 1863–1864 гадоў згадваецца ў двух абзацах у кантэксьце стасункаў Расеі з Францыяй і Прусіяй.

«Стасункі Расеі і Францыі ў хуткім часе рэзка пагоршыліся. Прычынай гэтага стала паўстаньне 1863–1864 гг. у Польшчы. Напалеон ІІІ заявіў, што лічыць патрабаваньні паўстанцаў справядлівымі. Хоць ніякай рэальнай дапамогі паўстанцы ад яго не атрымалі, расейска-францускія стасункі былі сапсаваныя».

«Затое барацьба з польскімі паўстанцамі прывяла да збліжэньня Расеі і Прусіі. Прусія мела ў сваім складзе землі, населеныя палякамі, была зацікаўленая ў як найхутчэйшым здушэньні паўстаньня і аказала падтрымку Расеі».

*У Літве, Польшчы і Расеі няма аднаго падручніка, па якім вучацца ўсе школы. Таму мы называем аўтараў падручнікаў, якія цытуем у матэрыяле.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG