Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму галоўны канцэрт #БНР101 перанесьлі зь Менску ў Горадню? Белавус і Пальчыс растлумачылі па пунктах


Пакуль галоўнай імпрэзай кампаніі #БНР101 мусіць стаць канцэрт 23 сакавіка ў гарадзенскім Каложскім парку. Удзельнікаў канцэрту абяцаюць агучыць сёньня, 19 сакавіка. Разам з тым арганізатары менскага мітынгу заплянавалі правесьці свой канцэрт у Кіеўскім сквэры 24 сакавіка.

​Блогер Эдуард Пальчыс, адзін з арганізатараў «Сьвята незалежнасьці» ў 2018 годзе і менскага канцэрту на Дзень Волі ў 2019 годзе, расказаў увечары 18 сакавіка ў двухгадзінным стрыме на сваім Youtube-канале, чаму ад канцэрту ў Менску давялося адмовіцца — і чаму «галоўнае сьвяткаваньне» перанесьлі ў Горадню.

Таксама ён апублікаваў на Facebook тэзісны пераказ тлумачэньняў. Падобныя тлумачэньні апублікаваў іншы арганізатар, дырэктар крамы Symbal.by Павал Белавус. Тлумачэньні з крыху іншымі фармулёўкамі ёсьць і на сайце BNR.by.

Паводле Белавуса, Пальчыса і сайту BNR.by:

  • Менскія ўлады не далі дазволу на «нармальную пляцоўку» для канцэрту #БНР101 24 сакавіка, бо так распарадзіўся Лукашэнка ў час «Вялікай размовы з прэзыдэнтам». Пальчыс адзначае, што канчатковая афіцыйная адмова наконт «усіх годных пляцовак» прыйшла за 5 дзён да сьвяткаваньня.
  • Улады прапанавалі ладзіць канцэрт на адной з пляцовак, дазволеных для мітынгаў паводле заяўнага прынцыпу – накшталт Парку дружбы народаў ля плошчы Бангалор. Але, піша Пальчыс, гэта немагчыма з тэхнічных і маральных прычынаў: «нас туды паслалі ў спадзяваньні, што мы паслухмяна падпарадкуемся і пойдзем». Белавус піша, што арганізатары «настойваюць на годным месцы ў цэнтры гораду». На сайце адзначаюць, што «Бангалор» і іншыя прапанаваныя пляцоўкі «не адпавядаюць маштабам імпрэзы»: ня зьмесьцяць больш за тры тысячы чалавек, а каля Опэрнага тэатру летась было ня менш за 11 тысячаў чалавек адначасова (і каля 50 тысячаў за ўвесь канцэрт).
  • «Аматары мітынгаў на Бангалор», кажа ён, могуць схадзіць на акцыю ў Кіеўскі сквэр 24 сакавіка, якую ладзяць заяўнікі мітынгу каля Опэрнага тэатру. Пальчыс і Белавус сьцьвярджаюць, што арганізатары мітынгу пагадзіліся на ўмовы ўладаў і адмовіліся ад ідэі мітынгу ля Опэры. 19 сакавіка арганізатары акцыі пацьвердзілі, што яна пройдзе ў Кіеўскім сквэры, і абвясьцілі, што і там будзе канцэрт.
  • У рэгіёнах арганізатары сьвятаў падавалі заяўкі на суботу, 23 сакавіка, каб не перашкаджаць менскім імпрэзам 24 і 25 сакавіка. У дзень канчатковай забароны менскага канцэрту стала вядома пра дазвол канцэрту ў Горадні – як піша Пальчыс, тамтэйшыя агранізатары зьвярнуліся па дапамогу да менскіх. Белавус мяркуе, што канцэрт у Горадні можа стаць «добрай традыцыяй і файным прыкладам унутранага турызму» — маўляў, «паедзем, як езьдзілі ў Вільню на Вольскага і Ляпісаў». Ён таксама адзначае, што там адбывалася першае сьвяткаваньне гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР — тулы ў 1919 годзе перанесьлі сталіцу дзяржавы.
  • У Менску і іншых гарадах Пальчыс прапануе «дэцэнтралізацыю» сьвяткаваньня: вывешваньне бел-чырвона-белых сьцягоў на вокнах і гаўбцах, на прыватных дамах і машынах, а таксама запуск фэервэркаў 25 сакавіка а 21-й гадзіне. Раней арганізатары прапаноўвалі таксама несьці кветкі да дому, дзе абвясьцілі незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі — на вул. Валадарскага, 9.

Што важна ведаць пра Дзень Волі-2019?

  • 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
  • 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
  • 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
  • 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
  • 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
  • 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
  • 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
  • 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.

Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG