Беларускія інтэрнэт-сэрвісы, карысныя ня толькі ў Дзень роднай мовы 21 лютага: слоўнікі, каталёгі, даведнікі...
Каб праверыць правапіс па-беларуску
«Добрапіс» — праверка артаграфіі як паводле афіцыйнага правапісу («наркамаўкі»), так і паводле клясычнага («тарашкевіцы») ад вядомага мовазнаўцы Зьмітра Саўкі (1965–2016) і тэлеканалу «Белсат».
Можна таксама ўсталяваць праверку правапісу ў тэкставыя рэдактары Microsoft Office, LibreOffice і OpenOffice, а таксама ў браўзэры Mozilla Firefox і Thunderbird. Спампаваць такія пашырэньні можна з сайту «Беларускі N-корпус», які ствараецца пры ўдзеле супрацоўнікаў Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа.
Каб перакласьці слова
Slounik.org — набор з амаль сотні аблічбаваных беларускіх слоўнікаў з пошукам, які ад 2002 году зьбірае каманда «Беларускай палічкі». Ёсьць ня толькі беларуская і расейская мовы, але і ангельская, польская, ідыш, вугорская…
«Скарнік» — яшчэ адзін інтэрнэт-слоўнік з пошукам. За аснову ўзяты тлумачальны пяцітамовік 1977–1984 гг. і акадэмічны расейска-беларускі слоўнік пад агульнай рэдакцыяй Кандрата Крапівы. Стваральнікі інтэрнэт-вэрсіі Алег Мазок і Серж Літ іх памалу рэдагуюць і дапаўняюць. Мовы — толькі расейская і беларуская. Ёсьць мабільная праграма для Android.
Каб перакласьці цэлы тэкст
«Белазар» — інтэрнэт-сэрвіс праграміста Алега Азароўскага, які перакладае з расейскай на беларускую і наадварот, і нярэдка робіць гэта лепей за славуты Google Translate. Вядомы старэйшым карыстальнікам як бясплатная «офлайнавая» праграма для Windows.
Каб спытаць пра мову іншых
На Facebook зь нядаўняга часу дзейнічае суполка «Толькі пра мову», якую мадэруе Радыё Свабода. Карыстальнікі там абменьваюцца інфармацыяй і спасылкамі, а нярэдка і проста пытаюць, як правільна нешта напісаць або сказаць. На момант публікацыі абмеркаваньні дастаткова актыўныя. На пытаньні там адказвае і аўтар Свабоды Вінцук Вячорка — ён жа суаўтар збору правілаў «Беларускі клясычны правапіс» (PDF).
Каб спампаваць кнігі
«Беларуская палічка» — збор бясплатных электронных кніг (і мастацкіх, і навуковых), а таксама газэтаў, часопісаў, слоўнікаў, аўдыёкніг і іншага. Працуе ад 1996 году, заснаваная беларускім студэнтам з Аўстрыі Андрусём Жвірам коштам уласнай стыпэндыі. Ёсьць праграма для Android і спэцыяльны дзіцячы разьдзел «Краіна казак».
«Камунікат» — яшчэ адна бясплатная інтэрнэт-бібліятэка, усяго на чатыры гады маладзейшая за «Палічку», заснаваня беластоцкім журналістам Яраславам Іванюком у якасьці старонкі бюлетэню Беларускай рэдакцыі Польскага радыё. Ёсьць вялікі архіў гістарычных пэрыёдыкаў.
Каб здабыць матэрыялы для маленькіх дзяцей і школьнікаў
«Нашыя дзеткі» — сайт пра гадаваньне дзяцей па-беларуску з карыснай інфармацыяй пра адукацыю і здароўе, дзіцячай літаратурай і гульнямі, а таксама бацькоўскім форумам. Аўтары ідэі праекту, запушчанага ў 2006 годзе, — Крысьціна Вітушка, Юлія Малахоўская і Аліна Стэфановіч.
«Настаўнік» — сайт з матэрыяламі для настаўнікаў і школьнікаў, які працуе ад 2005 году. Ёсьць сьпіс школаў і дзіцячых садкоў зь беларускай мовай навучаньня. Рэдактарка сайту — Тамара Мацкевіч
Каб усталяваць унівэрсальную раскладку клявіятуры
«Драўляны зэдлік» — прыватны сайт аднаго праграміста, які падпісваецца як Я. Зэдлік, на якім можна спампаваць пашыраныя тыпаграфскія раскладкі для Windows зь беларускай кірыліцай і лацінкай. З такой раскладкай можна не пераключацца паміж расейскай і беларускай мовамі — і можна зрабіць гэтаксама на Android.
Наогул жа, на Android шырокі выбар беларускіх раскладак клявіятуры. На iOS выбар альтэрнатыўных раскладак вузейшы, затое з 11-й вэрсіі гарантавана ёсьць стандартная беларуская.
Каб даведацца, дзе абслугоўваюць па-беларуску
Svaje.by, Nabyvaj.by і Say.by — інтэрнэт-каталёгі кампаніяў і бізнэсаў, якія карыстаюцца беларускай мовай і могуць абслужыць па-беларуску, выкарыстоўваюць беларускую мову ў рэкляме і аздабленьні або падтрымліваюць прабеларускія культурныя праекты. Першы стварыла каманда пад кіраўніцтвам Паўла Коласа, другі — Алесь Лагвінец і Пятро Маркелаў пры падтрымцы Таварыства беларускай мовы, трэці — праграміст Аляксандр Шастаковіч.
Каб паглядзець матэрыялы з моўных курсаў
«Мова нанова» — бясплатныя «офлайнавыя» курсы беларускай мовы, якія ладзяцца пад кіраўніцтвам Глеба Лабадзенкі ў больш як дзясятку гарадоў Беларусі ад 2014 году. Гэта ня школьныя заняткі, а тэматычныя лекцыі, нярэдка з удзелам вядомых беларусаў. На сайце ёсьць архіў прэзэнтацыяў з заняткаў і розныя матэрыялы, зьвязаныя зь беларускай мовай — тэсты, дзіцячыя казкі, зьвесткі пра абарону моўных правоў і падборка мастацкай літаратуры.
Каб паглядзець кіно і паслухаць музыку па-беларуску
«Тузін гітоў» — музычны праект, які ўжо больш за 15 гадоў ладзіць гіт-парад беларускамоўнай музыкі, публікуе бясплатныя песьні і кліпы беларускіх выканаўцаў, ладзіць нават конкурсы і прэміі, засноўвае супольныя музычныя праекты. Кіраўнік «Тузіна» Сяргей Будкін вядзе музычнае шоў на тэлеканале «Белсат».
«Кінаконг» — праект перакладу і агучваньня замежных фільмаў на беларускую мову пад кіраўніцтвам Андрэя Кіма. На сайце публікуецца афіша беларускамоўных кінасэансаў. Фільмы па-беларуску ёсьць таксама ў інтэрнэт-кінатэатрах Voka і Megogo.
P. S. Праекты і рубрыкі Свабоды пра беларускую мову
Кнігі: