Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто перамог у спрэчцы пра патэльню як сымбаль патрыярхату


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Чаму патэльня як падарунак для ўдзельніц жаночага саміту «Ты можаш!» выклікаў гарачыя баталіі ў сеціве? Ці бываюць 100-працэнтныя сымбалі патрыярхату і што сымбалізуе гендэрную роўнасьць? Дыскутуюць удзельніцы жаночых самітаў сьпявачка, заснавальніца школы сэлфбрэндынгу і матывацыі «Волшебный пендель» Натальля Берташ і маці двух дзетак Алена Яскевіч, а таксама кіраўніца праекту «Гендэрны маршрут» Ірына Саламаціна і грамадзкая актывістка Кацярына Шуст.

Сьцісла пра патэльнягейт:

  • Ірына Саламаціна: Жаночы саміт пазыцыянуецца не як абмен думкамі, як прыгатаваць любімаму нешта смачнае, а як месца, дзе жанчыны могуць падзяліцца ўласным досьведам, як рэалізавацца ў бізнэсе.
  • Натальля Берташ: Падтрымліваючы жаночы саміт, брэнд зрабіў слушныя крокі. Цяпер гэта самая папулярная патэльня ў краіне.
  • Алена Яскевіч: У нас на дрэвах не растуць бананы, і кожная жанчына рана ці позна аказваецца на кухні.
  • Кацярына Шуст: Сымбаль гендэрнай роўнасьці — сучасная кухонная тэхніка, якая паляпшае жыцьцё. І ўсё роўна, хто ёй будзе карыстацца, мужчына ці жанчына.

«Я Сьвятлане Зэрэ рэкамэндавала зрабіць з гэтай сытуацыі дадатковы піяр»

Ганна Соўсь: Муж адной з удзельніц жаночага саміту «Ты можаш!», які арганізоўвае вядомая трэнерка і рэдактарка Сьвятлана Зэрэ, паіранізаваў у Фэйсбуку, што ўдзельніцам жаночага саміту, якія пазыцыянуюць сябе як незалежныя і пасьпяховыя жанчыны, падарылі патэльні, так бы мовіць патрыярхальны сымбаль.

Пасьля гэтага ў сацсетках разгарэліся палкія дыскусіі, пачаліся флэшмобы як у абарону патэльні як падарунку, так і супраць яго. Чаму гэты падарунак выклікаў такую рэакцыю?

Натальля Берташ
Натальля Берташ

Натальля Берташ: Людзям рабіць няма чаго. Пры чым патэльня да пасьпяховасьці жанчын? У нас проста вельмі нізкі ўзровень культуры, і ў выніку бяскрыўдныя рэчы пачынаюць успрымацца дзіўным чынам. Я Сьвятлане Зэрэ рэкамэндавала зрабіць з гэтай сытуацыі дадатковы піяр. Такім чынам яе ідэя з флэшмобам #тыможешьбольшечемсковорода атрымала дадатковае разьвіцьцё і дапамагла іншым людзям зразумець, што няправільна ўспрымаць патэльню як сымбаль жаночага прыніжэньня. Мне было сьмешна і весела. Шкада, што ёсьць людзі, якія так думаюць. Сьвятлана Зэрэ мае партнэра, беларускага вытворцу гэтых патэльняў, які ёй дапамагае ў арганізацыі мерапрыемства. І нічога благога, крыўднага і тым больш спэцыяльна задуманага, каб прынізіць жанчын, у гэтым няма.

«Калі мы пра бізнэс, то пры чым тут патэльня, тым больш на жаночым саміце?»

Ірына Саламаціна
Ірына Саламаціна

Ірына Саламаціна: Для мяне сымбалічна ў гэтай гісторыі, што менавіта мужчына, муж валянтэркі пасьля візыту жонкі вырашыў выказаць свае ўражаньні ў фэйсбуку. На саміце ён ня быў і ня ведаў, што там агучваецца. Але пост яго быў дастаткова іранічны: калі жанчыны расказвалі адна адной пра сваю сілу і незалежнасьць, то пры чым тут патэльня? Жаночы саміт пазыцыянуецца не як абмен думкамі жанчын пра тое, каб прыгатаваць любімаму нешта смачнае, а як месца, дзе жанчыны могуць падзяліцца ўласным досьведам і натхніць адна адну на тое, каб адкрыць сваю справу, рэалізавацца ў бізнэсе. Муж казаў пра каштоўнасныя моманты, бо зь яго здаровага сэнсу тут ёсьць пэўнае супярэчаньне. Калі мы пра бізнэс, то пры чым тут патэльня, тым больш на на жаночым саміце. Пры тым, што сам муж — прадстаўнік грамадзянскага сэктару, а там адбываецца шмат усялякіх трэнінгаў па жаночай роўнасьці. Ён хіба ня проста так сказаў...

«Я была б рада, каб мне падаравалі патэльню»

Ганна Соўсь: Алена, вы ўдзельнічалі ў самітах «Ты можаш!». Пра што там ідзе размова? Напэўна, не пра тое, як прыгатаваць любімаму мужчыну штосьці?

Алена Яскевіч: Па-рознаму.

Ганна Соўсь: Як вы лічыце, ці памыліліся ўсё ж арганізатаркі саміту з падарункам? Магчыма, ён мог быць больш нэўтральным? Ці гэта быў не адзіны падарунак?

Алена Яскевіч
Алена Яскевіч

Алена Яскевіч: Я была на многіх самітах. Сапраўды, вытворца патэльняў «Вікторыя» — адзін з партнэраў, які дапамагае арганізоўваць мерапрыемствы. І патэльні дарылі неаднаразова. У прынцыпе, жанчыны рады атрымаць такі падарунак. Я бачыла шмат пасьпяховых, сьмелых жанчын, у тым ліку сярод выступоўцаў, і нікому не прыйшло ў галаву наогул крыўдзіцца. У нас на дрэвах не растуць бананы, і адпаведна кожная жанчына рана ці позна аказваецца на кухні. Таму на кухні нармальна мець не адзін прадмет. На самітах і на зьвязаных зь імі мерапрыемствах ідзе гаворка пра нэтворкінг, пра тое, каб паслухаць нейкую карысную інфармацыю, цікавы кантэнт, падрыхтаваны вядоўцамі, які яны назапасілі са свайго вопыту. Яны дзеляцца рэальнымі гісторыямі з жыцьця. Гэта, як правіла людзі, у якіх ня толькі бізнэс, але яшчэ і сям’я, і якія спрабуюць расказаць, як можна сумяшчаць. Ня трэба выбіраць паміж домам і працай, можна быць ня толькі мамай і гаспадыняй на кухні, можна сумяшчаць усё. Я вельмі рада быць часткай такой магутнай жаночай супольнасьці. І я была б рада, каб мне падаравалі патэльню.

«На Майдане дзяўчаты гатавалі ежу, а мужчыны займаліся складанай фізычнай працай»

Кацярына Шуст
Кацярына Шуст

Кацярына Шуст: Любы падарунак вельмі залежыць ад кантэксту. Калі гэтая сустрэча была пра пасьпяховасьць і ўласны бізнэс, мне падаецца, што патэльня — можа і ня крыўдны, але дакладна недарэчны падарунак. На маю думку, больш лягічна было б падарыць нешта, зьвязанае з тэмай сустрэчы. Калі гэта бізнэс, то добрую кнігу пра бізнэс. А патэльня — гэта ўсё ж сымбаль кухні як такой. У традыцыйным грамадзтве склаўся стэрэатып, што месца жанчыны — на кухні. Магчыма таму гэта было ўспрынята нэгатыўна многімі — хтосьці сьмяяўся, хтосьці абураўся.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Побытавыя стэрэатыпы маюць пад сабой пэўныя гістарычныя рэаліі, у якіх яны складаліся. Доўгі час сапраўды існаваў гендэрны падзел працы. Я сама апынулася ў такой сытуацыі ў 2014-м годзе на Майдане. Натуральна, я не разьбірала брукаванку, гэтым займаўся мой хлопец. Дзяўчаты гатавалі ежу, а мужчыны займаліся складанай фізычнай працай, і ніякіх крыўдаў на гендэрную няроўнасьць у тых умовах не было. Але звычайна мы жывем ва ўмовах міру, а не вайны, і хочацца жыць без такіх абмежаваньняў і стэрэатыпаў. Ня думаю, што я пакрыўдзілася б, калі б атрымала такі падарунак, але б дакладна зьдзівілася. Калі б я ішла на сустрэчу, прысьвечаную таму, як дасягнуць посьпеху ў бізнэсе, як распачаць сваю справу, я б больш разьлічвала на нейкі іншы падарунак.

«Гэта зараз самая папулярная патэльня ў краіне»

Ганна Соўсь: Натальля, а якія яшчэ падарункі на жаночых самітах можна атрымаць? Што вам падалося несправядлівым у дыскусіях вакол патэльнагейту?

Натальля Берташ: Дзяўчаты! Як маркетоляг і арганізатарка вялізарнай колькасьці мерапрыемстваў, я скажу, што ўсе падарункі абумоўленыя тым, хто партнэр мерапрыемства. Калі б быў партнэрам была касмэтычная кампанія, гэта былі б касмэтычныя наборы. Калі б гэта быў вытворца абутку, гэта былі б туфлі. У дадзеным выпадку саміт падтрымалі «Белінвестбанк» і вытворца выдатных беларускіх патэльняў, таму такія былі і падарункі. Гэта нармальная сытуацыя. Трэба выканаць абавязкі перад партнэрамі, паказаць іх прадукцыю, і адпаведна зрабіць людзям прыемна. Ніхто ніколі асабліва не выбірае падарункаў, кнігу ці яшчэ штосьці. Ніхто ня думаў: «О, давайце падаруем дзяўчатам патэльні». Падтрымліваючы жаночы саміт, брэнд зрабіў слушныя крокі, бо ён разумее стратэгію і мэтавую аўдыторыю. Гэта ня танная патэльня. І брэнду пашанцавала, што вакол гэтага ўсё так разгарнулася, таму што, напэўна, цяпер гэта самая папулярная патэльня ў краіне. І нават я пайду сабе такую патэльню куплю.

#тыможешьбольшечемсковорода

Алена Яскевіч: Маю ўвагу прыцягнуў хэштэг #тыможешьбольшечемсковорода. Былі забаўныя, прыгожыя і сьмелыя фатаграфіі і допісы. Я ведаю многіх з гэтых жанчын, ведаю, што іх рэальныя дасягненьні ў жыцьці большыя, чым патэльня ці нешта. Аднак чула, што ёсьць крайне нэгатыўныя і нават радыкальныя водгукі. Мне хочацца верыць, што мы можам жыць без вайны. Думаю, што трэба сапраўды сыходзіць ад спрэчак у тыя моманты, калі мы можам падтрымліваць адзін аднаго, быць карыснымі адзін аднаму. Хочацца размаўляць і дамаўляцца, каб справы, якія робяцца, прыносілі больш карысьці і больш сэнсу.

«Калі муж і жонка вырашаюць пасьпяхова рэалізавацца ў бізнэсе, то паўстае пытаньне, хто будзе займацца сям’ёй»

Ганна Соўсь: Алена казала, што на жаночых самітах дапамагаюць навучыць, як найлепш спалучаць сям’ю і кар’еру. Падчас дыскусій многія зьвярталі ўвагу на тое, што на сайце ўдзельніц жаночых самітаў прадстаўлялі паводле колькасьці дзяцей, а не па прафэсійных прыкметах. Тады, калі б гэта быў мужчынскі саміт, то наўрад ці было б такое. Чаму з вашага пункту гледжаньня, гэтага недастаткова?

Ірына Саламаціна: У нас жанчыны, як і за савецкім часам (я ўзгадваю мультфільм 20-х гадоў «Грозный Вавила и тетка Арина»), пасьпяваюць усюды — і на працы, і абслугоўваюць сям’ю. Тут ёсьць эканамічны момант. Уся сямейная праца — гатаваньне ежы любімым дзецям і мужу ды іншае — вельмі неабходная, але яна нікім не аплачваецца. І калі муж і жонка вырашаюць пасьпяхова рэалізавацца ў бізнэсе, то паўстае пытаньне, хто будзе займацца сямʼёй. Калі ў сям’і дастаткова грошай, можна наняць няньку. Можна гэта ўсё дэлегаваць бабулі. А калі бабулі няма? Калі жанчына хоча пасьпяхова рэалізавацца ў бізнэсе, то для яе гэта істотнае пытаньне.

​Мяне вельмі зацікавіла сьпікерка на жаночым саміце Аксана Цялегіна. Ёй 51 год, яна замужам, мае 5 дзяцей, у яе ёсьць прадпрыемства, на якім працуе 80 чалавек. І яна на сваёй вытворчасьці стварыла імправізаваны дзіцячы сад. І ў маім фэйсбуку разгарэлася вялікая дыскусія, у якой мужчыны-бізнэсоўцы пісалі, што, як яна магла гэты садок не арганізаваць, інакш бы яе бізнэс проста накрыўся. Мы можам многа гаварыць пра чыста гіпатэтычны балянс. Але ўключэньне жанчын у бізнэс у Беларусі адбываецца ня проста, таму што няма стымуляваньня жаночага прадпрымальніцтва, у тым ліку няма дзяржаўнай сацыяльнай падушкі бясьпекі. Апошнія дасьледаваньні таго, як адчуваюць сябе жанчыны ў малым і сярэднім бізнэсе ў Беларусі, паказваюць, што ў цэлым сем’і не падтрымліваюць жанчыну.

Ілюстрацыйная карцінка.
Ілюстрацыйная карцінка.

Такія саміты на самай справе запатрабаваныя. Трэба разумець, што гэта — камэрцыйнае мерапрыемства, і пахвальныя амбіцыі арганізатараў. Безумоўна, я вельмі добра разумею гісторыю з партнэрскімі адносінамі, і чаму на жаночым саміце менавіта вытворца патэльняў зацікаўлены.

«На добрых канфэрэнцыях ці бізнэс-самітах прынята дарыць гаджэты»

Кацярына Шуст: Ня ведаю, якім чынам шукаліся спонсары для мерапрыемства, але было агучана, што быў і другі спонсар, бізнэс-структура, банк. Магчыма, была магчымасьць іншага, нэўтральнага падарунку, які б больш сымбалізаваў бізнэс. На добрых канфэрэнцыях ці бізнэс-самітах прынята дарыць гаджэты, пляншэт ці мабільны тэлефон, тое, што натхняла б і далей разьвіваць уласную справу. А патэльня можа натхніць прыгатаваць смачную вячэру, і толькі ў крайнім выпадку заснаваць сваю кампанію па вырабу гэткіх патэльняў.

Я зьвярнула ўвагу, што працяг гэтай гісторыі ў самога мужа атрымаўся наступны — менавіта ён карыстаецца патэльняй, а ня жонка. Гэта паказвае, што ў гэтага мужчыны ёсьць ня толькі пачуцьцё гумару, але ён і не цураецца гатаваць на кухні. І магчыма, у іх сям’і зусім па-іншаму падзелены хатнія абавязкі, ня так, як традыцыйна прынята. Магчыма, мужчына гатуе, а жанчына сапраўды займаецца нейкім бізнэсам. Такіх сем’яў усё больш, і гэта на справе спрыяе дасягненьню гендэрнага балянсу, калі жанчыны займаюцца тым, што ім цікава. І мужчыны могуць займацца тым, што ім цікава, без абмежаваньняў і стэрэатыпных поглядаў.

«Гэта заўсёды вялікая ўдача для добрага піяршчыка»

Ганна Соўсь: У свой час была бурная дыскусія вакол пэўнай рэклямы маркі вядомай фірмы Mark Formelle, якую абвінавацілі ў сэксізме. Пасьля кампанія падтрымала грашыма прытулак «Радзіслава» для жанчын, ахвяраў хатняга гвалту, і, падаецца, больш не выкарыстоўвала рэклямы, за якую крытыкавалі. У выніку яна стала яшчэ больш папулярнай. Натальля, як вы мяркуеце, у справе з жаночымі самітамі Сьвятланы Зэрэ можа падобная рэч адбыцца?

Натальля Берташ: Ёсьць такое паняцьце «сытуатыўны маркетынг» або «сытуатыўны піяр». Гэта ўменьне рэагаваць на нейкія рэчы, якія адбываюцца па-за вашай воляй. Нешта не прадбачылі, як у выпадку з Mark Formelle, яны не чакалі яўна такой рэакцыі. Ці ў дадзеным выпадку. Гэта заўсёды вялікая ўдача для добрага піяршчыка, маркетоляга. Я нагадаю інтэрвію з Іванам Айплатавым, які сказаў, што жанчына павінна падавацца дурай і не займацца палітыкай. Гэта таксама выклікала вельмі бурнае абмеркаваньне, калі ён у той час быў дызайнэрам вядомага беларускага брэнда. У дадзеным выпадку для Сьвятланы Зэрэ і для мерапрыемства, якое яна робіць разам з камандай, гэта вельмі вялікая ўдача. Яны вельмі слушна і прыгожа гэтую сытуацыю апрацавалі. Гэта вельмі добра адабʼецца на продажы квіткоў і на пазнавальнасьці самога мерапрыемства.

Ганна Соўсь: Натальля, а ці пачулі ўсё ж арганізатаркі тыя заўвагі, што, магчыма, гэта быў ня самы дарэчны сымбаль?

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Натальля Берташ: Я з гэтымі заўвагамі абсалютна ня згодная. Гэта жаданьне зрабіць чалавеку прыемна, і ня трэба прыцягваць за вушы прэтэнзіі, што вы тут жанчын нейкім чынам прынізілі. Мы абодва, і я, і мой муж, прымалі ўдзел у гэтым флэшмобе, і ўсе мае сябры. У нас у сямʼі наогул толькі муж гатуе... Я кажу пра сваё атачэньне і пра той сьвет, у якім я жыву. Магчыма гэта ў мяне выклікае неразуменьне, бо я ніколі не сутыкалася з праблемамі, якія адбываюцца праз гэтыя няправільныя каштоўнасьці зь сямейным гвалтам, з непавагай, з такімі рэчамі, якія, наколькі я разумею, і зьяўляюцца вынікам няслушнага гендэрнага стаўленьня да жанчыны.

Ёсьць такое паняцьце, як «шкляная столь», але я — такі чалавек, што мяне тут закрыюць, я туды пайду. Гэта асаблівасьць характару. Мне наадварот здаецца, што ў мяне ўсё і атрымліваецца, таму што я жанчына. Я рада, што я жанчына, і магу нейкія іншыя інструмэнты выкарыстоўваць — гнуткасьць розуму, характару і гэтак далей.

«Жанчына павінна заставацца найперш жанчынай»

Ганна Соўсь: У свой час Лідзія Ярмошына спарадзіла «жанчына павінна варыць боршч» як сымбаль патрыярхату. Хаця і ў апазыцыйных колах часта такія ж самыя пасажы сустрэнеш. Нядаўна дэпутатцы Алене Анісім прапанавалі вязаць на сьпіцах, а не вылучацца ў прэзыдэнты. Якія сымбалі яскрава характарызуюць патрыярхальныя каштоўнасьці? Боршч, напэўна патэльня... А ці ёсьць сымбалі гендэрнай роўнасьці?

Натальля Берташ: Для мяне няма такога сымбаля незалежнасьці. Я, можа, хачу часам пазалежыць ад каго-небудзь. Сёньня я — бізнэс-лэдзі, якая прабіваецца, многа працуе, а заўтра я наогул нічога не хачу рабіць. Кожны чалавек павінен для сябе вырашаць, якая пазыцыя яму камфортная. Жанчына павінна заставацца найперш жанчынай, а для кожнага гэтае сваё паняцьце.

«Мы ніяк не можам сысьці ад гэтай пліты»

Ірына Саламаціна: Мы ўвесь час балянсуем паміж нейкай прыватнай прасторай і публічнай. Чаму я ўвесь час успамінала савецкі час, таму што мы ніяк не можам сысьці ад гэтай пліты. У публічнай прасторы людзі зарабляюць грошы, у прыватнай прасторы абслугоўваюць, займацца бясплатнай працай. Для мяне актуальны лёзунг 8-га сакавіка — «не продавайся за цветы, завтра станешь у плиты». Гэта пра ўсталяваную на постсавецкай прасторы традыцыю святкаваньня 8 сакавіка і страту палітычнага сэнсу гэтага свята. Гэта значыць, у нас толькі адзін раз на год жанчыну вызваляюць ад гатаваньня. І атрымліваецца, што да гэтага часу актуальнае пасланьне 20-х — вызвалім жанчын ад «кухоннага рабства».

Я была на Міжнародным эканамічным форуме ў Менску, і там не было ніводнай прадстаўніцы бізнэсу. Былі тры іншаземкі, якія займалі топ-пазыцыі, але ніводнай беларускі. То бок мясцовае бізнэс-асяродзьдзе на свой вялікі саміт, які ня першы год праходзіць у Беларусі, нікога з жанчын не паклікала. Было яшчэ цікавае мерапрыемства, форум Фэмінамінал, якое праводзілі прадстаўнікі ЭЗ. На ім прадстаўнікі банку, мужчыны, расказвалі, што ў іх банку працуюць жанчыны-спэцыялісткі, якія пасьля працы едуць у супэрмаркет, купляюць ежу і назад. Я ня вытрымала і спытала спікера, а вы самі так робіце, ці ёсьць у вас на топ-пазыцыях мужчыны, якія робяць тое самае? Трэба не супрацьпастаўляць гэтую працу, а паказаць, што дэлегаваньне адзін аднаму зараз жыцьцёва неабходнае.

Калі жанчына вырашыла ўдзельнічаць у бізнэсе, ёй трэба абавязкова дамаўляцца з мужам аб роўным разьмеркаваньні хатніх абавязкаў, але пра гэта ніхто публічна не гаворыць, на ніводным саміце. Зь іншага боку гэтая дыскусія паказала, што такая адчувальнасьць ужо выпрацоўваецца, і, на жаль, больш у мужчын, чым у жанчын, бо дыскусію распачаў муж удзельніцы.

Алена Яскевіч: Для мяне гендэрную роўнасьць сымбалізуе безумоўная любоў, зь якой людзі могуць адзін да аднаго ставіцца, калі яны выбіраюць роўнасьць. А пра патрыярхальны сымбаль я ня думаю. Калі чалавек цэласны і свабодны, то ў яго ў галаве менш шаблёнаў, а больш варыянтаў пазытыўнага мысьленьня. Я шчыра запрашаю Ірыну да нас на саміты, каб яна паслухала пра тое, колькі варыянтаў існуе для таго, каб дагаварыцца са сваім мужчынам, са сваімі суседзямі, сяброўкамі, і разьмеркаваць абавязкі з работніцамі, памочніцамі, з нянькамі, зь кім заўгодна. І адкрыць дзіцячы садок пры вытворчасьці, калі гэта трэба для справы. Ёсьць шмат годных жанчын, я спадзяюся, на эканамічным форуме яны будуць у наступным годзе, і на ўсіх астатніх таксама. Жанчыны зараз актыўныя.

«Сымбаль патрыярхату — найперш хіджаб»

Кацярына Шуст: У краінах Захаду на юрыдычным узроўні ў асноўным гендэрная роўнасьць дасягнутая. А калі казаць пра мусульманскія краіны, там становішча жанчын вельмі жахлівае. І калі ў мяне запытваюць пра сымбаль патрыярхату, то найперш у галаву прыходзіць хіджаб. І вельмі дзіўна, што гэтая жаночая вопратка, якая сымбалізуе прымус і несвабоду, так радасна вітаецца ў эўрапейскіх краінах, дзе нават адзначаецца дзень хіджабу.

Згадкі пра баршчы і сьпіцы, канешне, ня вельмі прыемныя, але яны ні ў якое параўнаньне не ідуць з тым, з чым даводзіцца сутыкацца жанчынам у мусульманскім сьвеце. Што да сымбаляў гендэрнай роўнасьці, я таксама хацела сказаць пра каханьне. Але калі гэтая вэрсія прагучала, буду крыху арыгінальнай і скажу, што жанчыны вельмі часта самі не выкарыстоўваюць тыя магчымасьці, якія могуць пазбавіць іх ад кухоннага рабства. І калі казаць пра гендэрную роўнасьць, то сучасная кухонная тэхніка — цудоўны яе сымбаль. Гэта посудамыйныя, пральныя машыны, мультываркі, уся тэхніка, якая значна паляпшае чалавечае жыцьцё, тым больш, усё роўна, хто ёй будзе карыстацца, мужчына ці жанчына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG